Думка прызыўнікоў. Чакае армейская школа

Моладзь Стаўбцоўшчыны Нумары

Гэтымі майскімі днямі, калі наша краіна адзначае Дзень Перамогі, атрымалі павесткі на тэрміновую службу прызыўнікі раёна. Наперадзе ў іх – адказная пара, перыяд сталення, асаблівая жыццёвая школа. Чаго яны ад яе чакаюць? З чым ідуць служыць? Як увогуле плануюць свой лёс? Пра гэта мы запыталіся ў саміх прызыўнікоў, з якімі сустрэліся ў райваенкамаце.

1k

Анатоль Бандаровіч, аграгарадок Заямнае

– Служыць буду ў паветрана-дэсантных войсках, у Віцебску. Так атрымалася, хоць хацелася б бліжэй да дома. Тата мой у свой час праходзіў службу на падводнай лодцы на Паўночным флоце. Ён мяне падтрымаў: «Трэба служыць, сынок!» Трэцяга мая адзначыў свой 19-ы дзень нараджэння. Думаю, што паўтара года праляцяць хутка. Пасля арміі хачу працягнуць вучобу. Закончыў Дзяржынскі ліцэй, атрымаў прафесіі вадзіцеля і слесара. Цяпер працую слесарам у аб’яднанні камунальных службаў. З дзяцінства цягнула да тэхнікі. Люблю не толькі ездзіць, а і круціць гайкі, рамантаваць. Усё пачалося з майго першага мапеда. Матацыклы ў мяне былі. Аўтамабіль прадаў, каб не стаяў без справы. Калі трэба што парамантаваць, не адмаўляю ў дапамозе сябрам. Праводзіць вольны час за камп’ютарам, як робіць большасць маіх равеснікаў, – гэта не маё. Дапамагаю бацькам на агародзе. Буду падтрымліваць сувязь з імі, з сябрамі.

2k

Сяргей Кляпенін, вёска Старына  

– Буду пагранічнікам. Месца службы – Гомель. Іду служыць з жаданнем. Зрок крыху падвёў, а так усё нармальна. Мой бацька таксама служыў. Ён працуе на торфабрыкетным заводзе, матуля – у ААТ «Шашкі». І я апошнія паўтара месяца таксама працую ў гэтай гаспадарцы. Пераразмеркаваўся, бо адразу пасля Беларускага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага ўніверсітэта быў накіраваны ў Віцебскую вобласць. Калектыў сустрэў нармальна. Раней я ў гэтым таварыстве і практыку праходзіў. Тут працуюць чацвёра маладых спецыялістаў. Завяршылі сяўбу. Паколькі я інжынер па эксплуатацыі, то задаволены тым, што не было сур’ёзных затрымак з-за тэхнікі. Тэхніка – маё хобі. Калі дазваляе час, займаюся футболам, валейболам. Дружу з дзяўчынай. У планах – стварыць сям’ю, пабудаваць свой дом. Участак узялі ў Стоўбцах, у мікрараёне Паўночны. Хацеў бы і яшчэ адну вышэйшую адукацыю атрымаць, каб быць запатрабаваным.

3k

Павел Дошчачка, аграгарадок Налібакі

– Цікава жыць і адкрываць новыя магчымасці. Думаю, служба ва ўнутраных войсках мне ў гэтым дапаможа. Такая прапанова ад ваенкамата невыпадковая – ва ўнутраных войсках служыў некалі і мой тата. Старэйшы брат праходзіў службу ў войсках сувязі. Яшчэ ў мяне ёсць сястра. У нашай сям’і ўсе трое дзяцей закончылі адну ВНУ – Беларускі дзяржаўны аграрна-тэхнічны ўніверсітэт. У кожнага, праўда, свая спецыяльнасць. Я адвучыўся на тэхнолага харчовай прамысловасці і накіраваны на Слуцкі сыраробчы камбінат. Прадпрыемства вялікае, каля 600 работнікаў, мае шмат філіялаў. У арміі, магчыма, буду вадзіцелем (маю катэгорыю «В» і вопыт ваджэння). Планую адкрыць катэгорыю «С». Калі прапануюць, магу застацца на кантрактную службу. У школе была мара – стаць выратавальнікам. Маю другі дарослы разрад па настольным тэнісе, для сябе займаюся футболам, валейболам. Па сілавых відах спорту выступаў за ўніверсітэт.

4k

Эдуард Касцюкевіч, горад Стоўбцы

– У бліжэйшыя паўтара года буду служыць. Прапанавалі ўнутраныя войскі. Я не супраць. Адслужу і, магчыма, застануся на кантрактную службу. Буду паступаць. Хачу атрымаць юрыдычную адукацыю. І матуля настройвае вучыцца. Яна для мяне многа значыць, а я, адзіны сын, – для яе. Стараюся дапамагаць ёй па доме, не хваляваць. Дарыць натхненне для новых вершаў. Матуля мне сказала: «Як я без цябе буду гэтыя паўтара года?!.» Яшчэ ў мяне ў Стоўбцах ёсць дзядуля з бабуляй. Люблю іх і паважаю. Яны за мяне таксама хвалююцца, перажываюць. Ва ўсім дапамагаюць, падтрымліваюць. Не хачу нікога падвесці, таму буду дысцыплінаваным воінам. На даны момант працую аператарам лініі на Стаўбцоўскім філіяле Гарадзейскага цукровага камбіната. Такую спецыяльнасць атрымаў у Слуцкім дзяржаўным каледжы. Практыку праходзіў у Баранавічах, а працаваць прыехаў дадому.

5k

Ілья Кісель, горад Стоўбцы

– Ведаю, што пайду служыць у спецназ, у Мар’іну Горку. Але заўтра ў мяне – абарона дыплома. Заканчваю Навагрудскі дзяржаўны аграрны каледж. Атрымаю спецыяльнасць тэхніка-будаўніка, як і раіла мне матуля. Яна ў мяне – маляр–тынкоўшчык, працуе ў ПМК. Тата – муляр, працуе ў будаўнічай брыгадзе райспажыўтаварыства. Хросная маці – таксама будаўнік. Пасля атрымання дыплома мне хацелася б папрацаваць. Будаўнікі запатрабаваныя, ды і я ўсяму навучыўся: рабіць кладку, тынкаваць, шпакляваць, фарбаваць, плітку ўмею класці. У каледжы была тэорыя з практыкай, але і дома навукі заўсёды хапала. Жывём ва ўласным доме, таму пастаянна з бацькамі робім рамонты. Яны ганарацца, што іх старэйшы сын трапіў у элітныя войскі. Майму малодшаму брату толькі чатыры гады. Якія планы на жыццё?.. Пабудаваць дом, пасадзіць дрэва, стварыць сям’ю… Сябры ёсць, а дзяўчыны пакуль не маю. Гэтае пытанне вырашу пасля арміі. Карацей, буду працаваць. Так прывучылі бацькі.        

Гутарыла Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *