Працуюць на ўраджай і кармавы запас

Нумары У калектывах Стаўбцоўшчыны

020618g

Актуальныя задачы, якія выконваюць меліяратары, служаць умацаванню кармавой базы. Неўзабаве, пасля рэканструкцыі меліярацыйнай сістэмы «Сула», будзе здадзена ў эксплуатацыю больш за 100 га меліяраваных зямель у ААТ «Рочавічы». У 2017 годзе там быў выкананы вялікі аб’ём меліярацыйных работ, а таксама гэтыя землі былі прадыскаваны, на іх сабрана каменне і праведзена выраўноўванне плошчаў з дапамогай доўгабазавага планіроўшчыка, таму яны часткова ўжо засеяны.

– Завяршаем «Сулу» і пераходзім на аб’ект рэканструкцыі меліярацыйнай сістэмы «Нёман» (участак № 3), размешчаны на землях ААТ «Агранёманскі». Тут працуем сумесна з Дзяржынскім і Клецкім ПМС. Аб’ект раздзелены на тры пускавыя комплексы: першы (60 га) ужо здадзены, у бліжэйшы час будуць гатовы і астатнія два, – расказаў дырэктар прадпрыемства Іван ЛОБАЧ. – Высокі працэнт гатоўнасці і на аб’екце рэканструкцыі меліярацыйнай сістэмы «Нёман» у прыватным прадпрыемстве «Профі-Аграцэнтр». Распачаты работы па рэканструкцыі сістэмы «Гавязнянка» ў ААТ «Вішнявецкі-агра». Рыхтуюцца праекты адносна двух новых аб’ектаў – рамонту меліярацыйных сістэм «Ячонка» і «Сула». На даны момант асноўная частка тэхнікі прадпрыемства сканцэнтравана на комплексным рамонце меліярацыйнай сістэмы «Уса».

Дырэктар адзначае, што на працягу 2016 і 2017 гадоў Стаўбцоўскі раён быў у ліку прыярытэтных у плане меліярацыі. За гэты перыяд сіламі аграбудфірмы з прыцягненнем калег з суседніх раёнаў шмат чаго зроблена. «Цяжкасцяў у меліяратараў няма, – падкрэслівае ён, – ёсць рабочыя моманты. Тэхніка няновая, але аператыўна рамантуецца. Калектыў працуе зладжана».

Фактычна ў ПМК развіваюцца два кірункі дзейнасці: меліярацыя (пад кіраўніцтвам галоўнага інжынера Сяргея Жука) і механізацыя (пад кіраўніцтвам намесніка дырэктара Станіслава Вараксы). Зладжаная работа ўплывае і на эканоміку прадпрыемства.  

– За мінулы год спрацавалі з прыбыткам – зарабілі 77 тысяч рублёў. У першым квартале бягучага года выручка склала 123 працэнты, тэмп росту аб’ёмаў вытворчасці адносна аналагічнага перыяду 2017 года – 129 працэнтаў, – дзеліцца Іван Лобач.

У пошуках аб’ёмаў работ аграбудфірма традыцыйна аказвае паслугі сельскагаспадарчым і іншым арганізацыям. Так, у ААТ «Шашкі» былі ачышчаны ад гною ўсе фермы. Над гэтым пашчыравалі машыніст экскаватара Алег Грыгарцэвіч і вадзіцелі Мікалай Касцюкевіч, Мечыслаў Сухта і Казімір Шумчык, якія вывозілі гной на палеткі пад кукурузу, цукровыя буракі. Машыніст бульдозера Вікенцій Босы і машыніст экскаватара Юрый Качановіч працавалі на ачыстцы адстойнікаў ААТ «Стаўбцоўскі мясакансервавы камбінат». Усю зіму аграбудаўцы па заказе Гроднаэнерга выконвалі работы па выкарчоўванні лесу пад ЛЭП, якая будзе ісці па тэрыторыі раёна з Беларускай атамнай станцыі. Падчас пасяўной тэхніка аграбудфірмы была задзейнічана ў ААТ «Рочавічы», ПДСУП «Профі-Аграцэнтр», ААТ «Каганец» і т. п. І, безумоўна, сваім суседзям, ААТ «Дзераўное», гатовы заўсёды падставіць плячо. На даны момант колавы экскаватар пад кіраўніцтвам Аляксандра Камароўскага задзейнічаны на навядзенні парадку ў Літвенскім сельсавеце. На якім бы аб’екце ні працавалі аграбудаўцы, іх працу не назавеш лёгкай, і многія, як сведчыць рэчаіснасць, прысвяцілі свайму прадпрыемству дзесяцігоддзі працоўнага жыцця.  

Пазнаёміцца бліжэй з некаторымі з гэтых людзей выпала падчас выезду на адзін з аб’ектаў – правядзенне комплекснага рамонту меліярацыйнай сістэмы «Уса». На полі, паблізу вёскі Дзенісы, вяліся работы з прыцягненнем экскаватараў, бульдозера, пагрузчыка, а таксама тэхнікі для адвозкі карчоў.

– 70 працэнтаў работ ужо выканана, – зазначыў майстар Генадзь Навіцкі. – Не абышлося без тэхналагічных перапынкаў, таму што плошчы, да якіх прымыкаюць каналы, засеяны збожжавымі культурамі. Трэба дачакацца збору ўраджаю. У верасні плануецца здача аб’екта.

Напярэдадні на аб’ект прыязджалі спецыялісты тэхнагляду ДВА па будаўніцтве і эксплуатацыі меліярацыйных і водагаспадарчых сістэм «Белводгас» і далі станоўчую ацэнку якасці праведзеных работ.

Відавочна, што пасля меліяратараў чыстымі сталі дно, адкосы каналаў. На іх ужо не наступае кустоўе. У гэтым ёсць заслуга і вопытнага машыніста бульдозера Міхаіла Агейкі. За рабочую змену ён здольны выканаць паўтары нормы. Машыніст робіць сваю справу няспешна, з улікам усіх нюансаў і акалічнасцяў. На пагрузчыку ўвіхаецца механізатар Сігізмунд Маслоўскі – грузіць каменне, карчы. Пад загрузку пад’ехаў на сваім МАЗе вадзіцель Казімір Ліпніцкі. Будучы на пенсіі, працягвае працаваць, заслужыў добрыя водгукі ў кіраўніцтва. «Які настрой? – у адказ на пытанне ўсміхаецца Казімір Станіслававіч. – Трэба працаваць!» Нельга не сказаць, што ў яго дружная сям’я, радуюць сямёра ўнукаў.

І сапраўдная легенда калектыву – машыніст экскаватара Вікенцій Чарняўскі, які ў ПМК з 1975 года. Апошнія два гады Вікенцій Станіслававіч па просьбе кіраўніцтва дапамагае ў сезон роднаму прадпрыемству. «Спецыяльна захоўваем для яго адзінку тэхнікі», – падкрэслівае Іван Лобач і выказвае ўдзячнасць за дапамогу, вопыт, якім машыніст дзеліцца з калегамі. На аб’екце шчыраваў і брат Вікенція – Іосіф. Прыгожая працоўная дынастыя Чарняўскіх.

Адметны след пакідаюць на нашай зямлі меліяратары, і гэты след прыносіць карысць цяперашнім і будучым пакаленням. Карыстаючыся выпадкам, Іван Лобач прыгадаў заслугі Мечыслава Сахара і павіншаваў усіх калег з прафесійным святам.

НА ЗДЫМКАХ: на аб’екце дырэктар ААТ «Аграбудфірма ПМК-74 – Налібакі» Іван Лобач гутарыць з майстрам Генадзем Навіцкім і машыністам бульдозера Міхаілам Агейкам; спорыцца работа ў вадзіцеля Казіміра Ліпніцкага і механізатара Сігізмунда Маслоўскага; адзін з прадстаўнікоў працоўнай дынастыі Чарняўскіх – Вікенцій Станіслававіч.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *