Калектывы — за здаровы лад жыцця

Нумары Соцыум

190518b

СПАРТЫЎНАЯ СЯМ’Я, СПАРТЫЎНЫ КАЛЕКТЫЎ

У трэнажорнай зале фізкультурна-аздараўленчага комплексу заўсёды ажыўлена. Для стаўбчан жа – гэта магчымасць заставацца ў выдатнай фізічнай форме. Асабліва маладым, хоць і тыя, хто гадамі старэйшыя, хочуць быць заўсёды здаровымі, стройнымі, элегантнымі.

Трэнеру Яўгену Фралову ёсць што расказаць пра поспехі стаўбцоўскіх асілкаў. У пачатку сёлетняга красавіка каманда са Стоўбцаў удзельнічала ў міжнародным турніры па рускім жыме, які праводзіўся ў Чэрвені. Сярод прадстаўнікоў Узбекістана, Расіі, Украіны і Беларусі нашы выглядалі дастойна. Аляксандр Кубрын і Іван Луцэвіч пацвердзілі званні майстроў спорту, а Алена Лапко – кандыдата ў майстры спорту. Аляксандр Канкаловіч у свае 15 гадоў на роўных спаборнічаў са старэйшымі па ўзросце і заняў прызавое месца.

Аляксандр Канкаловіч стаў і пераможцам нядаўніх спаборніцтваў па гіравым спорце і другім прызёрам сярод юнакоў у класічным жыме. Алена Лапко зноў жа паказала лепшы вынік у жыме сярод жанчын, другое месца ў Наталлі Носавай. У гэтым відзе спорту не было роўных і Аляксандру Носаву.

– Гэта наша спартыўная сям’я, – каменціруе трэнер. – Дарэчы, можаце пагутарыць з Носавымі, маці і сын якраз тут жа, у зале, на трэніроўцы.

Аляксандр паказвае медалі, заваяваныя ў прэстыжных спаборніцтвах. Самы важкі з іх па значэнні, пэўна, здабыты на чэмпіянаце Еўропы. Прадстаўнік Стоўбцаў, член зборнай Беларусі па сілавых відах спорту, паказаў найлепшы вынік у вагавой катэгорыі да 59 кілаграмаў. Моцныя сапернікі з Грузіі, Арменіі, Польшчы толькі здзіўляліся, што іх апярэдзіў хлопец з невялікага беларускага горада.

Аляксандр рэгулярна трэніруецца і тут, і ў Мінску, дзе вучыцца на другім курсе БДПУ імя Максіма Танка. Наперадзе новыя важныя спаборніцтвы, таму трэба заўсёды быць у баявой форме.

Наталля Носава не толькі ганарыцца дасягненнямі сына, а і сама актыўна ўдзельнічае ў спаборніцтвах. Выдатны прыклад спартыўнай сям’і. Але Наталля Мікалаеўна стараецца больш расказаць аб сваім спартыўным калектыве. Сапраўды, у адміністрацыйным будынку ўпраўлення «Стоўбцыгаз» – цэлая калекцыя спартыўных прызоў, заваяваных камандамі і членамі калектыву. Сярод іх і ўзнагароды Наталлі Носавай.

– Правялі турнір, прысвечаны Дню Перамогі. Падрыхтуем і праграму спаборніцтваў да юбілею нашага горада, – дзеліцца планамі Яўген Носаў. Яўген Яўгеньевіч вопытны, кваліфікаваны спецыяліст. Працаваў трэнерам у СШ № 3 г. Стоўбцы, а з адкрыццём ФАКа перайшоў туды.

Трэнажорная зала – яго поле дзейнасці і, можна сказаць, сілавая гаспадарка ФАКа. Комплекс сучасных трэнажораў, што забяспечваюць як агульнае развіццё мышачнай сістэмы, так і дэталёвую прапрацоўку ўсіх груп мышцаў. Стэп-трэнажоры, велатрэнажоры, сілавыя трэнажоры, штангі, гантэлі. Сваю праграму трэніровак выконваюць спрактыкаваныя спартсмены. Прыходзяць сюды жадаючыя займацца самастойна, ім падказвае, дапамагае трэнер.

Штодзень задзейнічаны трэнажорныя залы, а таксама аэробікі, барацьбы, більярдная, настольнага тэніса, для спартыўных гульняў і, вядома, басейн. Адным словам, з увядзеннем у строй фізкультурна-аздараўленчага комплексу жыхары нашага горада і раёна атрымалі выдатныя магчымасці для аздараўлення і спартыўнага развіцця.

НА ЗДЫМКАХ: на вышэйшай прыступцы п’едеэстала гонару Аляксандр Носаў; уменне праяўляе Аляксандр Канкаловіч.

Фёдар БАНДАРОВІЧ

 

ГЭТА МОДНА

Да Сусветнага дня здароўя быў прыўрочаны семінар для работнікаў культуры раёна па практыцы правядзення мерапрыемстваў па папулярызацыі здаровага ладу жыцця.

Яго падрыхтавалі супрацоўнікі Навасвержанскага дома культуры. Адметнасць семінара ў тым, што да ўдзелу ў ім былі прыцягнуты дзеці, якія стаяць на ўліку ў інспекцыі па справах непаўналетніх і на іншых відах уліку. Адпаведна, што сярод запрошаных на семінар былі начальнік інспекцыі па справах непаўналетніх РАУС Міхаіл Азановіч, намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама Наталля Хвасько, а таксама памочнік урача-гігіеніста РЦГіЭ Паліна Чапская.

Дырэктар Навасвержанскага дома культуры Вольга Капуцкая азнаёміла ўдзельнікаў семінара з выстаўкай малюнкаў дзяцей на тэму «Віды спорту». Арыгінальныя і выдатна выкананыя работы прадстаўлены на раённы конкурс, а адна з іх – на абласны.

Выдатную інсцэніроўку па тэме здаровага ладу жыцця прадставілі члены тэатральнага гуртка пры Доме культуры, якім кіруе Марына Ажгірэвіч.

Рэкрэацыйная зона «Быць здаровым – модна!» прапанавала відэаролікі па тэме.

Вялікае ажыўленне выклікала спартакіяда паміж камандамі вучняў Навасвержанскай і Вішнявецкай сярэдніх школ.

Арганізатары семінара, прадстаўнікі інспекцыі і камісіі па справах непаўналетніх пастараліся заахвоціць дзяцей дыпломамі і сувенірамі, падзякаваць ім за творчасць з пажаданнямі і надалей праяўляць ініцыятыву.

 

МІЛІЦЭЙСКІ ЧЭМПІЯНАТ

На базе фізкультурна-аздараўленчага комплексу ў Стоўбцах прайшоў чэмпіянат упраўлення ўнутраных спраў Мінскага аблвыканкама па міні-футболе. Пазмагацца за чэмпіёнскі тытул выйшлі каманды з Барысаўскага РУУС, Жодзінскага ГАУС, Любанскага, Дзяржынскага, Маладзечанскага і Стаўбцоўскага райаддзелаў – пераможцы занальных этапаў чэмпіянату.

Асаблівасцю гэтай сустрэчы стала тое, што практычна ўсе каманды абнавілі састаў, і таму не назіралася відавочных фаварытаў. Ужо з першых гульняў стала зразумела, што ніхто саступаць не збіраецца.

Моцнымі аказаліся каманды з Барысава (першае месца), Жодзіна, Маладзечна. Менавіта з маладзечанцамі стаўбчане вялі бой за трэцяе месца, але ўступілі яго з лікам 1:3. У складзе стаўбцоўскай каманды выступілі супрацоўнікі розных службаў і падраздзяленняў райаддзела міліцыі: Андрэй Васін (капітан), Павел Даўнаровіч, Максім Нагорны, Уладзімір Курнасенка, Міхаіл Лукашэвіч, Аляксандр Валовіч, Вадзім Гарохавік, Генадзь Масель, Антон Калошыч і Андрэй Клочка.  

Дыпломы пераможцам уручыў начальнік цэнтра падрыхтоўкі асабовага саставу УУС Руслан Хацько.

 

НА ПАЛАСЕ З ПЕРАШКОДАМІ

На базе пажарнай аварыйна-выратавальнай часці № 1 г. Стоўбцы прайшлі спаборніцтвы па пажарна-выратавальным спорце сярод дзяўчат і юнакоў.

У спаборніцтвах прынялі ўдзел 13 камандаў. Ім неабходна было прайсці два этапы: пераадоленне 100-метровай паласы з перашкодамі і пад’ём па штурмавой лесвіцы.

У выніку настойлівай барацьбы першае месца заняла каманда Дзераўнянскай школы, другое і трэцяе месцы падзялілі каманды сярэдняй школы № 3 г. Стоўбцы і Горкаўскай школы. Школьнікаў чакаюць новыя старты, дзе яны пакажуць свой спрыт і навыкі.

Пр



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *