Пад крыламі ангела

Моладзь Стаўбцоўшчыны Нумары Соцыум

230518a

Заўсёды прыцягваюць увагу людзі, якія прыносяць у ахвяру грамадству свае сілы, час, веды. Вось гэты 19-гадовы малады чалавек, якога вы бачыце на здымку, у Стоўбцах з’яўляецца каардынатарам групы рэспубліканскага пошукава-выратавальнага атрада «Ангел». Выпускнік сярэдняй школы № 3 г. Стоўбцы Сяргей Купчунас цяпер працуе апрацоўшчыкам птушкі на птушкакомплексе «Любкаўшчына» агракамбіната «Колас», а валанцёрскую работу ў пошукавым атрадзе ажыццяўляе ў свой свабодны час. Пры гэтым ён – жанаты, мае маленькага сына.

З Сяргеем Купчунасам мы вядзём размову пра дзейнасць пошукава-выратавальнага атрада «Ангел». Мяне ўражвае, што ноччу Сяргей выязджаў у Баранавічы, дзе прапала 12-гадовая дзяўчынка.

–             Сяргей, думаю, што нямногія з жыхароў нашага раёна ведаюць пра гэты атрад. Прашу вас расказаць аб яго дзейнасці.

–             Пошукава-выратавальны атрад «Ангел» у Беларусі ажыццяўляе дзейнасць з 2012 года. Ён быў створаны групай валанцёраў на чале з Сяргеем Каўганам. Гэта дабрачынная арганізацыя, якая існуе толькі за кошт спонсарскай падтрымкі, уласных сродкаў валанцёраў. Атрад «Ангел» займаецца пошукам людзей, якія без вестак прапалі. Кожны тыдзень у Беларусі паступаюць паведамленні аб прапажы чалавека – на мінулым тыдні, напрыклад, у ліку прапаўшых было восем чалавек. Найбольш паведамленняў аб прапажы людзей паступае ў грыбны сезон. Пераважная колькасць паведамленняў – аб прапажы пенсіянераў, пажылых людзей, якім вельмі небяспечна адным адпраўляцца куды б ні было, прападаюць хворыя на шызафрэнію. У статыстыцы ўсіх прапаўшых каля 10 працэнтаў складаюць дзеці. Асноўная мэта дзейнасці атрада – пошук людзей і размяшчэнне ў сацыяльных сетках у інтэрнэце, сродках масавай інфармацыі паведамленняў аб прапаўшых. Важным кірункам дзейнасці з’яўляецца работа з насельніцтвам з мэтай данесці інфармацыю, што трэба рабіць, калі прапаў нехта з родных і блізкіх, а таксама як прадухіляць такія сітуацыі. Дзейнасць дабрачыннага атрада «Ангел» ажыццяўляецца ў супрацоўніцтве з органамі ўнутраных спраў і аддзеламі па надзвычайных сітуацыях.

–             Як вы асабіста аказаліся ў пошукава-выратавальным атрадзе?

–             Я натрапіў на ссылку ў сацсетках аб прапажы чалавека, даведаўся, што існуе такі пошукава-выратавальны атрад. Было напісана, што тэрмінова патрабуюцца валанцёры. Са Стоўбцаў нас сабралася пяць чалавек. Мой першы вопыт такой пошукавай работы прынёс мне стрэсавы стан: чалавек быў знойдзены, аднак нежывы. Другі раз сітуацыя паўтарылася. Гэта вельмі цяжкі момант, і я падумаў, што не знайду больш сіл гэтым займацца. Прайшоў некаторы час, і я зразумеў, што без гэтай дзейнасці не змагу. Трэба бачыць твары і паводзіны людзей, у сям’і якіх прапаў чалавек, асабліва калі гэта дзіця. У людзей паніка, стрэс, страх, бяда накрывае сям’ю, як чорная хмара. Жыццё чалавека – самае дарагое, што ёсць, і ўдзельнічаць у пошукавым атрадзе, знаходзіць людзей – найвялікшай важнасці справа.

–             Хто яшчэ ўваходзіць у склад пошукава-выратавальнага атрада ў Стоўбцах?

–             Вольга Ждановіч, працаўніца прыватнай фірмы «Палітра», Вераніка Мядзведзева, бухгалтар, Аляксей Ждановіч, супрацоўнік Беларускай чыгункі, Ірына Талмацкая, прадавец-ветэрынар у Мінску. Мы з радасцю прымем нераўнадушных да чужога гора людзей, жадаючых дапамагаць, у рады валанцёраў атрада «Ангел».

–             Для ажыццяўлення пошукавай дзейнасці нярэдка, у экстрэмальных, вельмі няпростых сітуацыях, патрэбны не толькі жаданне дапамагчы, але і пэўныя ўменні, сродкі, абсталяванне.

–             Дзейнасць дабрачыннага валанцёрскага пошукава-выратавальнага атрада «Ангел» заўважана і ацэнена. Атрад не мае камерцыйных мэт і матэрыяльнай выгоды. Для таго каб не ўзнікла сітуацыі, што паступіў званок аб прапажы чалавека, а ў нас няма сродкаў на паліва для машыны, мы маем патрэбу ў падтрымцы. Хоць не раз выязджалі на пошукі за ўласныя грошы. Атрад мае патрэбу ў абсталяванні, спецадзенні і іншых рэчах. Знаходзяцца спонсары, мецэнаты, якія ахвяруюць сродкі, закупляюць абсталяванне. Валанцёры атрада «Ангел» удзельнічаюць у вучэннях па пошуку людзей, якія прапалі. На такія курсы я паехаў разам са сваёй жонкай Вольгай. У нас дома ўзнікалі сітуацыі, калі Вольга не магла змірыцца з тым, што я пакідаю яе з маленькім сынам, павінен ноччу пайсці з дому. Пасля гэтых вучэнняў Вольга памяняла свае адносіны да маёй валанцёрскай работы, яна праніклася разуменнем, як важна прыйсці чалавеку на дапамогу ў цяжкіх сітуацыях. Яе падтрымка для мяне дарагая і вельмі важная. Атрад «Ангел» прымае ўдзел у семінарах, выязных вучэннях з пошукавымі атрамі краін СНД, а таксама ўдзельнічае ў конкурсах. У адным з іх атрымалі ў падарунак за перамогу новае сучаснае абсталяванне, якое дазваляе шукаць чалавека ў праточных водах.

–             Сяргей, застаецца пакінуць каардынаты пошукава-выратавальнага атрада «Ангел».

–             Супрычыніцца да дзейнасці атрада можа кожны. Дзякуючы падтрымцы кампаніі МТС адкрыты USSD-нумар для дабрачыннай дапамогі пошукава-выратавальнаму атраду «Ангел». Цяпер, каб пералічыць грошы на валанцёрскую дзейнасць, дастаткова адправіць USSD-запыт на кароткі нумар *222*13#. Такім чынам, на рахунак пошукава-выратавальнага атрада паступяць вашы 2 рублі. Калі хто хоча ахвяраваць большую суму, патрэбна адправіць некалькі запытаў. 26 мая, у бліжэйшую суботу, у гарадскім парку ў нашым райцэнтры стаўбцоўская група пошукава-выратавальнага атрада «Ангел» правядзе дабрачыннае мерапрыемства, прыўрочанае да Міжнароднага дня абароны дзяцей, – свята «Дзеці пад крыламі ангела». Будзе стаяць машына з лагатыпам пошукава-выратавальнага атрада «Ангел», для дзяцей пад музычнае суправаджэнне будуць праведзены розныя забаўляльныя гульні. У апячатаны кейс кожны зможна ўнесці ахвяранне для падтрымкі дабрачыннай дзейнасці атрада. Кейс будзе ўскрыты ў прысутнасці супрацоўніка банка і прадстаўнікоў атрада. Усе разам мы – сіла. Калі хтосьці не можа фізічна паўдзельнічаць у пошуках прапаўшых людзей, то ў кожнага ёсць магчымасць перадаць абсталяванне і іншыя неабходныя рэчы для пошукавай работы, ахвяраць сродкі на развіццё атрада. Не заставайцеся раўнадушнымі. У выпадку прапажы роднага чалавека вы можаце звярнуцца кругласутачна па кантактным тэлефоне атрада «Ангел» г. Стоўбцы: + 375-25-77-92-298 ці па короткім нумары 7733.

Святлана ЖЫБУЛЬ

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *