Дзеці вайны

Вялікай Перамозе прысвячаецца Людзі і лёсы Нумары

Дзень Перамогі – вялікае светлае свята! Але гэтае свята і са слязамі на вачах: слёзы маці па забітых сынах, удоў, якія не дачакаліся з вайны мужоў. А колькі нас, дзяцей вайны, засталося без бацькоў! Многа нас, хто толькі па фотаздымках знаёмыя з бацькам. Я ўспамінаю словы з песні: «Полыхали без грома закаты, не косил больше травы свинец. Из похода домой возвращались солдаты, только мой не вернулся отец». Мне было крыху больш за гадок, а сястры маёй – усяго тыдзень, калі пачалася вайна. Наш бацька, дырэктар школы Сяргей Канстанцінавіч Плеўскі, пайшоў на фронт. Маці з двума малымі на руках пакінула сяло, дзе мы нарадзіліся, і пайшла да бабулі ў Віцебскую вобласць…

Калі я вучылася ў Мінску, наведала мемарыяльны комплекс «Хатынь». Жалобныя гукі званоў як быццам галасілі па ахвярах і трагічных лёсах населеных пунктаў. Калі я падышла да фрагмента мемарыяла – сімвалічных могілак вёсак, то застыла ў жаху. Быццам убачыла полымя над роднай вёскай. На табліцы было пазначана: «Сяло Саломарэчча Заслаўскага раёна Мінскай вобласці». Тут мы нарадзіліся. Вёску спалілі гітлераўцы, наша дарагая мамачка выратавала нашы жыцці.

А сама матуля ўжо ў пачатку вайны аплаквала мужа – атрымала пахавальную. Але бацька тады яшчэ быў жывы. Полк, дзе ён ваяваў, пад Віцебскам, акружылі немцы. Мала хто жывым вырваўся з той мясарубкі. Сярод уцалелых быў і наш бацька, ён выйшаў у лясы пад Расонамі, дзе ствараліся партызанскія атрады. Недалёка, у іншай брыгадзе, ваяваў Пётр Машэраў.

Але ніхто не ведаў тады, што ў атрад пранік здраднік. Па заданні немцаў ён перадаваў звесткі аб партызанах. Потым здагадаліся, што па яго наводцы быў забіты камісар атрада. На яго месца прызначылі нашага бацьку – камуніста. Больш за год ён ваяваў у атрадзе.

Аднойчы бацька разам з групай партызанаў ішоў на чарговае заданне. Але немцы былі папярэджаны і ўстроілі засаду. Завязаўся няроўны бой. Бацька быў паранены, партызаны аднеслі яго ва ўкрыцце, і там здраднік пастараўся, каб камандзір не выжыў.

Аб гэтым стала вядома праз 25 гадоў. Зладзействы фашысцкага прыхвасня, які апынуўся далёка ў Сібіры, раскрылі, і яго напаткала справядлівае пакаранне. А ў Расонах, побач з музеем партызанскай славы, пахаваны два камісары.

Амаль у кожнай беларускай сям’і памятны свой герой. Гэта яны – тыя, хто загінуў, і тыя, каму выпала жыць, набліжалі Перамогу. Каб мы маглі жыць, вучыцца, працаваць у свабоднай Беларусі. Нізкі зямны паклон вам за гэта, дарагія ветэраны! І сёння мы, дзеці вайны, расказваем сваім ужо дарослым унукам пра ваш подзвіг. З наступаючым святам – Днём Перамогі!

Лілія ХАМКО, г. Стоўбцы



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *