Радасць песенных сустрэч

Культура Нумары

190518g

«Сустрэча з надзеяй» – такую назву носіць рэпертуарны зборнік для вакальна-харавых калектываў, аўтарам якога з’яўляеца вядомая не толькі на Стаўбцоўшчыне музыкант, кампазітар, паэт і аранжыроўшчык Тамара Барэхава.

Выпуск выдання прайшоў пад эгідай Мінскага абласнога дома народнай творчасці. Рэцэнзенты кампазітар Алёна Атрушкевіч і кіраўнік клуба «Жывіца» Ірына Карнавухава.

Зборнік з’яўляецца дакументальным пацвярджэннем творчай дзейнасці аўтара, дзе знітаваны слынная праца, музычны і паэтычны талент. У зборнік увайшла толькі невялікая частка твораў з рэпертуару вакальнага ансамбля «Берагіня», якому больш чым за два дзесяцігоддзі ўдалося выпрацаваць свой стыль, мець, можна сказаць, свой адметны голас. Сярод музычных твораў ансамбля – спакойна-лірычныя, драматычныя і дынамічныя. Песні прызначаны для салістаў, жаночых вакальных ансамбляў акадэмічна-эстраднага кірунку і шырокага дыяпазону. Многія песні маюць прысвячэнні родным, блізкім і дарагім людзям. Музычна-паэтычная тканіна твораў прасякнута меладызмам, глыбокім пачуццём, асабістым разуменнем беларускай інтанацыі, пяшчотным стаўленнем аўтара да духоўных каштоўнасцяў.

Што натхняе творцу? Людзі, падзеі, сустрэчы, кнігі, карціны… Менавіта ўдзельніцы ансамбля «Берагіня» ў суаўтарстве раяць свайму кіраўніку ідэі напісання многіх песень. Яны адпавядаюць іх голасу, тэмпераменту, артыстызму, выканаўчаму майстэрству.

Жаночы квартэт – Тамара Барэхава, Ірына Пазняк, Алена Бохан і Ірына Карніцкая – у розных рэгіёнах Беларусі, блізкага і далёкага замежжа з’яўляецца лаўрэатам прэстыжных конкурсаў і фестываляў, удзельнікам рэспубліканскіх свят, міжнародных праектаў. Стаўбцоўская «Берагіня» гучала на беларускім радыё і тэлебачанні, актыўна супрацоўнічае з айчыннымі і замежнымі творцамі, пастаянна працуе над абнаўленнем свайго рэпертуару.

Сімвалічна, што ў год, абвешчаны Годам малой радзімы, калектыў зноў сабраўся разам, каб падарыць добры настрой вучням і педагогам гімназіі № 1 г. Стоўбцы, дзе і адбылася прэзентацыя зборніка.

Аўтар Тамара Барэхава ўдзячна калектыву Стаўбцоўскай гімназіі, яе кіраўніцтву – Дзмітрыю Клімовічу, Іне Аляшкевіч, настаўніку, вядучаму праграмы Юрыю Лембіеўскаму і ўсім прысутным за арганізацыю гэтай сустрэчы і сувязь з мастацтвам.

Нельга не сказаць, што росквіт калетыву прыпаў на першае дзесяцігоддзе ХХІ стагоддзя, калі дзейнасць ансамбля «Берагіня» курыраваў апантаны творчымі ідэямі чалавек, светлай памяці, Анатоль Грэкаў.

І закончыць аповед хочацца вобразнымі словамі з верша Тамары Барэхавай:

Спытаць цябе – і не дазнацца,

Дзе твой прытулак і спакой.

Што мае сэнс

і ў чым жа шчасце?

Адказ шукаем сярод зор…

Яўген КАРПУЦЬ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *