Інфармуе газета

Кантроль, бяспека Нумары

260518e

РЭЙД У ЛІТВЕНСКІ СЕЛЬСАВЕТ

На Стаўбцоўшчыне працягваюцца пажарна-прафілактычныя рэйды ў жылым сектары, падчас якіх домаўладальнікам нагадваюць пра правілы пажарнай бяспекі і магчымыя наступствы іх парушэння.

У мінулыя выхадныя такая работа праводзілася пад дэвізам «Актуальная бяспека» на тэрыторыі Літвенскага сельсавета. Да слова, неабыякавымі да пытанняў бяспекі аказаліся не толькі супрацоўнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях. Акрамя іх, удзел у рэйдзе бралі прадстаўнікі тэрытарыяльнага цэнтра і сацыяльна-педагагічнага цэнтра, Стоўбцыгаза і энерганагляду, рэдакцыі газеты. Па-ранейшаму асаблівая ўвага нададзена домаўладанням, у якіх пражываюць сем’і з малалетнімі дзецьмі, толькі састарэлыя грамадзяне.  

Не пакідаць без нагляду малалетніх дзяцей, не курыць у доме (асабліва ў стане алкагольнага ап’янення), не перагружаць электрасеткі і не забываць пра правілы эксплуатацыі пячнога ацяплення – пытанні, пра якія не перастаюць нагадваць выратавальнікі. І будуць рабіць гэта да таго часу, пакуль ёсць людзі, якія лічаць: «Столькі ўжо гадоў жылі з трэшчынай у дымаходзе або са скруткамі ў электраправодцы – і далей пражывём». Акрамя таго, вяскоўцам і гараджанам настойліва рэкамендуецца падружыцца з такім прыборам, як аўтаномны пажарны апавяшчальнік. І няхай той-сёй скажа, што выратавальнікі «ўжо прыходзілі з праверкай і ўсё растлумачылі», відавочна адно: бяспекі многа не бывае.

Пр

 

КАГО ПРЫНЯЦЬ ВАРТАЎНІКОМ

Пры правядзенні праверак юрыдычных асоб наконт выканання ўмоў і правіл ажыццяўлення ахоўнай дзейнасці ў 2017 годзе выяўлены парушэнні патрабаванняў Закона Рэспублікі Беларусь «Аб ахоўнай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь» і Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «Аб ліцэнзаванні асобных відаў дзейнасці».

У сувязі з гэтым кіраўнікам арганізацый і прадпрыемстваў, якія маюць ліцэнзію на права ажыццяўлення ахоўнай дзейнасці, неабходна звярнуць увагу на асобныя моманты.

Сярод іх – наяўнасць у штаце не менш за трох работнікаў аховы, для якіх работа ў гэтага наймальніка з’яўляецца асноўным месцам працы. Работнікамі аховы ў арганізацыях, якія не валодаюць правам стварэння ваенізаванай аховы (вартаўнікамі), могуць быць паўналетнія грамадзяне Рэспублікі Беларусь, якія па стане здароўя, а таксама прафесійных навыках прыдатныя да выканання абавязкаў работнікаў аховы. Юрыдычная асоба займаецца прафесійнай падрыхтоўкай работнікаў, якія непасрэдна ажыццяўляюць ліцэнзуемую дзейнасць. Не пазней чым праз два месяцы з дня прыёму на работу работнікі аховы абавязаны прайсці ацэнку ведаў (тэсціраванне) ў Стаўбцоўскім аддзяленні Дэпартамента аховы. Пералік тэм для ацэнкі ведаў размешчаны на афіцыйным сайце www.ohrana.gov.by.

Работнікамі аховы не могуць быць грамадзяне, якія маюць судзімасць, прызнаныя ва ўстаноўленым законам парадку недзеяздольнымі або з абмежаваннямі ў дзеяздольнасці, якім прад’яўлена абвінавачанне ва ўчыненні злачынства, якія стаяць на ўліку ў арганізацыях аховы здароўя ў сувязі з псіхічным захворваннем, сіндромам залежнасці ад алкаголю, наркатычных сродкаў, таксікаманічных або псіхатропных рэчываў, а таксама якія стаяць на ўліку ў аддзеле ўнутраных спраў у сувязі з супрацьпраўнымі паводзінамі і т. п.

Юрыдычная асоба не пазней чым праз месяц з дня прыёму на работу ў службу аховы павінна прадставіць у Стаўбцоўскае аддзяленне спісы наноў прынятых работнікаў, якія ажыццяўляюць ліцэнзуемую дзейнасць. Ліцэнзіят абавязаны ажыццяўляць кантроль за дзейнасцю работнікаў ведамаснай аховы. Апошнія могуць выконваць свае абавязкі пры наяўнасці службовых пасведчанняў і жэтонаў, узоры і апісанне якіх зацверджаны пастановай Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь ад 15 мая 2017 года № 601 (кансультацыю па пытаннях ліцэнзавання ахоўнай дзейнасці можна атрымаць па тэл. 5-14-28, па адрасе: г. Стоўбцы, вуліца Гайдука, 21).  

Невыкананне ліцэнзійных патрабаванняў з боку ліцэнзіята цягне адміністрацыйную адказнасць згодна з артыкулам 23.57 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях.

Аляксандр РАК, інспектар Стаўбцоўскага аддзялення Дэпартамента аховы

 

ЗВЕСЦІ РЫЗЫКУ ДА МІНІМУМУ

Сітуацыя па афрыканскай чуме свіней ацэньваецца сёння як вельмі сур’ёзная. Таму вельмі важна, каб гаспадары, якія трымаюць на ўласным падвор’і свінапагалоўе, аб’ектыўна ацэньвалі патэнцыяльную небяспеку і дакладна прытрымліваліся неабходных мер засцярогі. Трэба памятаць, што небяспека заносу віруса афрыканскай чумы свіней на ўласнае падвор’е існуе пастаянна і павялічваецца ў некалькі разоў з надыходам сезона збору ягад і грыбоў. Самыя строгія меры патрэбна прыняць на тых падвор’ях, якія размешчаны паблізу лясных масіваў. На жаль, у прыватным сектары біялагічная абарона жывёлы жадае быць лепшай. У гаспадароў адсутнічае зменны абутак і спецыяльнае адзенне, няма ўмоў і сродкаў для правядзення дэзынфекцыі памяшканняў.

Каб засцерагчы свіней ад гэтай небяспечнай хваробы, трэба забяспечыць безвыгульнае іх утрыманне, не дапускаць кантакту з людзьмі, дамашняй жывёлай і птушкай. Неабходна выключыць магчымасць пападання віруса з кормам, таму набываць кармы трэба толькі праз гандлёвую сетку і падвяргаць іх тэрмічнай апрацоўцы. Раслінныя кармы (нават звычайную траву) трэба абавязкова праварваць, бо ўзбуджальнік захворвання гіне пры кіпячэнні на працягу двух-трох мінут. Пастаянна весці барацьбу з насякомымі і грызунамі.

Пры малейшых прыкметах недамагання ў жывёлы неабходна без прамаруджвання звяртацца да ветэрынарнага спецыяліста. Мяса дамашніх свіней можна ўжываць у ежу толькі пасля правядзення ветсанэкспертызы.

Зразумела, стварыць усе ўмовы для бяспечнага ўтрымання свіней няпроста, асабліва ў асабістай гаспадарцы, але неабходна. Парушэнне нормаў утрымання і кармлення свіней (за гэта прадугледжана адміністрацыйная адказнасць) можа садзейнічаць узнікненню новых ачагоў афрыканскай чумы свіней.

Анатолій ГУСАЧОНАК, галоўны ветэрынарны ўрач раёна

 

РАЗАМ ЗРОБІМ ЛЕТА БЯСПЕЧНЫМ

Па традыцыі напярэдадні летніх канікулаў ДАІ праводзіць спецыяльны комплекс мерапрыемстваў «Увага – дзеці!» Сімвалічна адкрыў яго адзіны дзень бяспекі дарожнага руху. Яго дэвіз – «Зробім лета бяспечным разам!»

У ходзе мерапрыемстваў, якія пачаліся 25 мая і будуць доўжыцца да 5 чэрвеня, супрацоўнікі службаў міліцыі грамадскай бяспекі сумесна з работнікамі адукацыі праводзяць у школах і дзіцячых садах прафілактычныя гутаркі аб бяспечных паводзінах на дарозе, а таксама растлумачальную работу сярод дарослых у працоўных калектывах і на бацькоўскіх сходах. Вадзіцелям згодна з п. 166.9 Правілаў дарожнага руху ў гэты перыяд неабходна рухацца з уключаным бліжнім святлом фар. Пры перавозцы дзяцей трэба ў абавязковым парадку прышпіліць іх рамянямі бяспекі. Для дзяцей малодшага ўзросту неабходна спецыяльнае ўтрымліваючае ўстройства. За парушэнне правіл перавозкі дзяцей (ч. 5 арт. 18.14 КоАП Рэспублікі Беларусь) на вадзіцеля накладаецца адміністрацыйнае спагнанне ў выглядзе папярэджання або штрафу ў памеры да чатырох базавых велічынь.

У рэспубліцы праблема дзіцячага дарожна-транспартнага траўматызму застаецца: у бягучым годзе назіраецца рост аварый з непаўналетнімі. З пачатку года зарэгістравана 27 ДТЗ (у 2017 годзе – 13) з удзелам дзяцей, у іх трое дзяцей загінулі і 28 – траўміраваны. У дзесяці аварыях дзеці былі пасажырамі, у 14 – пешаходамі, у дзвюх – веласіпедыстамі, у адной – вадзіцелем. Па віне саміх дзяцей адбылося дзевяць ДТЗ. Умовай для ўчынення аварый стала і знаходжанне дзяцей-веласіпедыстаў да 14-гадовага ўзросту на дарогах агульнага карыстання без дарослых. У выпадку выяўлення супрацоўнікамі міліцыі фактаў парушэння правілаў дарожнага руху непаўналетнімі ў адносінах да бацькоў будуць складзены адміністрацыйныя пратаколы (артыкул 9.4 КоАП).

Найбольш часта дзеці трапляюць у аварыі па прычыне пераходу праезджай часткі па-за пешаходным пераходам, нечаканага выхаду з-за транспартнага сродку ці іншых перашкод, якія абмяжоўваюць вадзіцелю бачнасць, знаходжання на праезджай часткі без суправаджэння дарослых.

Паважаныя бацькі! Вам неабходна прыняць усе меры, каб не дапусціць няшчасных выпадкаў з дзецьмі. Будзьце ім прыкладам на дарозе. Не пакідайце іх без нагляду. Забяспечце іх вопратку, абутак святлоадбівальнымі элементамі, якія дапамогуць вадзіцелю зараней звярнуць увагу на дзіця-пешахода і, адпаведна, прыняць меры для тармажэння або экстраннага прыпынку. Важнае пытанне – каб на дарозе дзеці не размаўлялі па мабільным тэлефоне і не былі ў навушніках.

Сяргей КАЛОМЕНСКІ, старшы інспектар дарожна-патрульнай службы аддзела ДАІ райаддзела міліцыі

 

УЛАДАЛЬНІКАМ ЛОДАК

У дзяржаўную інспекцыю па маламерных суднах сталі паступаць пытанні ад уладальнікаў вёславых, маторных суднаў з падвяснымі лодачнымі рухавікамі магутнасцю да пяці конскіх сіл: «Ці праўда, што для некаторых маламерных суднаў прапаноўваецца адмяніць рэгістрацыю і тэхагляд?»

У сучасны момант падрыхтаваны праект Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, які прадугледжвае выключэнне неабходнасці правядзення адміністрацыйных працэдур па дзяржаўнай рэгістрацыі і тэхнічным аглядзе грэбных лодак, байдарак, надзіманых і парусных суднаў, плошча паруса якіх менш за 8 квадратных метраў, і маторных маламерных суднаў, магутнасць рухавіка якіх не перасягае 3,7 кілавата (пяць конскіх сіл), такая працэдура можа быць ажыццёўлена толькі па вашым жаданні пры падачы заявы.

Праект данага ўказа праходзіць у сучасны момант узгадненне ў дзяржаўных органах Рэспублікі Беларусь. У выпадку падпісання дакумента пасля пачатку навігацыйнага перыяду 2018 года меры адміністрацыйнага ўздзеяння да ўладальнікаў вёславых і маторных суднаў за адсутнасць рэгістрацыі і непраходжанне тэхнічнага агляду прымяняцца не будуць.

Важна ўсведамляць: незалежна ад таго, падлягае маламернае судна дзяржаўнай рэгістрацыі і класіфікацыі, а таксама тэхнічнаму агляду ці не, кожнае павінна эксплуатавацца ў спраўным тэхнічным стане з неабходным камплектам аснашчэння пры захаванні правілаў бяспекі руху.

Па ўсіх пытаннях, звязаных з маламернымі суднамі, можна звяртацца ў Стаўбцоўскі ўчастак дзяржаўнай інспекцыі па маламерных суднах ці тэлефанаваць на нумары: 8-029-930-72-33, 4-25-58, з 8 да 13 гадзін.

Інфармуем, што прадастаўляецца магчымасць навучання на права кіравання маторнымі маламернымі суднамі з магутнасцю рухавіка да пяці конскіх сіл.

Андрэй ГРЫНЁК, інспектар дзяржаўнай інспекцыі па маламерных суднах

 

УЖО ТРЫ НЯШЧАСНЫЯ ВЫПАДКІ З РЫБАКАМІ

З пачатку 2018 года ўжо зафіксаваны тры няшчасныя выпадкі, якія адбыліся ў выніку паражэння электрычным токам пры лоўлі рыбы і выкарыстанні рыбалоўнага рыштунку. Не абышлося без трагедый.

Так, 14 красавіка загінуў жыхар вёскі Рудня Марымонава Гомельскага раёна, які рыбачыў на меліярацыйным канале пад лініяй электраперадачы. 9 мая здарыліся адразу два няшчасныя выпадкі: з жыхаром Маладзечна, які на рацэ Заходняя Бярэзіна ў месцы перасячэння паветранай лініі вудзільнам наблізіўся на недапушчальную адлегласць да правадоў і быў смяротна траўміраваны токам, і ў Мінску, на тэрыторыі гаражнага кааператыва, дзе мужчына пры аглядзе вуглепластыкавага вудзільна дакрануўся ім да провада лініі электраперадачы і атрымаў значныя тэрмічныя апёкі цела.  

Яшчэ раз заклікаю аматараў рыбнай лоўлі: выконвайце правілы бяспекі паблізу энергааб’ектаў! Катэгарычна забаронена лавіць рыбу пад паветранымі лініямі электраперадачы. Небяспека ўзнікае нават пры набліжэнні да правадоў ЛЭП, а дакрананне прыводзіць да смяротнага зыходу. Растлумачце дзецям правілы паводзін пад лініямі электраперадачы і паблізу энергааб’ектаў.

Віктар ШЛАПКОЎ, кіраўнік групы энергаінспекцыі Стаўбцоўскага МРА «Энерганагляд»

 

У ХОДЗЕ «НАГЛЯДУ»

Для папярэджання злачынстваў і правапарушэнняў з боку асоб, якія маюць судзімасць, выхавання ў іх законапаслухмяных паводзін на тэрыторыі раёна прайшлі спецыяльныя комплексныя мерапрыемствы «Нагляд».

У ходзе «Нагляду» ажыццёўлена 597 праверак у адносінах да 289-ці асоб, якія стаяць на ўліку ў крымінальна-выканальніцкай інспекцыі райаддзела міліцыі. Вынікам праверак стала прыцягненне да дысцыплінарнай адказнасці чатырох асуджаных да абмежавання волі, трох асоб – да дысцыплінарнай ізаляцыі. Накіраваны ў суд матэрыялы ў адносінах да двух паднаглядных, у якіх выяўлены парушэнні патрабаванняў прэвентыўнага нагляду, для прыцягнення іх да адміністрацыйнай адказнасці згодна з артыкулам 24.12 КоАП Рэспублікі Беларусь, у адносінах да яшчэ дзвюх асоб – для ўстанаўлення прэвентыўнага нагляду (у адносінах да адной з іх такі нагляд устаноўлены). Адбылося выязное пасяджэнне суда раёна па асуджэнні асобы ў адпаведнасці з артыкулам 422 Крымінальнага кодэкса.

Асноўнымі праблемамі для тых, за кім ажыццяўляецца прэвентыўны нагляд і хто вызваліўся з месцаў пазбаўлення волі, з’яўляецца адсутнасць дакументаў, сацыяльных сувязяў, сваякоў, жылля… З-за сацыяльнага статусу, нізкай прафесійнай падрыхтоўкі самастойна яны не ў стане выйсці з гэтай сітуацыі і маюць вострую патрэбу ў дапамозе як з боку супрацоўнікаў міліцыі, так і грамадскіх арганізацый і сацыяльных службаў.  

Асобы, якія маюць судзімасць і ў якіх склаліся цяжкія жыццёвыя абставіны, заўсёды могуць звярнуцца па дапамогу ў крымінальна-выканальніцкую інспекцыю райаддзела міліцыі (г. Стоўбцы, вуліца Гайдука, 21, тэл.:   5-01-74, 5-14-83.

Уладзімір КУХАРЧЫК,начальнік крымінальна-выканальніцкай інспекцыі райаддзела міліцыі

 

ПЛЯЖ – ГРАМАДСКАЕ МЕСЦА

Часта падчас адпачынку на пляжы ці ў іншым грамадскім месцы людзі распіваюць спіртныя напіткі на вачах у дзяцей і іншых грамадзян, разводзяць кастры ў пажаранебяспечны перыяд і ўвогуле забываюць пра элементарныя меры бяспекі, што можа прывесці да трагічных наступстваў. За гэта прадугледжана і адміністрацыйная адказнасць.

На тэрыторыі раёна ўстаноўлена сем месцаў масавага адпачынку ля вады (пляж на рацэ Нёман у рысе горада, пляж на гарадскім возеры, пляж на турбазе «Высокі бераг», зоны масавага адпачынку на рацэ Нёман непадалёку ад лагера «Церамок», на азёрах у аграгарадку Горкі і вёсцы Падгорная, на возеры Кромань). У месцах масавага адпачынку ля вады створаны ўсе неабходныя ўмовы для адпачынку і паркоўкі аўтамотатранспарту. Зоны масавага адпачынку з’яўляюцца грамадскім месцам, іх для забеспячэння грамадскага парадку патрулююць нарады міліцыі.

Каб пазбегнуць няшчасных выпадкаў на вадзе, неабходна купацца не раней чым праз 1,5-2 гадзіны пасля прыёму ежы, у цвярозым стане, ва ўстаноўленых для гэтага месцах, плаваць на спраўнай і абсталяванай выратавальнымі сродкамі лодцы. Нельга купацца ў адзіночку, у цёмны час сутак, пры моцных хвалях, скакаць у ваду ў месцах з невядомымі глыбінёй і рэльефам дна, заплываць за загараджальныя знакі і далёка ад берага, пакідаць дзяцей ля вадаёмаў без нагляду.

Адміністрацыйная адказнасць

Згодна з артыкулам 17.3 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях Рэспублікі Беларусь распіванне алкагольных, слабаалкагольных напіткаў або піва ў грамадскім месцы ці з’яўленне ў грамадскім месцы ў стане ап’янення цягне накладанне штрафу ў памеры да васьмі базавых велічынь, а ў выпадку паўторнага ўчынення на працягу года – да 15 базавых велічынь ці адміністрацыйны арышт.

За распальванне кастроў у забароненых месцах (артыкул 15.58 КоАП) – штраф у памеры да 12 базавых велічынь.  

За забруджванне лесу і іншай драўнінна-куставой расліннасці (артыкул 15.30 КоАП) – штраф у памеры да 20 базавых велічынь.

За зняважлівае прыставанне да грамадзян і іншыя наўмысныя дзеянні, якія парушаюць грамадскі парадак, спакой грамадзян і выражаюцца ў яўнай непавазе да грамадства (артыкул 17.1 КоАП) – штраф да 30 базавых велічынь, адміністрацыйны арышт.

За купанне ў забароненых месцах рэк, азёр і іншых вадаёмаў (артыкул 23.63 КоАП) – штраф у памеры тры базавыя велічыні.

(Да ведама: адна базавая велічыня – 24,5 рубля).

Аддзел аховы правапарадку і прафілактыкі райаддзела міліцыі

 

АПЕРАЦЫЯ «МАК»

З 1 чэрвеня па 15 верасня на тэрыторыі Стаўбцоўскага раёна будзе праходзіць спецыяльная праграма «Мак». Яе мэта – не дапусціць на тэрыторыі раёна распаўсюджання наркотыкаў расліннага паходжання, да якіх адносяцца мак і каноплі.

Самай даступнай сыравінай для вырабу наркотыкаў у летні перыяд з’яўляецца опій, які ўтрымліваецца ў раслінах маку.

Мак і каноплі – забароненыя расліны. За пасеў і вырошчванне іх прадугледжана адміністрацыйная і крымінальная адказнасць. У адпаведнасці з арт. 16.1 КоАП Рэспублікі Беларусь за пасеў ці вырошчванне забароненых раслін, якія ўтрымліваюць наркатычныя сродкі, прадугледжаны штраф у памеры да 20 базавых велічынь, а паводле арт. 329 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь прадугледжаны штраф ці арышт да шасці месяцаў, або пазбаўленне волі на тэрмін да трох гадоў, калі хто вырашыць збыць гэтыя расліны.

Усе, каму вядома аб фактах захоўвання, вырабу, збыту ці ўжывання наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсараў і аналагаў, а таксама аб месцах вырошчвання маку і каноплі, просім паведаміць у раённы аддзел унутраных спраў па тэл.: 5-11-71, 5-11-98, 5-19-15. Ананімнасць гарантуецца.

Міхаіл МІГУРА, першы намеснік начальніка Стаўбцоўскага РАУС



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *