Па Налібацкім краі пралёг веламаршрут

Год малой родины Нумары

020618b

Налібацкі край быў выбраны маршрутам сёлетняга Vраённага велапрабегу і, як сімвал Стаўбцоўшчыны, стаў прысвячэннем Году малой радзімы.

– Пазнаючы Стаўбцоўшчыну, наша моладзь ужо праехалася па Коласавых мясцінах з заездам у Новы Свержань, Вішнявец. Пабывала яна ў Жукавым Барку, Наваполлі. Летась адкрылі для сябе экалагічную веласцяжыну ў Хатаўскім лясніцтве, – падагульняюць галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Анастасія Віслаўская і першы сакратар раённага камітэта БРСМ Анастасія Калодзінская.

Акурат на веласцяжыне ляснічы Хатаўскога лясніцтва Анатоль Бычкевіч і падказаў арганізатарам, што наступны раз велапрабег варта пусціць па Налібаччыне.

Ідэя ганаровага лесавода рэспублікі была пачута, тым больш, што Стаўбцоўскі лясгас неаднойчы аказваў дапамогу ў рэалізацыі маладзёжных і іншых праектаў. Галоўны ляснічы Сцяпан Явід з’яўляецца актывістам БРСМ і, па выніках абласнога конкурсу, быў прызнаны маладзёжным лідарам Міншчыны ў сферы лясной гаспадаркі. І на гэты раз пры яго непасрэднай падтрымцы быў «выбудаваны» для раённага велапрабегу пушчанскі маршрут. Правёў па ім ляснічы Налібацкага лясніцтва Сяргей Грынюк. У Кляцішчанскім лясніцтве, куды вывела дарога з Кромані, сустрэў ляснічы Аркадзь Панамароў і запрасіў пазнаёміцца з гаспадаркай лясніцтва. Тут была магчымасць паназіраць за коньмі, наведаць пасеку, міні-дэндрапарк, гадавальнік, дзе вырошчваюць у тым ліку і экзатычныя насаджэнні. На памяць ва ўдзельнікаў велапрабегу засталіся фотаздымкі, а яшчэ – смак свежага мёду з першацветаў…

І гэта далёка не ўся экзотыка пушчанскага краю, якая суправаджала ўдзельнікаў велапрабегу. Грацыёзны алень выйшаў ім насустрач, перабег дарогу. Абапал яе, на балоце, плавалі дзікія качкі, квітнелі дзікія ірысы. Здавалася, усё жывое размаўляла сваімі фарбамі і гукамі.

І самабытны аграгарадок Налібакі, падалося, размаўляе з небам. Ён знаходзіцца пад аховай адразу двух святыняў – каталіцкай і праваслаўнай. Ад храма святога Архангела Міхаіла і ўзялі старт удзельнікі велапрабегу. Айцец Сергій здзейсніў малебен на шчаслівае падарожжа. Пазней менавіта тут, ля храма, быў і фініш на 49-кіламетровым маршруце (для асобных удзельнікаў велапрабегу, якія выказалі жаданне дабірацца на сваіх жа колах са Стоўбцаў у Налібакі і такім чынам назад, працягласць маршруту трэба лічыць як мінімум у два разы большай). З райцэнтра была арганізавана дастаўка ўдзельнікаў, з падвозам веласіпедаў дапамаглі Стаўбцоўская ПМК і лясгас.    

Ля храма святога Архангела Міхаіла ўдзельнікаў велапрабегу віталі старшыня Налібацкага сельвыканкама Аляксандр Пілінкевіч і дырэктар мясцовай школы Вікторыя Высоцкая. Вікторыя Уладзіміраўна зрабіла кароткі экскурс у гісторыю Налібакаў. Да ўдзельнікаў велапрабегу далучылася і група старшакласнікаў з Налібацкай школы. Увогуле, склад удзельнікаў быў прадстаўлены аматарамі здаровага ладу жыцця і актыўнага адпачынку самых розных узростаў, з розных працоўных калектываў і грамадскіх арганізацый: актывісты БРСМ і Таварыства беларускай мовы, Стоўбцыгаза, філіяла маторнага завода, АКС, мясакансервавага камбіната і т. п. Былі загартаваныя велатурысты, якія не прапусцілі ніводнага з пяці раённых велапрабегаў.                      

Перад стартам старшы інспектар дарожна-патрульнай службы аддзела ДАІ райаддзела міліцыі Сяргей Каломенскі правёў інструктаж па тэхніцы бяспецы дарожнага руху. Дарэчы, ён, як і яго калега Сяргей Анікейчык, на гэты раз забяспечвалі суправаджэнне калоны нестандартна – самі рухаліся на веласіпедах разам з удзельнікамі велапрабегу.

Перад дарогай пазнаёміліся і з другой налібацкай святыняй – касцёлам Узнясення Дзевы Марыі. Ксёндз Мар’ян Шэршань паказаў архітэктурны аб’ект у выглядзе Галгофы, які ўзводзіцца за касцёлам.

Ад касцёла ўдзельнікі велапрабегу ўзялі кірунак на вёску Целяхі і рыбалоўна-турыстычны комплекс «Кромань». Пакуль пераадольвалі кіламетры, прагаладаліся. У альтанках на беразе Кромані іх чакаў смачны абед ад СЖК «Налібакі». Пастараліся загадчыца сталовай Наталля Шаламоўская і повар Ірына Шыманец, за што ім вялікі дзякуй. Затым у праграме, як ужо згадвалася вышэй, было Кляцішчанскае лясніцтва і – сапраўднае шматкіламетровае падарожжа па пушчы. Па гэтай глухой лесагаспадарчай дарозе звычайна рухаюцца лесавозы, іншая цяжкая тэхніка, а веласіпеды, ды ў такой колькасці, – вельмі рэдка.

– Кіламетраў праехалі шмат, але ніхто не скардзіўся, не наракаў на стомленасць. І водгукі ў сацыяльных сетках ад удзельнікаў – вельмі станоўчыя, – падкрэслівае Анастасія Віслаўская.

Для сябе арганізатары велапрабегу зрабілі выснову: можна прапаноўваць аддаленыя і нязведаныя маршруты, ёсць тыя, хто гатовы іх пераадольваць.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

НА ЗДЫМКАХ: удзельнікі велапрабегу ля храма святога Архангела Міхаіла, дзе пачынаўся і завяршыўся маршрут; наведванне архітэктурнага аб’екта ў выглядзе Галгофы; на маршруце па Налібацкім краі.



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *