Прававое поле ў фермерскім бізнесе

Нумары Улада. Слова. Справа

160518a

На мінулым тыдні Стаўбцоўшчыну наведалі парламентарыі краіны, прадстаўнікі пастаяннай камісіі па заканадаўстве на чале з яе старшынёй Наталляй Гуйвік.

Падчас так званага выязнога пасяджэння парламенцкай камісіі былі наведаны чатыры прыватныя сельскагаспадарчыя прадпрыемствы раёна, у тым ліку пляцоўка па будаўніцтве сучаснага перапрацоўчага завода. У дэпутатаў адбыўся абмен думкамі са старшынёй раённага выканаўчага камітэта Юрыем Горлавым і старшынёй раённага Савета дэпутатаў Сяргеем Шэсцелем.

Юрыем Горлавым было адзначана, што ў бюджэт раёна паступае ад малога і сярэдняга бізнесу 38 працэнтаў падаткаў, у тым ліку шэсць працэнтаў – ад сялянскіх фермерскіх гаспадарак. Гэтую долю неабходна павялічваць. Сёння на Стаўбцоўшчыне зарэгістравана 25 сялянскіх фермерскіх гаспадарак. Пра супрацоўніцтва можа сказаць, што за апошнія тры гады фермерам раёна выдзелена больш за 1000 гектараў зямлі.

Дэпутаты (сярод іх былі прадстаўнікі розных абласцей Беларусі) падкрэслівалі, што за сельскай гаспадаркай, фермерамі – будучае, таму яны хацелі б убачыць на Стаўбцоўшчыне наватарскі вопыт, ініцыятыву і, немалаважна, развеяць міф пра рызыкоўнае земляробства.

– Хацелася б выслухаць пытанні, якія перашкаджаюць працаваць прыватнаму сельскагаспадарчаму прадпрымальніцтву ў рамках грамадзянска-прававых адносін. Цікавяць нас пытанні ўзаемадзеяння з органамі мясцовай улады, аплаты падаткаў, занятасці і стварэння новых рабочых месцаў, – удакладніла Наталля Гуйвік.  

У выніку, як потым сцвярджалі парламентарыі, атрымаўся зацікаўлены дыялог і знойдзены імі на Стаўбцоўшчыне вопыт – каштоўны, які будзе выкарыстаны ў заканатворчай дзейнасці.  

Прыжывальнасць інвестыцый

Сярод самых актыўных фермерскіх гаспадарак Стаўбцоўшчыны – ТАА «Мой сад» (у нядаўнім мінулым прадпрыемства мела статус сялянскай фермерскай гаспадаркі) і СФГ «Сула» са сваімі прадпрыемствамі «Сула Плюс», «Аграцэнтр Сула». Менавіта з іх і пачалося знаёмства з прыватным сельскагаспадарчым прадпрымальніцтвам раёна.

На дэпутатаў вялікае ўражанне зрабілі дагледжаныя плантацыі яблынь «Майго саду», якія якраз знаходзіліся ў цвеце (увабраліся ў квецень нават маладзенькія яблынькі, высаджаныя некалькі тыдняў таму), тэхналагічнасць і рацыянальнасць працэсу вырошчвання саду і яго догляду. «Мы працуем шэсць гадоў. Навучыліся самі вырошчваць саджанцы. Яны адаптаваны да тутэйшага клімату. Іх прыжывальнасць – 100 працэнтаў. На нядаўна высаджаных яблыньках восенню таксама будзе ўраджай», – не без гонару зазначыў заснавальнік прадпрыемства Уладзімір Шчэкала. Яно дало працу 15-ці чалавекам. Пераважная большасць прадукцыі экспартуецца ў Расійскую Федэрацыю. Прадпрыемства ўжо асвоіла 82 га плошчаў пад яблыні і чорныя парэчкі і працягвае гэтую работу, шукае сродкі на будаўніцтва сучаснага сховішча. Адметна, што побач з плантацыямі ўзвышаецца капліца – абярэг саду і вёскі Цвіркі.

Кіраўнік сялянскай фермерскай гаспадаркі «Сула» Уладзімір Радзевіч запрасіў на нядаўна засаджаныя бульбяныя палеткі. Бульба пакуль не ўзышла, але палюбавацца таксама ёсць чым. Поле плошчай 300 га – без адзінага каменя, з роўнымі насыпнымі радамі, якія падобны на грабяні хваляў. «Тут вырошчваецца бульба прэміум-класа згодна з еўрапейскімі і беларускімі тэхналогіямі. Пры неабходнасці вядзецца паліў. Пабудавана сховішча для бульбы. Арганізавана яе перапрацоўка», – расказаў Уладзімір Радзевіч.

На прадпрыемствах «Сулы» дэпутаты ўвачавідкі ўбачылі, як свежа выглядае ў маі леташняя бульба, як наладжаны працэс яе мыцця і паліроўкі, упакоўкі ў сеткі. Сёння такую бульбу ад «Сулы» з ахвотай бяруць буйныя гандлёвыя сеткі нашай сталіцы, а ўвогуле геаграфія паставак ахоплівае Расію, Малдову, Сербію, Узбекістан, Казахстан… Фермерам і яго кампаньёнамі рэалізуецца знакавы інвестпраект – будаўніцтва новага завода па перапрацоўцы бульбы ў шматкі. З яго ўвядзеннем павялічыцца экспарт, з’явяцца новы від імпартазамяшчальнай прадукцыі і каля 100 рабочых месцаў. Падобны праект у Беларусі – пакуль адзіны.  

Дэпутаты задалі прадстаўнікам аграрнага бізнесу шмат пытанняў, і перад імі бізнесмены-інвестары, якія ведаюць цану ўласнай рызыцы, таксама ўзнялі свае пытанні. Неспецыфічныя, парой вострыя, з дыскусійным кантэкстам і, зразумела, па тэме, заканадаўчага характару.

Клопат аб прававым полі

Падвесці вынікі сустрэчы мы папрасілі старшыню пастаяннай камісіі па заканадаўстве Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Наталлю Гуйвік:

– На даны момант члены камісіі працуюць у рабочай групе, створанай пры Нацыянальным цэнтры заканадаўства і прававых даследаванняў, і займаюцца распрацоўкай законапраектаў аб унясенні змяненняў у Грамадзянскі кодэкс. У сувязі з гэтым нас зацікавілі грамадзянска-прававыя адносіны ў сельскай гаспадарцы, асабліва ў прыватным сектары. Пасля прыняцця Дэкрэта № 7 нашай камісіяй падрыхтаваны законапраект аб унясенні змяненняў у Грамадзянскі кодэкс, аднак захацелася даведацца, якія яшчэ праблемы турбуюць прыватны бізнес. Балазе, мы атрымалі запрашэнне ад ТАА «Сула Плюс» азнаёміцца з работай у сферы вырошчвання, перапрацоўкі і захоўвання бульбы.

Акрамя таго, са СМІ даведаліся і аб адваротным баку медаля: у сферы АПК пасля праведзеных Камітэтам дзяржкантролю праверак узбуджана 49 крымінальных спраў. Падумалася, чаму структуры, якія працуюць і прыносяць карысць мясцоваму бюджэту, трапляюць пад адказнасць, у тым ліку і крымінальную.

Сёння, калі наведалі стаўбцоўскія прадпрыемствы, зразумелі, што размова ідзе пра адказныя адносіны да той справы, якой займаешся, прафесіяналізм і – патрыятызм. Бізнесмены, з якімі сёння пазнаёміліся, маглі ўкласці свае інвестыцыі куды заўгодна, але яны ўклалі іх у нашу беларускую зямлю. У адносінах да праблем, якія прагучалі падчас маніторынгу і датычаць грамадзянска-прававых адносін у сферы прыватнага сельскагаспадарчага прадпрымальніцтва, выпрацуем прапановы, і яны будуць накіраваны для разгляду ў кампетэнтныя органы. І, акрамя таго, пытанні, якія хвалююць бізнес, зададзім у Палаце прадстаўнікоў 31-га мая членам урада.

– Наталля Васільеўна, можна вылучыць тое галоўнае, што будзеце даносіць да выканаўчай улады краіны?

– Патрэбна разабрацца ў пытанні севаабароту для павелічэння аб’ёмаў вырошчвання бульбы, неабходнай для новай вытворчасці ТАА «Сула Плюс». Пастаўлена пытанне адносна выдачы дазволу калегіяй Савета Міністраў на продаж культур збожжавай групы за мяжу. ТАА «Мой сад» зацікаўлена ў прыцягванні рабочай сілы, у прыватнасці, школьнікаў для ручнога збору ўраджаю ягад у першы год іх пасадкі. Школьнікаў можна працаўладкоўваць з 14 гадоў з дазволу бацькоў, аднак у адносінах да іх не дзейнічае дзяржаўнае страхаванне. Пытанне слушнае, звернемся з ім у пастаянную камісію па працы парламента і ў Міністэрства працы. Дзяцей трэба прывучаць да зямлі, да працы з ранняга дзяцінства. Адрасавана прапанова заканадаўцам – прыбраць з назвы «сялянска-фермерская гаспадарка» слова «сялянскі». Сапраўды, мы жывём у іншай рэчаіснасці, калі сялянства ўжо няма.    

Усе пытанні, якія абмяркоўваліся, цікавыя, падказаныя жыццём. Для сябе мы адкрылі нямала новага. Нядаўна наведвалі дэпутацкім корпусам кітайска-беларускі індустрыяльны парк «Вялікі камень». Здавалася, уражанняў атрымалі шмат і надоўга. Але сёння, калі азнаёміліся з новай вытворчасцю «Сула Плюс», засталіся ўражаныя гэтым прадпрыемствам. Ганарыцеся тым, што ў вашым раёне яно адкрываецца, адзінае такое ў рэспубліцы. У будучым, упэўнена, менавіта гэтае прыватнае прадпрыемства будзе не толькі выпускаць імпартазамяшчальную прадукцыю і ствараць новыя рабочыя месцы, але і ўзніме эканоміку тых сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, якія будуць вырошчваць для яго бульбу. Важна ўсвядоміць галоўнае: ні дзяржаўным, ні прыватным прадпрыемствам не дазволена выходзіць за рамкі прававога поля.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

Фота Васіля ЗЯНЬКО  



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *