Чалавек і закон

Кантроль, бяспека Нумары

КАЛІ НАРАДЖАЕЦЦА ДВОЙНЯ

З пачатку года дзяржаўная адрасная сацыяльная дапамога прызначана 371 жыхару раёна на агульную суму амаль 102 тысячы рублёў.

З гэтых сродкаў 27 сем’ям прызначана штомесячная сацыяльная дапамога (пераважна тэрмінам на шэсць месяцаў) на агульную суму 23 138 рублёў. 41 дзіця першых двух гадоў жыцця, у тым ліку чатыры двойні, забяспечаны прадуктамі харчавання на суму 13 461 рубель. Дарэчы, пры нараджэнні двойні гэты від дапамогі прызначаецца без уліку даходаў бацькоў.

Самая ж вялікая колькасць заяў паступіла адносна дапамогі на кампенсацыю выдаткаў на набыццё падгузнікаў (упітваючых прасцінаў (пялёнак), уралагічных пракладак). Яна прызначана 238 чалавекам на суму 63 852 рублі. Права на гэты від дапамогі маюць інваліды І групы і дзеці-інваліды з чацвёртай ступенню страты здароўя. За аказаннем дапамогі на кампенсацыю выдаткаў на набыццё падгузнікаў можна звяртацца чатыры разы на год, але не часцей чым раз на месяц. За адзін раз кампенсуюцца выдаткі ў памеры да 309 рублёў 87 капеек.

– Усе іншыя віды дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогі, акрамя дапамогі на набыццё падгузнікаў, прызначаюцца з улікам даходаў сям’і, – падкрэслівае загадчык сектара бытавога забеспячэння ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Святлана Кошман. – У прэтэндэнтаў бюджэт пражытачнага мінімуму не павінен перасягаць 206 рублёў 58 капеек (для атрымання аднаразовай дапамогі – 309,87 рубля).

Нагадаем, што дакументы на аказанне дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогі прымаюць спецыялісты ДУ «Стаўбцоўскі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва» (тэл. 5-15-94), рашэнне аб яе прадастаўленні прымае камісійна ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ  

 

АБ ПАДТРЫМЦЫ СЕМ’ЯЎ З ДЗЕЦЬМІ

З 1-га ліпеня 2017 года ўступіў у сілу Закон Рэспублікі Беларусь «Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь па пытаннях дзяржаўных дапамог сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей». Прайшоў амаль год, але, як сведчыць вопыт работы з сем’ямі, не ўсе знаёмыя з гэтымі змяненнямі.

Нагадаю, законам замацавана, што дзяржаўныя дапамогі прызначаюцца на дзяцей пры ўмове, калі на дзень звароту па дапамогі яны зарэгістраваны па месцы жыхарства (месцы знаходжання) і фактычна пражываюць у Рэспубліцы Беларусь. Уведзена даплата да дапамогі па цяжарнасці, родах асобным катэгорыям жанчын, якія атрымліваюць даную дапамогу ў мінімальным памеры. Законам замацавана права жанчын на атрыманне аднаразовай дапамогі, прадугледжанай у сувязі з пастаноўкай на ўлік да 12-тыднёвага тэрміну цяжарнасці, калі яны сталі на такі ўлік не толькі ў дзяржаўных, а і ў іншых арганізацыях аховы здароўя.

Змяніўся падыход да пераразліку памеру дапамогі па доглядзе дзіцяці ва ўзросце да трох гадоў: замест чатырох – два разы на год (з 1 лютага і з 1 жніўня). Ажыццяўляецца выплата дапамогі па доглядзе дзіцяці ва ўзросце да трох гадоў у поўным памеры індывідуальным прадпрымальнікам і іншым асобам, якія самастойна выплачваюць абавязковыя страхавыя ўзносы, калі яны знаходзяцца ў працэсе спынення прадпрымальніцкай дзейнасці або спынілі яе згодна з прыгаворам суда, ці ў сувязі з прыпыненнем ліцэнзіі на ажыццяўленне дзейнасці.

Уведзена новая катэгорыя сем’яў, якія маюць права на дапамогу на дзяцей ва ўзросце старэй за тры гады з асобных катэгорый сем’яў, – сем’і, у якіх бацька (айчым) праходзіць альтэрнатыўную службу. Сем’ям, у якіх бацькі з’яўляюцца інвалідамі І або ІІ групы ці адзін з бацькоў з’яўляецца інвалідам І групы, а другі ажыццяўляе догляд за ім з атрыманнем дапамогі па доглядзе, прадастаўлена права на дапамогу на дзяцей ва ўзросце старэй за тры гады з асобных катэгорый сем’яў да дасягнення дзецьмі ўзросту 18 гадоў без якіх-небудзь умоў да іх навучання. Гэта значыць, што яны могуць атрымліваць дапамогу на дзяцей, якія навучаюцца на бюджэтнай аснове, завочнай (дыстанцыйнай) або вячэрняй форме навучання, а таксама на дзяцей, якія не працягнулі навучанне пасля заканчэння школы.

Бацькам сем’яў, у якіх выхоўваюцца дзеці-інваліды, прадастаўлена права ажыццяўляць іх догляд з атрыманнем дапамогі да ўзросту 18 гадоў і адначасова працаваць на 0,5 стаўкі або выконваць надомную работу.

Прадастаўлена права бацькам (усынавіцелям, апекунам, папячыцелям) дзіцяці-інваліда на атрыманне дапамогі па часовай непрацаздольнасці па доглядзе дзіцяці-інваліда на перыяд яго санаторна-курортнага лячэння, медыцынскай рэабілітацыі, у тых выпадках, калі атрымальнікам дапамогі па доглядзе дзіцяці-інваліда ва ўзросце да 18 гадоў з’яўляецца іншая асоба або хтосьці з бацькоў, які не мае магчымасці ажыццяўляць догляд дзіцяці-інваліда ў гэты перыяд па аб’ектыўных прычынах.

Павялічаны тэрмін для звароту па прызначэнне дапамогі ў сувязі з нараджэннем дзіцяці для ўсынавіцеляў і апекуноў пры ўсынаўленні, устанаўленні апекі над дзіцем ва ўзросце да шасці месяцаў (устаноўлены для падачы заявы шасцімесячны тэрмін вылічваецца не з дня нараджэння дзіцяці, а з дня ўсынаўлення, устанаўлення апекі).

Атрымальнікі дзяржаўных дапамог абавязаны паведамляць не пазней чым за пяць дзён аб наступленні абставін, якія цягнуць спыненне выплаты дзяржаўных дапамог. Пры захаванні ўказанага тэрміну выплата дапамог спыняецца з наступнага месяца, пры парушэнні – з дня наступлення абставін.

Выключаны палажэнні аб спыненні выплаты дзяржаўных дапамог у сувязі з нараджэннем непаўналетняй матуляй дзіцяці і заменены палажэннямі аб спыненні такой выплаты ў выпадку аб’яўлення непаўналетняга, які дасягнуў 16 гадоў, поўнасцю дзеяздольным (эмансіпацыя). Такім чынам, калі на саму непаўналетнюю маці прызначана дапамога, то ў выпадку нараджэння ёю дзіцяці без рэгістрацыі шлюбу выплата на яе дапамогі працягнецца.    

Святлана КОШМАН, загадчык сектара бытавога забеспячэння ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама

 

ВЫДАЕЦЦА АХОЎНАЕ ПРАДПІСАННЕ

У 2017 годзе на тэрыторыі раёна зарэгістравана дзесяць так званых бытавых злачынстваў, якімі закончыліся спрэчкі і канфлікты ў сям’і. Восем з іх учынены асобамі ў стане алкагольнага ап’янення, два – раней судзімымі асобамі. Пераважная большасць тых, хто пайшоў на гэтыя злачынствы, – нідзе не працуе і не вучыцца. Два злачынствы ўчынены жанчынамі.

Так, у Стоўбцах дзяўчына ў ходзе сваркі забіла нажом сужыцеля сваёй маці, за што прыгаворана судом да васьмі гадоў пазбаўлення волі ў выпраўленчай калоніі агульнага рэжыму. У Новым Свержані падчас сумеснага распівання спіртных напіткаў сын пазбавіў жыцця бацьку (яму вынесена пакаранне ў выглядзе 10 гадоў пазбаўлення волі ў выпраўленчай калоніі ўзмоцненага рэжыму).

Пры правядзенні праверак па фактах нанясення цялесных пашкоджанняў, а таксама пагрозы жыццю і здароўю грамадзян, калі пацярпелыя ад насілля не жадаюць прыцягваць да адказнасці сваіх крыўдзіцеляў, а таксама калі яны знаходзяцца ў залежным ад іх становішчы, супрацоўнікамі райаддзела міліцыі накіроўваюцца хадайніцтвы ў пракуратуру раёна для ўзбуджэння крымінальных спраў у адпаведнасці з артыкулам 26 КПК Рэспублікі Беларусь. Так, у мінулым годзе былі ўзбуджаны дзве крымінальныя справы па фактах нанясення лёгкіх цялесных пашкоджанняў і пагрозы забойствам у адносінах да стаўбчан. Пацярпелая ў адной з гэтых крымінальных спраў – непаўналетняя дачка…

За мінулы год ізалявана ў лячэбна-працоўны прафілакторый 41 асоба, з іх шэсць абавязаных асоб і 34 асобы, якія прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці за правапарушэнні ў адносінах да членаў сям’і, блізкіх сваякоў. Летась 165 разоў грамадзян прыцягвалі судом раёна да адміністрацыйнай адказнасці за ўчыненне скандалаў з блізкімі, у 204-х выпадках у судзе ахвяры прымірыліся са сваімі крыўдзіцелямі.

На даны момант у ліку найбольш дзейсных мер у папярэджанні сямейнага насілля з’яўляецца такая форма індывідуальнай прафілактыкі, як ахоўнае прадпісанне. Ахоўнае прадпісанне – гэта ўстанаўленне грамадзяніну, які ўчыніў насілле ў сям’і, абмежаванняў на ўчыненне пэўных дзеянняў, у прыватнасці, ён абавязаны высяліцца з жылля на тэрмін ад трох да 30-ці сутак. У мінулым годзе вынесена 35 ахоўных прадпісанняў.

Юлія БЕЛАВУСАВА,начальнік аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі райаддзела міліцыі

Што трэба ведаць пацярпелым

Што можна зрабіць, калі збівае муж?

Трэба захаваць сляды злачынства (парванае адзенне, зламаныя рэчы і т. п.), сфатаграфаваць іх, неадкладна звярнуцца ў міліцыю з пісьмовай заявай, дзе выдадуць накіраванне на медыцынскую экспертызу. Да ўрача можна звярнуцца і самастойна. Звязацца з юрыстам, каб даведацца пра свае правы. Сустрэцца з псіхолагам.

Што зрабіць, калі муж наносіць псіхічныя пакуты (прыніжае, абражае, усяляе страх і т. п.)?

Неабходна неадкладна звярнуцца ў міліцыю, і гэта дазволіць ізаляваць яго з сям’і, прыняць да яго меры адміністрацыйнага ўздзеяння.

Якое пакаранне прадугледжана за збіванне?

Яно залежыць ад цяжкасці нанесеных пашкоджанняў. За лёгкія цялесныя пашкоджанні, пабоі, якія не пацягнулі расстройства здароўя (не больш за шэсць дзён) прадугледжана адміністрацыйная адказнасць, а за такія ж пашкоджанні, якія пацягнулі расстройства здароўя (больш за шэсць дзён) – крымінальная. Крымінальная справа ўзбуджаецца судом шляхам падачы заявы. За сістэматычнае (больш за два разы) нанясенне пабояў прадугледжана крымінальная адказнасць. За цяжкае цялеснае пашкоджанне, небяспечнае для жыцця або якое пацягнула страту зроку, слыху і т. п., пагражае пазбаўленне волі на тэрмін да пяці гадоў.

Якое пакаранне прадугледжана для таго, хто збівае сваіх дзяцей?

Пакаранне будзе такое ж, як сказана вышэй. Акрамя таго, гэты чалавек можа быць пазбаўлены бацькоўскіх правоў.  

Муж прыніжае і абражае жонку штодзённа. Гэта незаконна?

Так. На вінаватага спачатку накладаецца адміністрацыйны штраф, а ўсе далейшыя абразы з’яўляюцца крымінальнымі злачынствамі, за якія суд можа прызначыць пакаранне ў выглядзе выпраўленчых работ да двух гадоў або штрафу.

За якія злачынствы супраць членаў сям’і можа наступаць адказнасць?

За цялеснае пашкоджанне, пабоі, катаванні, згвалтаванне, прымус да ўступлення ў палавую сувязь, распусныя дзеянні ў адносінах да непаўналетніх, ухіленне ад выплаты аліментаў або ад утрымання дзяцей, абразу, хуліганства, пагрозу забойствам, крадзеж, вымагальніцтва, наўмыснае знішчэнне або пашкоджанне маёмасці, уцягванне непаўналетніх у злачынную дзейнасць.

Нагадваем, што ў райаддзеле міліцыі працуе тэлефон гарачай лініі – 5-01-72, па якім можна паведаміць пра факты сямейнай нядобранадзейнасці, насілля ў сям’і.



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *