Чым вас, каляжаначкі, парадаваць?

Грамадства Нумары

22Звычайна 8 Сакавіка пачынаецца ў нас на дзень раней. А менавіта, з віншаванняў у працоўных калектывах у перадсвяточны  дзень. Гэтыя калектыўныя словы мужчын-калег распальваюць агеньчык свята, якое абавязкова працягнецца дома, у нефармальнай абстаноўцы, сярод блізкіх, каханых, сяброў…

Дык як, з чаго пачынаецца свята 8 Сакавіка? Гэтае пытанне мы задалі прадстаўнікам моцнай паловы раёна, якія працуюць у розных сферах народнай гаспадаркі. Вось што яны адказалі.

Анатоль Пазняк, аператар электроннага набору і вёрсткі Стаўбцоўскай узбуйненай друкарні: 

– Жанчыны складаюць большую палову нашага невялікага калектыву, у ім толькі чацвёра мужчын, таму ўсе мы – навідавоку. Як будзем віншаваць  жаночую палову калектыву? Галоўны ініцыятар у нас – дырэктар. Мне, паколькі завочна займаюся ў Баранавіцкім тэхналагічным каледжы, летась трэба было ў гэты час на сесію. Калі не магу асабіста, тады віншую сваіх каляжанак па тэлефоне. А так, безумоўна, будзем гаварыць ім цёплыя словы, дарыць невялікія падарункі. Жанчыны любяць кветкі. Я працую ў друкарні ўжо чацвёрты год. Кожны раз з кветкамі стараемся эксперыментаваць – выбіраем штосьці новае, каб быць і самім цікавымі. Мужчыны, як правіла, накрываюць для жанчын салодкі стол. Нашым жанчынам я вельмі ўдзячны – яны ўмеюць падбадзёрыць, падтрымаць мяне, маладога. Кахання ім і заставацца заўсёды маладымі!         

Дзмітрый Дорах, памочнік ляснічага Старынскага лясніцтва:

– У лясніцтве ў нас мужчынскі калектыў, каля 30 чалавек. Сярод іх толькі адна жанчына – бухгалтар  Яніна Іосіфаўна Калодзінская. Я ў лясніцтве толькі 11 месяцаў,  да гэтага быў студэнтам Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта. Сёлетняе 8 Сакавіка – першае на маім рабочым месцы, – але, думаю, што павіншуем Яніну Іосіфаўну прыгожа.  Ва ўніверсітэце мы таксама віншавалі  дзяўчат з групы. Нас было прыкладна 50 на 50. Было ўсё проста, нічога асаблівага:  дарылі сувеніры на памяць, самы смелы з нас віншаваў… Цяпер я жыву з бацькамі, у вёсцы Дразды. Буду віншаваць з 8 Сакавіка маму, бабулю, сясцёр. Праўда, стрыечных, бо ў нашай сям’і мы ўдвух з братам. Ён, дарэчы, таксама вучыцца на лесагаспадарчым факультэце, на чацвёртым курсе. Калі будзе ўсё добра, створым з братам лясную дынастыю. Пакуль мне ўсё падабаецца, я вельмі рады, што прыехаў працаваць на сваю Стаўбцоўшчыну.         

Віктар Лісоўскі, інспектар інспекцыі нагляду і прафілактыкі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях:

– У нас працуюць тры жанчыны, а мужчын – нашмат больш. Завуць маіх каляжанак – Таццяна Тарасевіч, Людміла Ганісеўская, Юлія Дзягель. З імі працую пасля інстытута паўтара года. Падорым кветкі. Якое свята без кветак? У пятніцу, у канцы рабочага дня, збяромся ўсім калектывам у кабінеце начальніка і скажам нашым жанчынам прыемныя словы, якія, магчыма, забываем гаварыць у іншыя дні… Маральна рыхтуемся да гэтага. Арганізуем для іх салодкі стол. Жанчыны ў дзень 8 Сакавіка атрымаюць і яшчэ адзін падарунак – у выглядзе свабоднага ад дзяжурстваў дня. У такое свята ім трэба быць сярод сваіх блізкіх, каханых, а служба – за мужчынамі.

Віншаваць буду маму, якая жыве ў Дзераўной, сястру, каханую дзяўчыну. Кожнай набыў падарунак – тое, што ім хацелася б мець. Задоўга да свята даведваўся пра гэта, задаваў навадныя пытанні. Сродкаў не пашкадаваў, бо 8 Сакавіка бывае раз у год.

Сяргей Дубінец, дырэктар Рубяжэвіцкай сярэдняй школы:

– Будзе, як заўсёды, цёплае віншаванне і падарункі – невялікія сувеніры. Жанчыны віншавалі нас з Днём абаронцаў Айчыны. Атрымліваецца, мы як бы іх даўжнікі. У нашай школе працуюць 26 жанчын і 8 мужчын. У Рубяжэвіцкай школе я працую першы год, да гэтага працаваў у іншай школе. Сваіх каляжанак мы віншавалі па-рознаму – і вершамі, і прозай. Калі самі вершаў не пішам, дык прыгожыя радкі ёсць у нашых паэтаў-землякоў. У школы ёсць свой сайт, таму агульнае віншаванне жанчынам нашай школы, а таксама каляжанкам з іншых школ раёна абавязкова выкладзем там. Хочацца зрабіць усё як найлепш – арыгінальна, далікатна, з гумарам. На жаль, на падрыхтоўку да свята не заўсёды стае патрэбнага часу. Урокі, пазаўрочныя заняткі…У кагосьці з настаўнікаў гэты дзень – метадычны. Але будзе весела.

Сяргей Есіс, спецыяліст Стаўбцоўскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва:

– Сацыяльная сфера раёна – амаль выключна з жаночым тварам. Побач са мною працуюць 27 жанчын. Нас, мужчын, засталося толькі двое – я і вадзіцель. У любым выпадку мне прыходзіцца прыдумваць штосьці неардынарнае за сябе і «того парня».  У гэтым годзе хочацца асабліва парадаваць нашых каляжанак, стварыць ім неверагодны настрой, выклікаць здзіўленне. Напярэдадні, 6-га сакавіка, мы плануем запрасіць іх на вечар адпачынку.  А 7-га сакавіка наладзім віншаванне непасрэдна ў цэнтры, каб кожная  супрацоўніца адчула сябе жанчынай – прыгожай, каханай, творчай, запатрабаванай. Усім жанчынам цэнтра і нашай Стаўбцоўшчыны хачу пажадаць, каб  гэтай вясной у вашых душах  цвілі кветкі радасці, спявалі птушкі маладосці і ўдачы!

Гутарыла Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *