Прыгарнуцца да дзядулі і бабулі

Нумары Сям'я

image_pdfimage_print

153-7У нашым  раёне 35 апякунскіх сем’яў, у якіх выхоўваюцца 40 дзяцей. Як правіла, апекунамі становяцца родныя непаўналетніх дзяцей, якія засталіся без бацькоўскай апекі. 32 дзіцяці выхоўваюцца ў 18 прыёмных сем’ях.

Адзін Бог ведае, што ў кожнага чалавека наперадзе, што яму прыйдзецца перажыць. І падзеі, жыццёвыя абставіны бываюць такія нечаканыя, што ставяць чалавека перад важным выбарам.

Працалюбівыя Іван і Вера Івановы, жыццё якіх прайшло ў нялёгкай працы на жывёлагадоўчай ферме і ў паляводчай брыгадзе ААТ «Вялікі Двор», у пастаянных клопатах аб уласнай гаспадарцы, дзе было шмат жывёлы, поле, якое патрэбна апрацоўваць. Яны, як і ўсе людзі, у сваім пенсіённым узросце чакалі адпачыць і жыць у размераным рытме. Аднак у іх 65 гадоў (яны равеснікі) ім патрэбна клапаціцца аб чатырох дзецях, і не толькі клапаціцца, але і паставіць іх на ногі.

ВераІванаўнанешматслоўна гаворыць аб той трагедыі, якая здарылася. Іх дачка была пазбаўлена бацькоўскіх правоў, а дзеці адпраўлены ў інтэрнатныя ўстановы.

Не адну ноч давялося не даспаць пажылым людзям, перажыць гэты боль у сваіх сэрцах, шмат перадумаць, узважыць, каб прыняць рашэнне забраць дзяцей на выхаванне да сябе. Вера Іванаўна і Іван Іванавіч не думалі, як ім прыйдзецца ўпраўляцца, а клапаціліся ў першую чаргу аб тым, каб дзеткі не былі разарваныя па дамах-інтэрнатах, каб гадаваліся разам.

Сектар аховы дзяцінства аддзела адукацыі райвыканкама задаволіў іх рашэнне стварыць апякунскую сям’ю. Ужо восем гадоў Іван і Вера Івановы з’яўляюцца апекунамі. Гэтага часу дастаткова, каб зрабіць вывады, прааналізаваць, як дзецям жывецца. У Новую Вёску да апякунскай сям’і Івановых едуць разам з намі вядучы спецыяліст аддзела адукацыі Алена Гамза і псіхолаг сацыяльна-педагагічнага цэнтра Стаўбцоўскага раёна Кацярына Міхнавец. Яны расказваюць, што гэтая сям’я можа быць прыкладам належнага выхавання дзяцей. За гэты час ніводнага разу не ўзнікала сітуацыя, якая б насцярожыла сектар аховы дзяцінства ці прымусіла б зрабіць заўвагі апекунам.

Прыемнай была наша сустрэча і з настаўніцай Нававёскаўскай СШ у доме Івана Іванавіча і Веры Іванаўны, класным кіраўніком шасцікласніка Аляксандра Т. А. Гутко. Тарэса Альбертаўна расказвае нам, што дзеці выхаваныя, сціплыя, не парушаюць дысцыпліны, паслухмяныя. Набытак, які быў бы каштоўнасцю для кожнай сям’і. Колькі прыкладаў у жыцці, калі ў сем’ях з вялікім дастаткам дзеці становяцца эгаістамі, ступаюць на шлях залежнасцяў ці нават злачынства.

Як жа ўдаецца пенсіянерам Івану і Веры Івановым выхоўваць дзяцей у правільным ключы? У першую чаргу – сваім прыкладам працавітасці, любоўю, добрым сэрцам, тратай свайго часу, сваёй душы для іх. І Гасподзь заўсёды прымае добры намер, міласціва дапамагае сіротам і тым, хто ўзяў пра іх клопат.

Нам расказваюць, што дзяўчынкі ўзялі сабе за правіла прыбіраць у доме, падтрымліваць парадак, летам усе працуюць на агародзе. Хоць Іван Іванавіч з любоўю заўважае, што дзяцей ніхто асабліва не прымушае да працы, дзядуля з бабуляй ведаюць, як хочацца малым пабегаць, пагуляць. І яны не абмяжоўваюць іх свабоды, не пазбаўляюць іх шчаслівага дзяцінства. Аднак дзеці вельмі ўдзячныя ім і самі імкнуцца быць ва ўсім паслухмянымі. Ім прыйшлося нямала перажыць ужо ў сваім жыцці. Праблемы ў  кроўнай сям’і, страту бацькоў. Бацька памёр ад хваробы чатыры гады назад, а маці за гэтыя восем гадоў, колькі жывуць яны ў бабулі і дзядулі, наведалася толькі некалькі разоў, хоць яна пражывае  кіламетраў за 10 ад Новай Вёскі. Зведалі яны і  сіроцкага хлеба ў інтэрнатнай установе, страшны стрэсавы стан адлучэння ад роднага дома. Як жа ім не быць удзячнымі сваім дзядулі і бабулі, якія сталі для іх татам і мамай. Дай Бог ім на ўсё жыццё захаваць гэтую ўдзячнасць да самых родных для іх людзей, у чыіх абдымках прайшло іх дзяцінства.

Старэйшы Станіслаў паспяхова закончыў Нававёскаўскую школу і цяпер з’яўляецца студэнтам вышэйшага радыётэхнічнага каледжа. У многім пра яго клапоціцца дзяржава, для Станіслава будуецца сацыяльная кватэра ў Гарадзеі. Унук на выхадныя прыязджае ў родны дом дзядулі і бабулі, якія працягваюць прымаць самы непасрэдны ўдзел у жыцці юнака. Іван Іванавіч ездзіць на бацькоўскія сходы ў каледж, трымае пастаянную тэлефонную сувязь з куратарам, сочыць за тым, каб хлопец не «зруліў» куды не трэба. Спецыялісты сектара аховы дзяцінства пацвярджаюць, што апекуны шмат зрабілі ў выбары Станіславам прафесіі, у яго стараннях паступіць у навучальную ўстанову. Адзінаццаты клас заканчвае Вікторыя. Ёй належыць яшчэ выбраць прафесію і атрымаць яе. Валерыя вучыцца ў восьмым класе, самы малодшы Аляксандр –  у шостым.

Уневялікай вясковай хаце ім усім  хапае месца. І для дзяцей яна такая ўтульная, родная, цёплая, лепшая за любыя, якія б сучасныя па дызайне ні былі, пакоі казённага дома.

Па-суседску жыве дачка Івана і Веры Івановых Наталля Брушко. У яе трое дзяцей. Жывуць дзве сям’і аднымі клопатамі, падтрымліваюць адна адну, дапамагаюць. І ў вёсцы  сям’я Брушко лічыцца добранадзейнай, да яе з павагай адносяцца.

Мы таксама адчуваем, як утульна дзецям тут, як яны горнуцца да дзядулі і бабулі. Застаецца пажадаць гэтым пажылым людзям, якія падарылі дзецям сямейнае цяпло, сіл і здароўя давесці сірот да ладу. І, калі на тое будзе воля Божая, дачакацца і парадавацца поспехам у іх самастойным жыцці.

РэзюмЭ пасля паездкі вядучага спецыяліста аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Алены Гамза:

– Асноўнай формай уладкавання на выхаванне дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, з’яўляецца прыёмная сям’я. Прыёмныя – гэта сем’і, якія ўзялі на выхаванне такіх дзяцей. На сучасны момант прафесійная прыёмная сям’я становіцца дадатковым рэсурсам для ўздзеяння на нядобранадзейных бацькоў з мэтай змянення іх адносін да пытанняў выхавання дзяцей. Аднак ніводная прыёмная сям’я не можа падарыць дзіцяці шчасце жыць у роднай сям’і ці сям’і родных і блізкіх людзей. Таму ўладкаванне дзяцей на выхаванне ў апякунскую сям’ю з’яўляецца прыярытэтным накірункам.

Калі вы гатовы працаваць, выхоўваць дзяцей з асаблівым лёсам, звяртайцеся ў аддзел адукацыі, спорту і турызму райвыканкама па тэлефоне 5-32-42. Атрымаць кансультацыю можна ў сацыяльна-педагагічным цэнтры Стаўбцоўскага раёна па тэлефоне 5-49-56.

Святлана ЖЫБУЛЬ

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *