Хрызантэмы для каханай

Моладзь Стаўбцоўшчыны Нумары

151-2Прыгожая і абаяльная. Любячая жонка і клапатлівая маці. Вясёлая і жартаўлівая сяброўка. Добрая гаспадыня і шчырая руплівіца. І гэта не звычайная чарада простых сказаў  – такая яна на самой справе. У Людмілы, а калі карацей – Мілы, і сугучнае для яе імя прозвішча – Мілаванава, якое так дапасуе ёй. Людміла Аляксандраўна звычайная вясковая жанчына, і прафесія ў яе самая распаўсюджаная на сяле –  аператар машыннага даення на малочнатаварнай ферме ААТ «Жацерава». Нехта скажа, маўляў, ёй бы ў конкурсе прыгажунь прымаць удзел, бо цалкам верагодна заваяваць званне першай “міс». І будзе па-свойму правы. Але пакуль Людміла Мілаванава спаборнічае за званне лепшай у сваёй прафесіі. Хоць і стаж мае невялікі, а па выніках работы за мінулы год атрымала даволі высокі паказчык – надаіла ў сярэднім ад кожнай каровы па 8372 кілаграмы малака і стала лідарам у сваёй гаспадарцы. Аднак уступіла ў раённым спаборніцтве больш масцітым каляжанкам з іншых таварыстваў. Сёлета справы ў Людмілы Аляксандраўны таксама ладзяцца. Ёсць жаданне павялічыць вынік,  таму яе яшчэ чакаюць наперадзе важкія працоўныя перамогі.

 Каб жыць годна – трэба працаваць. З такім дэвізам жанчына ідзе па жыцці. Разам з мужам Віталіем, які поўнасцю падзяляе погляды суджанай. Яны – дзве палавінкі адзінага цэлага. Рупяцца побач, на адной ферме. Цяпер Віталій Валянцінавіч выконвае абавязкі брыгадзіра, а папярэдне працаваў слесарам. Па ўсіх пытаннях маладыя людзі маюць аднолькавую думку. Вырашылі выкупіць дом ва ўласнасць і ўжо сёння прыкладаюць намаганні, каб лепш яго добраўпарадкаваць. Нядаўна ўставілі новыя вокны, участак абгарадзілі плотам з металапрофілю. А папярэдне абставілі сваё сямейнае гняздзечка мэбляй і бытавой тэхнікай. Зрабілі ўсё так, каб і сыну  Захару было ўтульна. Хлопчыку чатыры годзікі, ён ходзіць у дзіцячы садок. Бацькі шмат часу ўдзяляюць малодшаму члену сям’і. Забаўляюць і, зразумела, балуюць, але, як сказала маці, у межах дазволенага.

Людміла літаральна зачаравала Віталія. І ў гэтым не прыходзіцца сумнявацца. На святы ён заўсёды дорыць ёй кветкі. Прывёз на дзень закаханых букет самых любімых – белых хрызантэм і торт «Ленінградскі». Увага і клопат мужчыны, пяшчотныя словы робяць жанчыну яшчэ прывабней. Людміла Аляксандраўна таксама імкнецца дагадзіць мужу. Яна любіць гатаваць і заўжды стараецца здзівіць яго новай стравай і пабалаваць салодзенькім: шлях жа да сэрца мужчыны ляжыць праз яго страўнік. І гэта ёй удаецца. Выпісвае часопіс «Хозяюшка», «Женскую газету», «Прамень», чэрпае розныя рэцэпты з іншых перыядычных выданняў. Галоўнае, каб у сям’і ўсё было добра, панавалі лад і згода.

Адзначаюць Мілаванавы ўсе святы звычайна дома. Не забываюць, аднак, наведацца і да маці Людмілы Аляксандраўны, якая жыве побач. Віталій Валянцінавіч цешчу паважае, ніколі не забывае ўважыць. І  8 Сакавіка без кветак і падарунка ніколі не прыходзіць. Сам ён родам з Украіны, таму сваю маці віншуе паштоўкай. А таксама цёплыя словы ўдзячнасці і любові выказвае роднаму і самаму дарагому  чалавеку па тэлефоне.

Надзея БАТАЛКА

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *