З сучасным поглядам на лідарства

Моладзь Стаўбцоўшчыны Нумары

020618c

На бягучым тыдні ў нашым раёне адбылося вялікае мерапрыемства абласнога маштабу – форум дзіцячых і маладзёжных ініцыятыў. Аздараўленчы лагер «Нёман» аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама ўжо трэці раз прымае ўдзельнікаў гэтага форуму з усіх раёнаў Міншчыны.

Маладзёжны форум дзіцячых і маладзёжных ініцыятыў быў адметны тым, што праходзіў у новым фармаце – быў двухдзённы, і, адпаведна, уключыў больш мерапрыемстваў.

У сонечны прыгожы майскі дзень шэсце дэлегацый ад кожнага раёна ў прыгожых касцюмах было яркім і відовішчным. Суправаджала гэтае дзейства духавая музыка ў выкананні Стаўбцоўскага заслужанага духавога аркестра «Віціны» і прыгожага выступлення ўзорнага ансамбля мажарэтак «Феерыя» Стаўбцоўскай дзіцячай школы мастацтваў.

З прывітальным словам да ўдзельнікаў форуму, з пажаданнямі плённай працы і прыемнага змястоўнага адпачынку выступілі начальнік аддзела сацыяльнай і выхаваўчай работы ўпраўлення адукацыі Мінскага аблвыканкама Таццяна Цвірко і намеснік старшыні райвыканкама Жанна Лысая.

Тэматыка сёлетняга форуму «Маладзёжнае лідарства: сучасны погляд» дало магчымасць яго ўдзельнікам спаўна паказаць свае інавацыйныя напрамкі работы, павучыцца адзін у аднаго, пераняць вопыт. На форум сабралася вучнёўская эліта Міншчыны – пераможцы прадметных алімпіяд, творчых конкурсаў, спартыўных мерапрыемстваў, лідары грамадскіх маладзёжных арганізацый, дзіцячых парламентаў, валанцёрскага руху, лепшыя прадстаўнікі аб’яднанняў па інтарэсах устаноў дадатковай адукацыі, актывісты працоўных акцый. Лейтматывам, сувязным звяном форуму стала тэма малой радзімы, што ўсіх аб’яднала. Праграма форуму была пабудавана так, што дала магчымасць для імправізацый, экспромтаў, прыемна было назіраць, якая знаходлівая, інтэлектуальна падрыхтаваная, творчая наша моладзь. Была прадастаўлена магчымасць паказаць і свае напрацоўкі ў выставах на пляцоўцы пад назвай «Маладзёжная вёска» і падчас правядзення майстар-класаў, прэзентацый сваіх інавацыйных праектаў. У час работы інтэрактыўных пляцовак з яркімі прэзентацыйнымі праграмамі выступілі практычна ўсе навучальныя ўстановы нашага раёна і Дом творчасці дзяцей і моладзі.

Кульмінацыйным момантам форуму штогод з’яўляецца адкрыты дыялог моладзі з прадстаўнікамі ўлад. На сустрэчу з удзельнікамі маладзёжнага форуму прыбылі старшыня райвыканкама Юрый Горлаў, начальнік упраўлення адукацыі Мінскага аблвыканкама Галіна Казак, намеснік старшыні райвыканкама Жанна Лысая, старшыня раённага Савета дэпутатаў Сяргей Шэсцель, намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мінаблвыканкама Вольга Тапдэмір, старшыня Мінскага абкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Мікалай Башко, прадстаўнік Мінскага абласнога камітэта БРСМ Ніна Глінская, рэктар Мінскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Святлана Сітнікава. Заўсёды прыемна прысутнічаць на такім дыялогу. Прадстаўнікі ўлад з вялікай павагай адносяцца да моладзі. Што ж, маладыя людзі гэта заслужылі, развіўшы свае таленты і веды так, што вытрымліваюць самую моцную канкурэнцыю на міжнародных, рэспубліканскіх алімпіядах, конкурсах, форумах.

Вельмі даверліва, з прыемнымі ўспамінамі, цёпла і сардэчна кожны з запрошаных на дыялог з моладзю расказаў аб сваёй малой радзіме. Вучні задавалі самыя розныя пытанні: якімі якасцямі павінен валодаць лідар; якія прафесіі самыя запатрабаваныя на сучасны момант; якія формы падтрымкі ініцыятыўнай моладзі рэалізуюцца ў Мінскай вобласці; якія мерапрыемствы садзейнічаюць прававой і палітычнай граматнасці моладзі; якіх якасцяў, на думку прадстаўнікоў старэйшага пакалення, не хапае маладым людзям і іншыя.

Адказы былі дадзены з вялікай павагай да маладых людзей, якія ўжо шмат чаго дасягнулі ў сваім жыцці – вучоба, раскрыццё творчых задаткаў патрабуюць вялікай працы і стараннасці. У адрас вучняў, у ліку якіх былі і выпускнікі гэтага навучальнага года, прагучалі словы настаўленняў стаць высокамаральнымі людзьмі, накіраваць здольнасці для раскрыцця сваіх талентаў, для таго, каб рабіць месца, дзе жывуць, больш прыгажэйшым і прымнажаць здабыткі старэйшага пакалення для працвітання сваёй радзімы.

Вечарам гэтага ж дня ўдзельнікаў форуму чакала дыскатэка. А назаўтра з прафарыентацыйнай мэтай і знаёмствам з прафесіямі для іх былі арганізаваны экскурсіі ў арганізацыі і на прадпрыемствы раёна: ААТ «Вішнявецкі-агра», Дзіцяча-юнацкую спартыўную школу, дзіцячы сад № 8, Фрэор Рэфрыгерайшн, цэнтральную раённую бальніцу, лясгас, філіялы музея Якуба Коласа, РАУС.

Паспяховае правядзенне такога маштабнага мерапрыемства патрабавала вялікай арганізацыйнай работы ад аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, іншых арганізацый горада. Актыўны ўдзел ва ўрачыстасці прынялі аддзел па надзвычайных сітуацыях з дэманстрацыяй тэхнікі, аддзел унутраных спраў.

Цэлае лета памяць аб форуме будзе захоўваць высаджаная клумба Дружбы.

Святлана ЖЫБУЛЬ

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *