Заняць падлеткаў у летні час

Нумары Увага - дзецям

З 1-га мая па 1-га кастрычніка праводзіцца рэспубліканская міжведамасная праграма «Клопат». На Стаўбцоўшчыне яна пачала рэалізоўвацца згодна з планам мерапрыемстваў, зацверджаным на пасяджэнні раённай камісіі па справах непаўналетніх.

Сярод мэт міжведамаснай праграмы – арганізацыя летняй занятасці і вольнага часу непаўналетніх, а таксама недапушчэнне ўчынення імі злачынстваў і правапарушэнняў, дзіцячай гібелі і траўматызму. У першую чаргу ўвага накіравана на непаўналетніх, з якімі праводзіцца індывідуальная прафілактычная работа, дзяцей, становішча якіх прызнана сацыяльна небяспечным, а таксама непаўналетніх, якія прыбылі з іншых раёнаў на перыяд летніх канікул, і т. п.

З падлеткамі, з якімі праводзіцца індывідуальна-прафілактычная работа, і іх бацькамі на адным з пасяджэнняў камісіі адбудзецца гутарка, каб аказаць ім садзейнічанне ў занятасці з улікам пажаданняў. У летнія месяцы, як вядома, у раёне будуць працаваць студэнцкія атрады, профільны лагер «Абаронца Айчыны», будуць функцыянаваць аб’яднанні па інтарэсах у Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі, клубных установах, у тым ліку ў вячэрні час і выхадныя дні. Патрэбы ў летнім аздараўленні і працаўладкаванні таксама вывучаюцца з бацькамі і дзецьмі, становішча якіх прызнана сацыяльна небяспечным. «Будуць прыняты меры для максімальнага прыцягнення да аздараўлення дзяцей з праблемных і шматдзетных сем’яў», – падкрэсліла намеснік старшыні камісіі Наталля Хвасько.

Вызначана, што ў рамках міжведамаснай праграмы «Клопат» у школах напярэдадні летніх канікулаў пройдзе цыкл сустрэч і гутарак «Бяспечныя канікулы» па растлумачэнні крымінальнага і адміністрацыйнага заканадаўства, правіл супрацьпажарнай бяспекі, паводзін на вадзе, у лесе, накіраваных на прафілактыку п’янства, наркаманіі і ўжывання курыльных сумесяў.

Кантроль за правядзеннем мерапрыемстваў будзе ажыццяўляцца з дапамогай маніторынгаў і рэйдавых мерапрыемстваў.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *