Навіны

Нумары Раённыя навіны

020618f

ШКОЛЬНІКІ – З «ХІТОМ» БЯСПЕКІ

Пажарная аварыйна-выратавальная часць № 1 г. Стоўбцы зноў сустракала юных выратавальнікаў раёна.

Хлопчыкі і дзяўчынкі з 11 устаноў адукацыі прыехалі, каб у рамках раённага злёту юных выратавальнікаў-пажарных адстаяць званне самых спрытных і творчых, сапраўдных выратавальнікаў. Кожнай камандзе неабходна было прайсці чатыры этапы, якія ўключалі агляд строю і песні, розныя конкурсы: па ўстаноўцы палаткі, «Меткі стралок», «Хіт бяспекі».

Пераможцамі раённага злёту «Юны выратавальнік – 2018» стала каманда «Гарачыя сэрцы» (ДУА «Дзераўнянская СШ»), другое месца – у каманды «Праметэй» (ДУА «Заямнаўская СШ»), трэцяе – у каманды «Фенікс» (ДУА «ВПК «Залужскі дзіцячы сад – сярэдняя школа»).

 

ПРАЕКТ – НА ЭКСПЕРТЫЗЕ

У ліпені бягучага года ў Стоўбцах плануецца прыступіць да будаўніцтва новай кацельні на мясцовых відах паліва магутнасцю 22 мВт, якая будзе забяспечваць гараджан цяплом і гарачай вадой.

– Праектна-каштарысная дакументацыя адносна гэтага маштабнага праекта праходзіць экспертызу, – патлумачыў галоўны інжынер Стаўбцоўскага аб’яднання камунальных службаў Алег Кухарчык. – Вызначана пляцоўка для будаўніцтва кацельні – на вуліцы Машынабудаўнікоў. Мяркуецца, што ў рэалізацыі праекта будуць задзейнічаны бюджэтныя сродкі, а таксама сродкі інавацыйнага фонду Міністэрства энергетыкі.

З будаўніцтвам у Стоўбцах новай кацельні на мясцовых відах паліва адбудзецца адыход ад «пакупнога» цяпла (на даны момант яно набываецца ў філіяла ААТ «ККХ «Мінскі маторны завод» у г. Стоўбцы) і, такім чынам, значнае скарачэнне выдаткаў з раённага бюджэту на гэтыя патрэбы.

 

УСЕ ФАРБЫ ЖЫЦЦЯ

Дабрачынныя марафоны, якія даўно перасталі быць у нашым жыцці рэдкасцю, дапаўняюць валанцёрскія праекты і акцыі БРСМ.

Так, у Маладзечне прайшоў дабрачынны марафон «Усе фарбы жыцця – для цябе!» у падтрымку сямігадовага Святагора Кучко, а паўсюдна на Міншчыне быў аб’яўлены Тыдзень дабра. Падчас яго стаўбцоўскія валанцёры, вучні СШ № 3 Дзмітрый Янушкевіч, Кацярына Хадасок, Любоў Супрановіч, Вераніка Астроўская і Лізавета Лазюк, з конкурсна-гульнявой праграмай наведалі цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі.

– Валанцёры адгукаюцца на ўсе прапановы, – выказала ім удзячнасць першы сакратар раённага камітэта БРСМ Анастасія Калодзінская. – Перад гэтым яны пабывалі ў карэкцыйным цэнтры і дзіцячым садзе № 7 з тэатралізаванай казкай. Былі і іншыя сустрэчы, таму валанцёры і наведвальнікі карэкцыйнага цэнтра пасябравалі.

Валанцёры Ульяна Мілашэўская і Вікторыя Самахвал, якія таксама навучаюцца ў СШ № 3, нядаўна сталі актыўнымі ўдзельнікамі патрыятычнай акцыі БРСМ «Кветкі Вялікай Перамогі». У Дзень Перамогі, апрануўшыся ў ваенную форму, яны ўручалі ветэранам вайны і гасцям свята ў Стоўбцах кветкі, прышпільвалі бутаньеркі з яблыневай квеценню – сімвалам росквіту роднай Беларусі.

Пр

 

У ГАЗАВІКОЎ – ТЫДЗЕНЬ АХОВЫ ПРАЦЫ

Штомесяц у філіяле ВУ «Стоўбцыгаз» праходзіць дзень аховы працы, кожны квартал – тыдзень аховы працы. Разам з сістэмнай работай з персаналам у сферу аховы працы ўкладваюцца і значныя сродкі.

Летась ва ўпраўленні ў поўным аб’ёме быў выкананы план мерапрыемстваў па ахове працы, накіраваны на паляпшэнне ўмоў працы на рабочых месцах. Яго рэалізацыя запатрабавала амаль 19 тысяч рублёў, санітарна-бытавое забеспячэнне работнікаў мыйнымі сродкамі – 1035 рублёў, забеспячэнне спецадзеннем, спецабуткам і іншымі сродкамі індывідуальнай абароны – больш за 39 тысяч рублёў. Галоўны вынік укладанняў – гэта ў першую чаргу адсутнасць няшчасных выпадкаў, прафесійных захворванняў. Своечасовыя папярэднія і перыядычныя медыцынскія агляды, а таксама вакцынацыя работнікаў садзейнічаюць таму, што бальнічныя ў сярэднім не перавышаюць паказчыка 7,7 чалавека ў год.

Згодна з праведзенай атэстацыяй рабочых месцаў, 117 работнікаў (фактычна кожны трэці) атрымліваюць кампенсацыю за работу ў цяжкіх і шкодных умовах. Сярод іх – электрагазазваршчыкі, вадзіцелі, машыністы экскаватараў, манцёры па абароне трубаправодаў ад карозіі, слесары па абслугоўванні і рамонце знешніх газаправодаў, якім прыходзіцца працаваць ва ўмовах павышанага ўзроўню неіанізуючых палёў і выпраменьванняў, іншых шкодных фактараў.

Ва ўпраўленні аснашчаны нагляднымі дапаможнікамі і неабходным абсталяваннем кабінет па ахове працы. Рабочыя і спецыялісты рэгулярна з дапамогай камп’ютарнай праграмы «Экзамен» праходзяць праверку ведаў па пытаннях аховы працы і прамысловай бяспекі. Пастаянная ўвага нададзена навучанню і павышэнню кваліфікацыі работнікаў. У ажыццяўленні кантролю за станам аховы працы прымаюць удзел і грамадскія інспектары.

 

КАСІЛКА ЛЕТАМ У ПАШАНЕ

Аб’яднанне камунальных службаў дадаткова набыло мотакасілку, каб своечасова абкошваць вуліцы і паркі горада і сельскіх населеных пунктаў раёна.

Касьба ажыццяўляецца з дапамогай шасці бензакасілак і трактарнай касілкі. Мотакасілка таксама папоўніла гэты парк.

Сёлета камунальнікі абкошваюць толькі тыя вуліцы і тэрыторыі, якія замацаваны за іх прадпрыемствам, а адносна астатніх – гатовы аказаць паслугі прадпрыемствам і арганізацыям, насельніцтву. Нядаўна імі былі выкананы заказы па абкошванні паркаў «Дружба народаў» і на плошчы Леніна, якія паступілі ад індывідуальных прадпрымальнікаў. Несумненна, што летам гэтая работа – штодзённая.

– Усе заказы стараемся выконваць аператыўна, якасна, каб наш горад выглядаў дагледжаным, – сцвярджаюць у аб’яднанні камунальных службаў.

Агульны парадак у многім залежыць і ад домаўладальнікаў. Большасць іх абзавяліся сваімі бензакасілкамі і, ні ад кога не залежныя, «падстрыгаюць» імі свае двары і прылеглыя тэрыторыі. Абкошванне могілак і іншых тэрыторый у сельскай мясцовасці трымаюць пад кантролем сельвыканкамы. Ім неабходна своечасова падаваць у АКС заяўкі аб ачыстцы кантэйнерных пляцовак. Прыкладам служыць Налібацкі сельвыканкам.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *