Сто маленькіх стаўбчан

Нумары Соцыум

На гэтым тыдні, 29 мая, аддзелам ЗАГС зарэгістраваны юбілейны нованароджаны стаўбчанін – соты з пачатку 2018 года.

Юбілейным дзіцем стала дзяўчынка – Уладзіслава Клімовіч. Яна, дарэчы, і з’явілася на свет у адметны дзень – 9 мая. З гэтага года Дзень Перамогі будзе ў іх сям’і двайным святам. Маладыя бацькі бязмерна шчаслівыя, таму што Уладзіслава – іх чаканы першынец.

Тата Анатоль працуе следчым раённага аддзела Следчага камітэта, матуля Маргарыта, кансультант натарыяльнай канторы Мінскага раёна, цяпер, зразумела, знаходзіцца ў дэкрэтным адпачынку па доглядзе дачкі. Па законах кахання ў сям’і з’явіўся працяг, у іх – адказная місія бацькоў. На першым часе ў бацькоў асабліва шмат клопатаў. Адзін з першачарговых – рэгістрацыя дачкі. Для гэтага звярнуўся ў ЗАГС Анатоль, галава сям’і. Яму і было ўручана пасведчанне аб нараджэнні Уладзіславы. Пра юбілейны нумар рэгістрацыі дачкі застанецца на памяць спецыяльная вокладка на дакумент у цвёрдым пераплёце, уручаная ў ЗАГсе.

– У Стоўбцах распачата другая сотня нараджэнняў. Мы шчыра рады кожнай новай рэгістрацыі, – дзеліцца галоўны спецыяліст аддзела ЗАГС Таццяна Захарэвіч і выказвае пажаданне маленькім жыхарам нашага горада (а ўсіх нованароджаных сёлета, у год 425-годдзя Стоўбцаў, можна назваць юбілейнымі стаўбчанамі) расці здаровымі і шчаслівымі, дастойнымі сваіх бацькоў і нашай краіны.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *