Пра карупцыю і не толькі

Нумары Соцыум

280418

На Стаўбцоўшчыне прайшоў чарговы дзень інфармавання. Удзел у ім прыняла начальнік аддзела па рабоце са сродкамі масавай інфармацыі галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мінскага аблвыканкама Святлана Кісель.

Адной з тэм дня інфармавання з’яўлялася пытанне сацыяльных ільгот і гарантый грамадзянам, якія пацярпелі ад катастрофы на ЧАЭС. Паколькі сустрэча праходзіла ў працоўных калектывах тэрытарыяльнага цэнтра і ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароны райвыканкама, работнікі якіх непасрэдна займаюцца выкананнем нарматыўных дакументаў у гэтым кірунку, то Святлана Кісель акцэнтавала сваю ўвагу і на другой актуальнай тэме дня інфармавання – барацьбе з карупцыяй.  

– Карупцыя – праблема, якая ўласціва ўсім краінам. 9-га снежня лічыцца Міжнародным днём па барацьбе з карупцыяй, – падкрэсліла Святлана Анатольеўна. – У Беларусі створаны механізмы дзяржаўнай антыкарупцыйнай палітыкі, накіраваныя на спыненне, прафілактыку гэтай негатыўнай з’явы і барацьбу з ёй. Сярод яе эканамічных наступстваў – змяншэнне паступленняў у бюджэт і яго аслабленне, неэфектыўнае выкарыстанне бюджэтных сродкаў пры выкананні дзяржзаказаў і т. п. 77 працэнтаў апытаных жыхароў рэспублікі, згодна з вынікамі даследавання, падрыхтаванага інфармацыйна-аналітычным цэнтрам пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, лічаць карупцыю недапушчальнай з’явай, 13 працэнтаў спаслаліся на тое, што такія выпадкі закранулі і іх блізкіх, 8 працэнтаў – на асабісты негатыўны вопыт.

У Беларусі рэалізуюцца праграмы па барацьбе са злачыннасцю і карупцыяй на 2017-2019 гады. На чале гэтай работы стаяць органы пракуратуры, унутраных спраў, дзяржаўнай бяспекі. У залежнасці ад наступстваў за карупцыю ўстаноўлена крымінальная, адміністрацыйная, дысцыплінарная і грамадзянска-прававая адказнасць. Крымінальнае заканадаўства прадугледжвае жорсткія санкцыі, у тым ліку да 15 гадоў пазбаўлення волі. Сярод карупцыйных злачынстваў пераважаюць хабары, дача хабару, факты злоўжывання службовым становішчам і бяздзеяння службовых асоб.

Намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Святлана Жыбуль адзначыла, што пракуратурай раёна ўдзяляецца вялікая ўвага пытанням барацьбы з карупцыяй на Стаўбцоўшчыне. Канкрэтная інфармацыя аб выяўленых карупцыйных злачынствах у раёне ў 2017 годзе змешчана на сайце райвыканкама ў раздзеле «Пракуратура». Відавочна, што большасць парушэнняў звязана з неналежным правядзеннем дзяржаўных закупак.

Дырэктар тэрытарыяльнага цэнтра Святлана Блашко расказала аб рабоце, якая праводзіцца ў даным кірунку ў працоўным калектыве. Так, дзейнічае камісія па барацьбе з карупцыяй. Распрацавана палажэнне аб карупцыі. «Усё накіравана на недапушчэнне карупцыйных праяў. Пракуратура нас і правярае, і вучыць адначасова», – зазначыла Святлана Блашко.

Падчас сустрэчы ўдзельнікам інфармацыйна-прапагандысцкай групы былі зададзены пытанні і выказаны пажаданні, у прыватнасці, адносна будаўніцтва ў Стоўбцах новай школы. Маўляў, дзеці займаюцца ў дзве змены, у класах – па 30 і больш вучняў. Пытанне гэтае сапраўды стаіць на парадку дня, але не з’яўляецца прыярытэтным. Летась інвестыцыі былі накіраваны на будаўніцтва дзіцячага сада на 230 месцаў. У гэтым годзе сродкі будуць укладвацца якраз у той будынак, дзе праходзіла сустрэча, – плануецца стварыць на свабодных плошчах былой воінскай часці ўмовы для творчага развіцця нашых дзяцей у вольны ад вучобы час. Выснова адна: наш раён адносіцца да ліку сельскагаспадарчых, таму, калі будзе развівацца сельская гаспадарка, то пэўны штуршок атрымае і бюджэт раёна.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *