Ад лямпачак да водаправода

Нумары Прамая лінія

На мінулым тыдні прайшла прамая тэлефонная лінія па жыллёва-камунальных пытаннях. Адказваў на іх галоўны інжынер Стаўбцоўскага аб’яднання камунальных службаў Алег Кухарчык.

Паслухаем, што хвалюе жыхароў раёна і як іх праблемы будуць вырашацца.

Н. В. Таўстуха з вуліцы Трактарнай, 8, у Новым Свержані ўзняла пытанне аплаты за бягучы рамонт пад’езда. Налічэнні за рамонт у жыроўцы ідуць ужо чацвёрты месяц.

Алег Кухарчык:

– Рамонт пад’езда быў зроблены ў пачатку 2018 года. Растэрміноўка па аплаце даецца, як правіла, на тры месяцы. Будзем разбірацца, чаму плацеж перайшоў на чацвёрты месяц. Дадзім вам пісьмовы адказ. Бягучыя рамонты пад’ездаў за кошт жыльцоў праводзяцца ўжо трэці год. На сходзе з жыльцамі папярэдне мы агучваем яго арыенціровачны кошт.

Жыльцы дзевяцікватэрнага дома па вуліца Цітова, 16, у Стоўбцах пазванілі наконт рамонту казырка над пад’ездам. Збіта адна са стоек.

– З майстрам пад’едзем да вас і паглядзім, што неабходна выправіць. Па заяўках жыльцоў АКС рамантуе казыркі, балконы. Летась адрамантавалі чатыры балконы ў Наваколасаве.

Жыхары Любкаўшчыны наракалі на нясвоечасовую ачыстку кантэйнераў.

– Выйшаў са строю транспарт. Сёння ачысцім кантэйнеры. Такіх зрываў, спадзяёмся, больш не будзе. Адновім графік. Вадзіцелі машын-смеццявозаў працуюць з васьмі раніцы да васьмі вечара.

Працягваем працаваць і па ўстаноўцы кантэйнераў у сельскай мясцовасці. Іх закуплена 360 штук. Трыццаць ужо аддадзена ў Дзераўнянскі сельсавет, восем – у Вішнявецкі. Рубяжэвіцкі сельсавет займаецца падборам пляцоўкі для ўстаноўкі кантэйнераў. АКС устанаўлівае, а сельвыканкам папярэдне рыхтуе аснову пад іх. Хочацца, каб сельвыканкамы больш працавалі з людзьмі. Людзі не павінны несці ў кантэйнеры тое, што не з’яўляецца камунальнымі адходамі.  

Тэлефанаванне з вуліцы Піянерскай, 1, у Стоўбцах звязана з падводам водаправода.

– Вывучым ваша пытанне. Калі, як вы кажаце, падключэнне да цэнтральнага водаправода магчыма праз зямельны ўчастак суседа, на гэта спатрэбіцца згода суседа.

З гарадской вуліцы Ленінскай, 77, звярнуліся наконт устаноўкі лічыльніка вады.

– Неабходна звярнуцца ў АКС з заявай, аплаціць кошт работ у памеры 17 рублёў. Можна ўстанавіць лічыльнік і самім. Будзе танней (6,54 рубля за тэхнічную прыёмку прыбора ўліку вады ў эксплуатацыю). Але, звяртаю ўвагу, што ўрэзка ў сеткі робіцца выключна работнікамі водаканалу. Для гэтага трэба абавязкова звяртацца ў водаканал. Інакш – чакае вялікі штраф.

Стаўбчанін Карачун з вуліцы Царука, 11, узнімаў розныя пытанні: аб аснашчэнні дваровай тэрыторыі пясочніцай і сметніцамі, пафарбоўцы лавак, устаноўцы ў пад’ездзе дадатковай святлодыёднай лямпачкі і т. п.

– Летась АКС закупіў і ўстанавіў у пад’ездах 150 святлодыёдных лямпачак. На працягу гэтага года будзе ўстаноўлена яшчэ 300 такіх лямпачак. Работы па добраўпарадкаванні двароў праводзяцца зыходзячы з фінансавання. Шмат што залежыць і ад саміх жыльцоў. Вы, дарэчы, можаце паўдзельнічаць у конкурсе на лепшы двор, які аб’яўлены нашым прадпрыемствам да 425-годдзя Стоўбцаў. Да юбілею мы фарбуем фасады дамоў, балконы па вуліцы Цэнтральнай. Будзем устанаўліваць там новыя святлодыёдныя ліхтары, ствараць кампазіцыі з туй, кветнікі. На скрыжаванні вуліц Цэнтральнай і Энгельса заменена асфальтавае пакрыццё. Аналагічныя работы вядуцца з прыцягненнем ДБУ № 29 на вуліцы Гагарына (на ўчастку ад вуліцы Магістральнай да выезду з горада).          

Ганна Іосіфаўна з дома № 12 па вуліцы Цэнтральнай паскардзілася на тое, што гарачая вада, якая цячэ ў кране,– толькі цёплая.

– У вас кааператыўны дом. Звяртайцеся з гэтым пытаннем да старшыні свайго кааператыва. Цяпер кааператыў напрамую плаціць за гарачую ваду маторнаму заводу, таму вы маеце права звярнуцца туды адносна неадпаведнасці тэмпературы вады. АКС адрасаваў такую пісьмовую прэтэнзію заводу ў дачыненні да тых дамоў, якія знаходзяцца на яго балансе (тэмпература вады была ніжэй за 50 оС). Філіялам маторнага завода ў адпаведнасці з палажэннем аб прадастаўленні жыллёва-камунальных паслуг быў зроблены пераразлік. Недагрэў вады на адзін градус – гэта 2,5 працэнта скідкі ў аплаце. Тэмпературныя замеры вады вы можаце зрабіць самі, у прысутнасці старшыні кааператыва, скласці акт.

Грамадзянін Жыбуль з Заямнага выказаў просьбу аб адкрыцці ў аграгарадку лазні, якая калісьці была зачынена.

– Лазню закрываюць, калі няма наведвальнікаў. Яе ўтрыманне патрабуе выдаткаў. Камунальная лазня працуе ў горадзе, і нават яна не акупляецца. Неабходны сродкі і на рамонт лазні. Падлічым выдаткі і дадзім вам пісьмовы адказ.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *