У цэнтры ўвагі – маладзёжная палітыка

Моладзь Стаўбцоўшчыны Нумары

230518b

У аграгарадку Ждановічы, на базе дзяржаўнай установы дадатковай адукацыі дарослых «Рэспубліканскі цэнтр павышэння кваліфікацыі кіруючых работнікаў і спецыялістаў лясной гаспадаркі» прайшоў VІІІ Мінскі абласны форум маладых спецыялістаў. Ад нашага раёна ў мерапрыемстве прынялі ўдзел намеснік дырэктара ААТ «Жацерава» Карына Аруцюнян, галоўны энергетык Міхаіл Турко і заатэхнік-селекцыянер Таццяна Царык з ААТ «Агранёманскі», ветфельчар ТАА «СЖК «Налібакі» Віталій Чарняўскі. Кандыдатуры гэтых маладых людзей былі выбраны не выпадкова – усе яны добра ведаюць сваю справу, адказныя спецыялісты.

Адкрыў форум старшыня Мінскага абкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Міхаіл Бода. Міхаіл Тарасавіч расказаў аб мэце форуму. Адзначыў, што паспяховая работа аграпрамысловага комплексу залежыць ад таго, наколькі поўна сельскагаспадарчая галіна рэспублікі ўкамплектавана кваліфікаванымі кадрамі, і менавіта маладымі спецыялістамі. У гэтым плане існуе пэўная праблема. Назіраецца адток маладых спецыялістаў з вёсак пасля адпрацоўкі належнага, паводле заканадаўства, тэрміну. Таму на месцах неабходна рабіць усё для таго, каб зацікавіць выпускнікоў вышэйшых і спецыяльных сельскагаспадарчых устаноў заработнай платай, жыллём, арганізацыяй вольнага часу. Асаблівая ўвага была ўдзелена маладзёжнай палітыцы, якую праводзіць абкам прафсаюза.

Абмеркаванне праблем, што з’яўляюцца асноўнымі прычынамі высокай цякучасці кадраў у сельгасарганізацыях, працягнулася за круглым сталом. Удзельнікі форуму расказвалі пра сваю работу ў сельгасарганізацыях, аб праблемах, якія хвалююць, дзяліліся вопытам з калегамі. Ад нашай дэлегацыі выступіла Карына Аруцюнян. Працоўная кар’ера дзяўчыны склалася ўдачна, за кароткі час яна «вырасла» да намесніка дырэктара, без адрыву ад вытворчасці скончыла магістратуру і працягвае працаваць у сельгаставарыстве. Карына Гарыгінаўна ўпэўнена, што праводзіць такія мерапрыемствы патрэбна, бо яны яднаюць моладзь. Да таго ж, дазваляюць не толькі сустрэцца з былымі аднакурснікамі, а і знайсці новых сяброў. Адначасова павысіць свой агульнаадукайны ўзровень, а таксама змястоўна бавіць вольны час.

Згодна з праграмай форуму маладыя спецыялісты праслухалі некалькі лекцый. Пра кадравую і маладзёжную палітыку ў аграпрамысловым комплексе, актуальныя пытанні прававой, сацыяльна-эканамічнай абароны маладых спецыялістаў. Вялася гаворка аб тым, як пазбегнуць выгарання і эмацыянальных стрэсаў у працэсе працоўнай дзейнасці. Усе атрымалі метадычныя рэкамендацыі «Правы і гарантыі маладых спецыялістаў», якія распрацаваў маладзёжны савет Мінскага абласнога прафсаюза.

Сярод удзельнікаў форуму правялі анкетаванне, якое выявіла асноўныя прычыны, што вымушаюць маладых спецыялістаў пакідаць вёску. У іх ліку – нізкая заработная плата, рэжым рабочага часу, фізічная і псіхалагічная напружанасць працы.

На здымку: (злева направа) Віталій Чарняўскі, Карына Аруцюнян, Таццяна Царык і Міхаіл Турко.

Надзея БАТАЛКА, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *