Навіны з устаноў адукацыі

Адукацыя Нумары

ІНТЭЛЕКТУАЛЬНАЯ ГУЛЬНЯ

Лічыцца, што шашкі і шахматы з’яўляюцца лепшымі трэнажорамі для розуму. Як вядома, інтэлектуальныя здольнасці лепш за ўсё замацоўваюцца ў раннім узросце.

У бацькоў ёсць магчымасць для развіцця ў сваіх дзяцей логікі, прасторавага мыслення, умення засяродзіцца, думаць, запісаўшы іх на заняткі па шашках і шахматах у клуб «Стратэг» у раённым Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі.

У клубе займаюцца хлопчыкі і дзяўчынкі з усіх школ горада. У час канікулаў Цэнтр творчасці стараецца арганізаваць турніры, дзе дзеці спаборнічаюць у рашэнні гульнявых шахматных задач, красвордаў, навучаюцца прынцыпам гульні ў дуэце, асновам стратэгіі і тактыкі.

У апошнім такім турніры першае месца заняла каманда Горкаўскай СШ, другое – Налібацкай СШ, трэцяе – Рубяжэвіцкай СШ. Пераможцы атрымалі прызы.

Алена БУГЕРА,метадыст раённага Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі

 

ПРАЗ ПРЫЗМУ ДЗЕСЯЦІГОДДЗЯЎ

У рамках рэспубліканскага грамадзянска-патрыятычнага праекта «Чарнобыль: падзеі, лёсы, памяць» наша ўстанова адукацыі паўдзельнічала ў творчым конкурсе «Праз прызму дзесяцігоддзяў», які праводзіла газета «Пераходны ўзрост».

Член аб’яднання па інтарэсах «Юны карэспандэнт» Максім Прыгожы актыўна ўключыўся ў пошукавую работу па збіранні неабходных матэрыялаў і фактаў. Мы арганізавалі сустрэчу з удзельнікам ліквідацыі наступстваў Чарнобыльскай катастрофы. Работу назвалі «Боль, які спапяляе сэрцы».

Прыемнай нечаканасцю для нас стаў тэлефонны званок з рэдакцыі газеты «Пераходны ўзрост». Нам паведамілі, што з 340 лепшых работ рэспубліканскага конкурсу «Праз прызму дзесяцігоддзяў» Максім заняў 2-е прызавое месца. Яго запрасілі ў Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь на брыфінг. Разам з Максімам былі запрошаны маці навучэнца Святлана Іосіфаўна і кіраўнік аб’яднання па інтарэсах «Юны карэспандэнт».

Брыфінг праводзіла начальнік галоўнага ўпраўлення шматбаковай дыпламатыі Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь Ларыса Бельская.

Максім Прыгожы атрымаў грамату, сертыфікат і каштоўныя падарункі ад намесніка міністра замежных спраў Андрэя Дапкюнаса, намесніка Пастаяннага прадстаўніка ПРААН у Беларусі Закары Тэйлара і галоўнага рэдактара газеты «Пераходны ўзрост» Жанны Шчурок.

Пасля цырымоніі ўзнагароджання былі зроблены на памяць фотаздымкі. Для Максіма гэты дзень будзе адным са шчаслівых і памятных дзён у яго жыцці.

Леакадзія КАРОТКАЯ, кіраўнік аб’яднання па інтарэсах»Юны карэспандэнт» ДУА «Дзераўнянская СШ»



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *