Рэліквія Тамары Панкевіч

Людзі і лёсы Нумары Соцыум

080518b

З кожным годам нам усё цяжэй знайсці ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны для нарыса ў святочны нумар з нагоды вялікага Дня Перамогі. Ветэраны адыходзяць, і нават дзецям вайны сёння ўжо за восемдзесят.

Да стаўбчанкі Тамары Панкевіч мы едзем па просьбе яе ўнучкі Таццяны, якая працуе ў тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. І ўжо ведаем, што Тамара Эдуардаўна – чалавек з няпростым лёсам, якую кранулі ўсе трагічныя падзеі савецкай эпохі.

Сама яна родам са Смаленскай вобласці. У 1937 годзе яе напаткала першае цяжкае выпрабаванне – бацька, па нацыянальнасці латыш, родам з Рыгі, быў прызнаны палітычным ворагам і рэпрэсіраваны. Перад адыходам з дому ноччу ён падышоў да пасцелі і перахрысціў дзевяцігадовую Тамару. Больш яна яго ніколі не бачыла. Аднак яго благаславенне суправаджала і абараняла яе на працягу ўсяго доўгага жыцця: у пачатку сёлетняга мая Тамары Эдуардаўне споўнілася 90 гадоў!

Затым іх сям’ю застала яшчэ адна бяда – Другая сусветная вайна. Тамара Эдуардаўна ўспамінае, як яны, дзеці, збегліся паглядзець на немца ў машыне. І якое ж у іх было здзіўленне, калі ўбачылі, што фрыцы знешне такія ж самыя людзі. Гэта ў дзяцей пакінула вельмі моцнае ўражанне. Тамары было 13 гадоў, калі яна аказалася ў групе акупіраваных мірных жыхароў старадаўняга горада Драгабуша пад Смаленскам, якіх ворагі прымусова вывезлі ў Германію. Тамара Эдуардаўна ўспамінае, што маці ў дарогу не збірала шмат рэчаў, а вось ікону Спасіцеля, якой бацькі благаслаўлялі яе на шлюб, узяла. Гэты святы абраз на працягу ўсёй вайны яна прыціскала да грудзей падчас бамбёжак, іншых небяспечных абставін, горача малілася і заўсёды была пачутай Усявышнім. Тамара з маці аказаліся ў працоўным лагеры. У 14 гадоў дзяўчынцы прыйшлося працаваць на фрэзерным станку. Здарылася такая страшная непрадбачанасць: зляцела фрэза і параніла немца. Застацца ў жывых палоннай пасля такога было практычна немагчыма. Аднак малітва маці перад іконай і цяпер здзейсніла цуд. Знайшоўся чалавек, які моцна заступіўся за Тамару, і яна не была пакарана. У маі 1945 года вязняў вызвалілі амерыканцы. Маці паддалася настрою іншых прымусова вывезеных на Нямеччыну і хацела прыняць рашэнне паехаць у Амерыку. Тамара стала плакаць і прасіць яе вярнуцца дамоў. Маці ўступіла. На Смаленшчыне яны знайшлі адны руіны, спыніцца ім не было дзе. У Івацэвічах на Брэстчыне жыла стрыечная сятра маці, і яны накіраваліся ў Беларусь. Знайшлі тут прытулак, клопат і дапамогу. Побач з домам, дзе кватаравалі, жыў галоўны бухгалтар таварыства спажывецкай кааперацыі. Тамары прапанавалі заступіць на працу касірам у сельпо. Яна адмыслова выконвала сваю работу, скрупулёзна вяла справаздачнасць, яшчэ і бухгалтару дапамагала складаць рахункі. Так у яе, з адукацыяй чатыры класы пачатковай школы, пачалася «кар’ера» ў спажывецкай кааперацыі, якой яна прысвяціла 40 гадоў працоўнага жыццця.

У Івацэвічах на будаўніцтве дарогі працаваў камандзіровачны Барыс Панкевіч са стаўбцоўскай дарожнай арганізацыі. Іх сустрэча стала лёсавызначальнай. Так Тамара Эдуардаўна пераехала жыць у Стоўбцы, на радзіму мужа. Яна адразу ж пайшла ў райспажыўтаварыства. Кемлівай, сур’ёзнай маладзіцы былі прапанаваны розныя варыянты працаўладкавання, на што яна адказала старшыні праўлення райспажыўтаварыства, што хоча быць толькі прадаўцом. Яго гэта вельмі здзівіла. Тамара патлумачыла, што яе бацька быў прадаўцом, і яна хоча ў памяць аб ім прадоўжыць гэтую сямейную традыцыю. Так усё жыццё яна і працавала ў райспажыўтаварыстве ў аддзеле грамадскага харчавання: буфетчыцай у рэстаранах – на чыгучнай станцыі і ў «Нёмане», у розных буфетах райцэнтра. І так любіла сваю работу, так з душою да яе ставілася, што ўсе да яе адносіліся з павагай – і кіраўніцтва, і калегі, і вадзіцелі, якія дастаўлялі тавар, і наведвальнікі аб’ектаў грамадскага харчавання. Стаўбчане і цяпер з прыемнасцю сустракаюць яе на вуліцы, калі ёй надараецца выйсці за межы свайго падворка, бо з-за свайго ўзросту яна ўсе клопаты даверыла дзецям.

У нейкай ступені справу маці працягнула дачка Тамара. Яна, бухгалтар, напачатку сваёй працоўнай біяграфіі выконвала абавязкі па сваёй спецыяльнасці ў нарыхтоўчым аддзеле райспажыўтаварыства.

Маладжавы выгляд Тамары Эдуардаўны вельмі ўпрыгожвае яе 90-гадовы ўзрост. Жыве яна ў сваім доме, але на адным двары з дачкой Тамарай і зяцем Феліксам, насупраць – дом сям’і другой дачкі, Надзеі. Тамара Эдуардаўна ў 34 гады засталася ўдавою пасля трагічнай смерці мужа, дзяўчатам было 7 і 9 гадоў. Яна гадавала сірот адна. Затое цяпер за свой мацярынскі клопат спаўна атрымлівае ад дачок і зяцёў павагу і любоў. Фелікс Міхайлавіч пра цешчу гаворыць самыя цёплыя, сардэчныя словы, успамінае выпадкі, якія характарызуюць яе як мудрую маці з хрысціянскім светапоглядам, на якой будаваўся фундамент міру, спакою і любові ў сям’і. У Тамары Эдуардаўны пяцёра ўнукаў і сямёра праўнукаў, якія таксама вельмі любяць сваю пазітыўную бабулю, яна заўсёды адорвае іх пачастункамі і ніколі не чытае натацый. У сучасным свеце, які хварэе грэбаваннем да старасці, няздольнасцю ўбачыць у прыгажосці старасці аўтарытэт, павучыцца, калі страчаны традыцыі і культура сумеснага пражывання пакаленняў, гэтая сям’я паказвае маральны прыклад адносін да старэйшага прадстаўніка свайго роду як да крыніцы мудрасці, духоўнай сталасці, настаўніцтва з жаданнем пазнаць ад яе і атрымаць у спадчыну тое галоўнае, што яна вынесла праз гады і зразумела.

Адзін з унукаў Тамары Панкевіч носіць імя дзеда Эдуарда, расстралянага падчас рэпрэсій. І гэта таксама яднае пакаленні ў духоўнай нябачнай сувязі. Добрую памяць у дзяцей і ўнукаў пакінула бабуля Ганна Мікалаеўна. Пасля вайны яна як жонка рэпрэсіраванага і як вывезеная на Нямеччыну трапіла пад праследаванне і была асуджана як вораг народа на сем гадоў пазбаўлення волі. Гэта стала яшчэ адной цяжкай сардэчнай траўмай для сям’і, якая асабіста перанесла на сабе ўсе крывавыя трагедыі мінулай эпохі. Пасля вызвалення Ганна Мікалаеўна жыла разам з дачкой. Паколькі Тамара Эдуардаўна позна працавала вечарамі ў буфетах рэстаранаў, кафэ, на бабулі быў догляд унукаў.

У руках Тамары Эдуардаўны ікона маці, якая суправаджала іх у выгнанні. Гэтая святая сямейная рэліквія будзе перададзена на благаславенне новым пакаленням роду.

Святлана ЖЫБУЛЬ

На здымку: Тамара Панкевіч (у цэнтры) з дачкой Тамарай і зяцем Феліксам.

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *