Улада адказвае справай

Нумары Прамая лінія Соцыум

050518

На прамую тэлефонную лінію з кіраўніком раёна паступіў 21 званок. Падчас кожнага тэлефанавання агучана па два-тры пытанні. Усе праблемы людзей, якія можна было вырашыць аператыўна, – вырашаны. Па нявырашаных дадзены канкрэтныя даручэнні адпаведным структурам.

Жыхары раёна і горада ўзнімалі шмат пытанняў: наконт рамонту жылых дамоў і іх прыватызацыі, рамонту і асфальтавання дарог, набыцця зямельных участкаў і інш. Людзі звярталіся да старшыні райвыканкама не толькі са сваімі праблемамі. У прыватнасці, першы тэлефонны званок, які паступіў на прамую лінію, быў з Шашкоў. Жанчына ад імя жыхароў аграгарадка выказала словы падзякі Юрыю Горлаву за яго ўважлівыя адносіны да людзей, за дапамогу ў вырашэнні важных пытанняў. І адначасова выказала просьбу-пажаданне сваіх аднавяскоўцаў. У людзей, якія вырошчваюць авечак, ёсць воўна, але няма куды яе здаваць. Юрый Мікалаевіч паабяцаў, што гэтае пытанне будзе вывучана і жыхароў праінфармуюць аб тым, дзе апрацоўваецца воўна.

Жыхарка горада Стоўбцы расказала, што ў яе доме няма вады. Напісала заяву ў АКС аб падключэнні да водаправода. Прайшло шмат часу, а праблема засталася. Старшыня райвыканкама даручыў супрацоўнікам АКС выканаць просьбу жанчыны на працягу месяца.

Тэлефанаванні з дамоў № 9, 11 і 13 па вул. Міру ў Стоўбцах і з Тонава тычыліся адпаведна добраўпарадкавання фасадаў дамоў і рамонту дома, які знаходзіцца на балансе мясцовай гаспадаркі. Юрый Мікалаевіч даручыў на працягу месяца правесці экспертызу дома ў вёсцы Тонава, стварыць камісію і абследаваць умовы пражывання. А наконт фасадаў дамоў па вуліцы Міру растлумачана, што ўсё запланаванае ў тэрмін (да чэрвеня) будзе выканана.

Жыхары горада Стоўбцы (вул. Зялёная, вул. Камарова), вёсак Найдзёнавічы, Стары Свержань (вул. Камарова, вул. Перамогі), Задвор’е (вул. Зарэчная), Ахрэмавічы паднялі пытанне добраўпарадкавання дарог.

Жыхары вёскі Новы Свержань (вул. Румовая) звярнуліся да старшыні райвыканкама з просьбай аб дазволе пераносу кантэйнераў ЦБА ў іншае месца. Справа ў тым, што падчас паводкі ці непагадзі да пляцоўкі з кантэйнерамі не падысці, нават машына не можа пад’ехаць.

«На працягу тыдня праблема будзе вырашана», – запэўніў Юрый Мікалаевіч.

Жыхары вёскі Слабодка прасілі аказаць садзейнічанне ў правядзенні рамонтных работ у царкве.

Грамадзянін Е. са Стоўбцаў прасіў дапамогі ў вырашэнні пытання арганізацыі пешаходнай дарожкі паміж магазінам «Рыбалоў» і помнікам Ф. Дзяржынскаму.

Старшыня савета ветэранаў Старасвержанскага сельсавета У. Шчарбацэвіч паведаміў на прамую лінію аб непрыемным факце: на алеі, высаджанай да 70-годдзя вызвалення Беларусі, патрабуюць перасадкі каля 20 дубкоў. Справа па азеляненні праводзілася, але не даведзена да канца.

Пытанні наконт водазабеспячэння паступалі з вёсак Новы Свержань, Градкі. Жыхарка вёскі Літва скардзілася, што ў мясцовым таварыстве не прымаюць заявак на адпампоўванне каналізацыі. Старшыня райвыканкама даў даручэнне разабрацца з праблемамі і ўхіліць усе неадхопы кіраўніцтву АКС і ААТ «Рочавічы».

А вось жыхар Стоўбцаў закрануў вельмі цікавае пытанне: чаму індывідуальныя прадпрымальнікі ў касавых чэках на пакупку тавару прабіваюць толькі агульную суму? І прывёў прыклад, што прыемна пабываць у магазінах «Еўраопт», «Кумпячок», дзе ў чэку ўсё «празрыста»: тавар–цана–агульная сума. А як паводле заканадаўства?

На прамую лінію паступалі пытанні, якія насілі прыватны характар: набыцця зямельнага ўчастка, выпасу жывёлы, працаўладкавання.

Старшыня райвыканкама Юрый Горлаў уважліва выслухаў усіх заяўнікаў, даў канкрэтныя адказы і паабяцаў, што ўсе звароты на прамую лінію будуць разгледжаны ў межах заканадаўства.

Па заканчэнні прамой лініі Юрый Мікалаевіч падвёў вынік:

–             Дзякуючы актыўнай пазіцыі грамадзян, у тым ліку і на такіх прамых лініях, улада больш уважліва ўглядваецца ў праблемы і патрэбы насельніцтва. Мы лічымся з думкай кожнага жыхара раёна і ўсе сігналы абавязкова бяром на кантроль.

Нэлі АСТРЭЙКА, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *