Сонца мірнага мая

Нумары У сэрцах пакаленняў Факты, падзеi, людзi

120518b

Сонца ў сёлетнім маі асабліва яркае, у белым росквіце сады. Асаблівы і настрой людзей, якія ішлі 9 мая да плошчы Бессмяротнасці. У кожнай сям’і жыве памяць аб тых ваенных гадах, перадаецца яна праз пакаленні.

Гучыць Гімн Рэспублікі Беларусь. Пачынаецца мітынг-рэквіем «Ніхто не забыты, нішто не забыта». «Ужо 73 гады аддзяляюць нас ад дня, калі закончылася Вялікая Айчынная вайна, – гаворыць старшыня раённага выканаўчага камітэта Ю. М. Горлаў. – Бяспрыкладным подзвігам усяго народа кавалася Перамога». Юрый Мікалаевіч сардэчна віншуе са святам ветэранаў, усіх жыхароў Стаўбцоўскага раёна.

З пакалення пераможцаў – Г. А. Клімаш. Шчыра расказвае Ганна Андрэеўна аб тых гадах, што абпалілі яе юнацтва, подзвігах таварышаў па змаганні ў партызанскім атрадзе. Наша армія нясе надзейную вахту мірных дзён. Аб гэтым сведчыць раённы ваенны камісар А. У. Дзядкоў. Наша моладзь верная традыцыям старэйшых пакаленняў. Гэтыя пачуцці выказала старшакласніца Дзераўнянскай сярэдняй школы Надзея Трасцянка. З благаславеннямі да ўсіх жыхароў раёна звярнуўся благачынны настаяцель кафедральнага сабора Святой праведнай Ганны айцец Аляксандр.

У блакітнае майскае неба ўзлятаюць рознакаляровыя шары. Мінута маўчання ў памяць аб загінуўшых. Да помнікаў і стэлаў героям-вызваліцелям ускладаюцца вянкі і кветкі.

Свята працягвалася на гарадской плошчы Леніна. Тут гучалі мелодыі святочных праграм «Салют, Перамога!», «Нашчадкі пад мірным небам». Памятныя сувеніры можна было набыць на выставе-кірмашы творчасці «Горад майстроў».

Святочныя мерапрыемствы адбыліся ў населеных пунктах раёна, у калектывах.

Ф. БАНДАРОВІЧ

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *