Раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі раіць

Медыцына Нумары

НЕ ДАПУСЦІЦЬ ІНФЕКЦЫЙНЫХ ЗАХВОРВАННЯЎ

З прыходам цяпла павялічваецца рызыка ўзнікнення вострых кішэчных інфекцый. У нашым раёне за чатыры месяцы ў структуры такіх інфекцый ротавірусныя энтэрыты склалі 75 працэнтаў. Часцей хварэлі дзеці ва ўзросце да трох гадоў. Прычынай у большасці выпадкаў стала ўжыванне дрэнна вымытых фруктаў і гародніны. Таму ў мэтах прафілактыкі неабходна выконваць наступнае: строга захоўваць правілы асабістай гігіены і кантраляваць іх выкананне дзецьмі; старанна мыць рукі з мылам перад прыгатаваннем ежы, перад ядой, пасля наведвання туалета, пасля прыходу з вуліцы; не купляць прадукты харчавання на стыхійных рынках; пры пакупцы прадуктаў звяртаць увагу на тэрміны прыдатнасці і ўмовы захоўвання. Не ўжывайце прадукты і напіткі, на якіх сышоў тэрмін прыдатнасці, а таксама пры падазрэнні адносна іх якасці; не дапускайце судакранання сырых прадуктаў з тымі, якія не будуць падвяргацца тэрмічнай апрацоўцы; выкарыстоўвайце розныя кухонныя дошкі, нажы для сырых і гатовых прадуктаў. Для дзяцей малочную сумесь рыхтуйце ў колькасці, патрэбнай на адно кармленне; кансерваваныя дзіцячыя прадукты выкарыстоўвайце адразу пасля ўскрыцця; сачыце за чысцінёй дзіцячых цацак, бутэлечак, сосак. Утрымлівайце кухню ў чысціні. Не дапускайце кантакту насякомых і грызуноў з харчовымі прадуктамі. Не выкарыстоўвайце ваду для піцця і прыгатавання ежы з невядомых крыніц. Не займайцеся прыгатаваннем стравы, калі адчуваеце сябе нездаровымі (асабліва пры расстройстве стула, ванітах, болях у жываце). Не займайцеся самалячэннем. Пры першых прыкметах захворвання звяртайцеся да ўрача.

Калі прытрымлівацца гэтых правілаў, можна засцерагчыся ад вострых кішэчных інфекцый.

Ірына ПЯТРОВІЧ,загадчыца аддзела эпідэміялогіі раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі

 

СТАЎБЦОЎШЧЫНА БЕЗ ТЫТУНЮ

З 11 па 31 мая ў Рэспубліцы Беларусь праводзіцца інфармацыйна-асветніцкая акцыя «Беларусь супраць тытуню». Яе дэвіз – «Тытунь і хваробы сэрца». Галоўная задача акцыі і Сусветнага дня без тытуню, які традыцыйна адзначаецца 31 мая, – адукацыя, папулярызацыя здаровага ладу жыцця і дапамога ў адмове ад шкоднай звычкі.

Згодна з данымі Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, штогод глабальная тытунёвая эпідэмія забірае жыцці больш за сем мільёнаў чалавек, з якіх каля 900 тысяч не з’яўляюцца курыльшчыкамі і паміраюць у выніку ўдыхання другаснага тытунёвага дыму. Гэта значныя лічбы, таму ёсць важная прычына перагледзець свой лад жыцця і нарэшце адмовіцца ад згубнай звычкі. Нягледзячы на агульнавядомае ўздзеянне тытуню на здароўе сэрца, не ўсе ведаюць пра тое, што тытунь – у ліку асноўных прычын сардэчна-сасудзістых захворванняў. Ужыванне тытуню з’яўляецца істотным фактарам рызыкі развіцця ішэмічнай хваробы сэрца, інсульту і хваробы перыферычных сасудаў. Ад сардэчна-сасудзістых захворванняў памірае больш людзей, чым ад любой іншай прычыны ў свеце. Не выпадкова, што барацьба супраць ужывання тытуню замацавана ў праграме, прысвечанай пытанням устойлівага развіцця.

У рамках акцыі запланавана правядзенне круглых сталоў, распаўсюджанне сярод насельніцтва інфармацыйна-адукацыйных матэрыялаў па пытаннях прафілактыкі курэння. Намечаны дні адкрытай інфармацыі, сацыяльныя апытанні і т. п.

Падлічана, што ў тытунёвым дыме прысутнічае больш за 4000 хімічных рэчываў, з якіх, па меншай меры, 250 вядомыя як шкодныя, а больш за 50 – як канцэрагены. У ліку самых атрутных кампанентаў тытуню – нікацін, які паражае пераважна цэнтральную нервовую сістэму і смяротны для чалавека ў дозе ўсяго 0,06-0,08 г (столькі трапляе ў арганізм пры хуткім скурванні 20-25 цыгарэт).

Курэнне не толькі выклікае хваробы, але і спрыяе іх развіццю, аслабляючы ахоўныя рэакцыі арганізма. З курэннем у цяперашні час статыстычна дакладна звязваецца рост розных сур’ёзных захворванняў (акрамя ішэмічнай хваробы сэрца гэта сухоты, эмфізэма і рак лёгкіх, астматычныя бранхіты, язвавая хвароба страўніка і 12-перснай кішкі, захворванні нервовай сістэмы і т. п.), якія прыводзяць да інваліднасці.

Кожнаму з нас хочацца выглядаць здаровым і маладым. І толькі ведучы здаровы лад жыцця і адмовіўшыся ад курэння, магчыма дасягнуць гармоніі з самім сабой. А дасягнуць гармоніі з самім сабой – значыць, дасягнуць гармоніі з усім навакольным светам.

Паліна ЧАПСКАЯ,памочнік урача-гігіеніста ДУ «Стаўбцоўскі РЦГіЭ»



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *