26 красавіка – Дзень чарнобыльскай трагедыі. Рэйсы па хойніцкай зямлі

Нумары Соцыум

250418e

Стаўбчаніну Івану Ермаку давялося пабываць у чарнобыльскай зоне двойчы. Ён – прафесійны вадзіцель, які ўнёс значны ўклад у ліквідацыю наступстваў аварыі на ЧАЭС.

У 1986-м, калі на атамнай станцыі здарыўся выбух, Іван Віктаравіч працаваў у райсельгасхіміі. Ад гэтай арганізацыі ён і трапіў у Хойніцкі раён, акурат у 30-кіламетровую зону, якая падлягала адсяленню. «Вывозілі забруджаны грунт. Дастаўлялі даламіт, цэмент, – прыгадвае Іван Ермак тыя хойніцкія рэйсы. – Стаяў жнівень, а нават птушак не было відаць. Сабакі здзічэлі. Навокал усё збуяла. Кукуруза выцягнулася пад два метры… Прыйшлося «кіраўцам» прабіваць дарогу…»

Вахта на Хойніччыне доўжылася для яго 15 дзён. А ў 1987 годзе на ліквідацыю наступстваў аварыі накіраваў яго райваенкамат. На паўгода.

– Працавалі на Магілёўшчыне, у Краснапольскім раёне, – гаворыць Іван Віктаравіч. – Са Стаўбцоўшчыны нас была цэлая вадзіцельская брыгада – вадзіцелі з райсельгасхіміі, аўтапарка. Адзін з іх, Анатоль Жданаў, цяпер працуе на філіяле маторнага завода. З Панкратавым ужо даўно не бачыліся, – дадае мой суразмоўца.

Ад чарнобыльскай аварыі прайшло больш за тры дзясяткі гадоў, а дружба, знаёмствы, якія завязаліся на зямлі, пасыпанай радыяцыйным попелам, нікуды не дзеліся. Месца працы змяніў і Іван Ермак. Апошнія дзесяць гадоў у яго больш чым саракагадовым працоўным стажы звязаны не з райсельгасхіміяй-райсельгастэхнікай, а з ПМК-233. Як перайшоў у гэтую арганізацыю, адразу атрымаў новы аўтамабіль МАЗ. «Даверылі новую тэхніку, бо ведалі мяне па ранейшым месцы працы. Там у мяне быў КамАЗ з прычэпам», – удакладняе бывалы вадзіцель, які без тэхнікі не ўяўляе сваё жыццё. Падтрымлівае яе ў рабочым стане і, пры неабходнасці, сам рамантуе. За рулём яму камфортна, хоць і вырас на зямлі, у Савонях. Працуе ўвесь час адказна, безаварыйна. Сёння ён калясіць па аб’ектах раёна і за яго межамі.

Менавіта на адным з аб’ектаў ПМК мы і сустрэліся з Іванам Ермаком. Гутарылі столькі, колькі яго МАЗ стаяў пад загрузкай. Больш нельга, таму што будзе прастойваць кран, рабочыя застануцца без работы.      

– Як здароўе? – задаю галоўнае пытанне.

– Адпаведна ўзросту. Мне было шэсцьдзесят, але я яшчэ не на пенсіі, – адказвае ліквідатар. – У бальніцы штогод праходжу «чарнобыльскую» камісію. Праблемы са здароўем ёсць, але хто ведае, ад чаго яны? Радыяцыя ж нябачная, ды і хто пра яе тады думаў? Было такое, што ў машыну дазіметр тыкнуць, а ён – зашкальвае… Ільгот, на жаль, у нас цяпер не засталося.  

– Хочацца верыць у лепшае. Ёсць радасць у жыцці?

– Радасць – ва ўнуках. Унучка Настачка ходзіць у дзіцячы садок № 4. Унуку Ільюшу пайшоў трэці годзік. Двух сыноў маю. Дарэчы, жаніўся пасля таго, як вярнуўся з Чарнобыля. З унукамі любім чытаць казкі, а больш за ўсё падабаецца бываць разам на дачы, у Арцюхах. Садзім там усё ў агародзе, працуем…

Новая вясна нясе ў нашы сэрцы надзею на тое, што будуць на нашай зямлі мір і шчасце, любоў і дабрабыт, спеў птушак і дзіцячы гоман. У кожнай сям’і няхай будзе працяг роду і жыцця.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *