Выпала нарадзіць і пашчасціла нарадзіцца

Грамадства Навіна дня Нумары

image_pdfimage_print

8_03_1Мы правялі апытанне  з вясковымі людзьмі, у якіх з датай 8 сакавіка, так атрымалася воляю лёсу, цесна звязаны або пераплятаюцца асабістыя шчаслівыя жыццёвыя падзеі.

Леанарда Карніцкая, пенсіянерка, былы паштальён паштовага аддзялення Літва:

«8 сакавіка ў мяне юбілей, круглая дата, бо нарадзілася менавіта ў гэты дзень. Вельмі рада, што зноў прыедуць дзеці. Як яны падраслі, то гэты дзень стаў у маім жыцці сапраўдным двайным святам, бо сын і дачка штогод арганізоўваюць яго для мяне на самым высокім ўзроўні. Хачу сказаць, што працуючы паштальёнам разнесла людзям шмат прыгожых віншавальных паштовак, і ўсе вяскоўцы, сустракаючыся са мною ў гэты дзень, абавязкова дасылалі свае віншаванні, бо ведалі, што ў мяне дзень нараджэння. А добрыя словы чуць заўжды прыемна».

Рэгіна Варакса, бухгалтар ААТ АБФ «ПМК-74 – Налібакі»: «Для нашай шматдзетнай сям’і, у якой выхоўваліся дзевяць дзяцей, дата 8 сакавіка адзначалася не толькі як свята жанчын. У гэты вясновы дзень нарадзілася наша сястрычка Рома, якой мы  заўжды зайздросцілі, што яна атрымлівала адразу два падарункі.  Мы ўсе даўно жывём у розных населеных пунктах, але дагэтуль віншуем яе з двайным святам. Зазначу яшчэ, што разам з маці нас было ў сям’і васьмёра дзяўчат».

Іосіф Вярбіцкі, пенсіянер, былы механізатар калгаса «За мір»: «Я нарадзіўся 8 сакавіка, на жаночае свята. І па жыцці святкую яго разам са сваім днём нараджэння. Але ніякіх сур’ёзных казусаў у сувязі з гэтым не памятаю. Толькі хлопцы часценька, але па-добраму, жартавалі, калі ў гаспадарцы заўжды віншаванне прымаў разам з жанчынамі. Зараз жыву адзін, у мяне трое дзяцей. Кожны год яны прыязджаюць да мяне на дзень нараджэння з унукамі, іх у мяне чацвёра, ёсць і праўнук. Накрываюць стол. Адначасова адзначаем і жаночы дзень».

Ніна Міхно, бухгалтар ААТ «Жацерава»: «Дачка Таццяна была жаданым, другім дзіцем у нашай сям’і. Я вельмі хацела дачушку, бо сынок ужо ў нас быў. І так супала, што Бог даў нарадзіць яе 8 сакавіка. Здарылася гэта ў тры гадзіны ночы. Майго мужа, калі раніцаю ён прынёс кветкі, каб павіншаваць мяне з жаночым днём, гэтая шчаслівая вестка проста ашаламіла. Потым у нас нарадзіўся яшчэ адзін сын, маем пяцёра ўнукаў».

Часлава Дзяжынская, бухгалтар ААТ «Рочавічы»: «У гэты святочны вясновы дзень трыццаць восем гадоў назад я нарадзіла сына.  Памятаю, на вуліцы тады мяцеліца мяла. Муж прыехаў такі шчаслівы, радасці яго не было межаў. Першынца мы назвалі Сашам. Малодшы, Дзіма – другі наш сын, калі быў маленькім ніяк не мог зразумець, чаму на свята атрымлівае падарунак толькі яго брат. Дарэчы, унучак наш з’явіўся на свет 9 сакавіка, і Аляксандр назваў яго сваім іменем. Цікавы і такі факт, што ў радні мужа на свята жанчын нарадзілася яго сястра і яе нявестка».

Надзея БАТАЛКА



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *