Справа, наканаваная лёсам

Людзі і лёсы Нумары

020618h

Цяперашнім часам жанчыны спрабуюць сябе ў розных прафесіях. Некаторыя з іх патрабуюць і мужчынскай сілы, і жаночага густу. Прыкладам гэтага з’яўляецца праца абутніка.

Вера Бець амаль усё сваё жыцце прысвяціла нялёгкай працы, затое ўзамен атрымлівала прыемныя ўсмешкі і ўдзячнасць кліентаў. Ужо 36 гадоў Вера Іосіфаўна працуе ў абутковай майстэрні камбіната бытавога абслугоўвання.

Нарадзілася яна ў вёсцы Церабейнае. У сям’і было чацвёра дзяцей. Да працы дзяўчына была прывучана з дзяцінства, бо дапамагала бацькам па гаспадарцы і на ферме, дзе працавала яе маці.

Пасля заканчэння школы Вера Бець задалася пытаннем, чаму прысвяціць сваё жыццё. І разам з дзвюма сяброўкамі паступіла ў прафесійна-тэхнічнае вучылішча № 12 г. Мінска (у цяперашні час – Мінскі дзяржаўны прафесійна-тэхнічны каледж лёгкай прамысловасці і бытавога абслугоўвання насельніцтва). «Мы былі дзяўчатамі з сяла, галоўнае для нас было – трымацца разам, таму і вырашылі, што ўсе будзем вучыцца на абутніка з уменнем праводзіць пашыў», – гаворыць Вера Іосіфаўна.

З часам, унікаючы ў працэс, Вера Бець стала захапляцца той спецыяльнасцю, якую вывучала. А калі пачалася практыка на розных фабрыках і праца ў майстэрнях Мінска, то зацікаўленасць усё больш разгаралася. «У майстэрнях мы практыкавалі свае тэарэтычныя навыкі і вучыліся працаваць. Я вельмі актыўны чалавек, не люблю павольнасць, таму, калі працавала ў майстэрнях, заўсёды выконвала хуткі рамонт». Сваё студэнцкае жыццё Вера Бець успамінае толькі з усмешкай на твары. Абутнік са стажам прыгадвае адзін з момантаў, што запомніўся падчас працы ў майстэрнях: «Аднойчы на практыцы быў выпадак, што мне далі бот і я яго парэзала. Колькі было тады ў мяне слёз, я не ведала, што рабіць, вельмі перажывала. Дзякуючы майстру, якая супакоіла мяне і дапамагла, усё абышлося. З таго часу такіх непрыемных сітуацый не было».

Закончыўшы вучылішча, Вера Іосіфаўна прыехала па размеркаванні ў Стоўбцы. Так і засталася тут. «Патрэбна было адпрацаваць па размеркаванні тры гады. Потым планавала паступіць вучыцца далей, каб быць майстрам. Але сям’я ў мяне была небагатая, таму патрэбна было працаваць. Вось так я засталася ў Стоўбцах і прадоўжыла працу, а планы аб далейшай адукацыі не рэалізаваліся», – успамінае Вера Бець.

Магчыма, усё склалася найлепшым чынам. Менавіта тут дзяўчына сустрэла сваё каханне і стварыла сям’ю.

Цяпер яна жыве ў Канкаловічах і працягвае працаваць там, куды аднойчы прывёў яе лёс. Акрамя Стаўбцоўскай абутковай майстэрні Вера Бець працуе ўжо 15 гадоў і ў Наваколасаве (серада і субота). Да сваёй працы адносіцца вельмі адказна. «Кожнага заказчыка паважаю і стараюся якасна выканаць сваю работу. Калі мне нешта не падабаецца або лічу, што гэта дрэнна зроблена, то абавязкова перараблю так, каб людзі потым не наракалі. Кліенты, заплаціўшы грошы, хочуць быць упэўненымі, што абутак будзе насіцца. Таму хочацца зрабіць так, каб потым не было сорамна за сваю работу», – растлумачвае Вера Бець.

Галоўнае ў працы Веры Іосіфаўны – пунктуальнасць, якасць і задаволенасць кліентаў. «Я заўсёды раблю ўсё своечасова. Калі разумею, што нешта не паспяваю да прызначанага часу, то затрымаюся пазней або прыйду раней. Я не магу сабе дазволіць, каб кліент прыйшоў, а заказ быў яшчэ не выкананы», – запэўнівае майстар.

Падчас размовы з Верай Бець, якая з запалам расказвала пра сваю працу, стала зразумела, што гэта чалавек, адданы сваёй справе. «Так, праца для мяне вельмі важная. Але акрамя гэтага мне падабаецца займацца гаспадаркай. А яна ў мяне вялікая і таксама патрабуе сіл. Раніцай я ўстаю ў пяць гадзін, даглядаю гаспадарку, заводжу ўнучку ў школу, потым – на любімую работу. А цяпер яшчэ і агарод клопатаў прыбавіў. Але я нарадзілася ў працавітай сям’і, таму ўсё гэта звыкла для мяне. Я не ўяўляю сваё жыццё інакшым».

Ксенія РУБІН

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *