Праблемы Старасвержанскага сельсавета

Нумары Соцыум

060618b

Сустрэча з насельніцтвам. Менавіта такі фармат быў выбраны старшынёй раённага выканаўчага камітэта Юрыем Горлавым для таго, каб пагутарыць з жыхарамі Старасвержанскага сельсавета і абазначыць праблемы, якія хвалююць аграгарадок, усіх вяскоўцаў. Тыя праблемы, вырашэнне якіх выходзіць за ўзровень сельвыканкама.

Такім чынам, была дадзена ўстаноўка на размову прадметную, якая паслужыць на карысць усім жыхарам сельсавета. З пытаннямі індывідуальна-асабістага характару да старшыні райвыканкама заўсёды можна звярнуцца на прамую тэлефонную лінію, падчас прыёму.

На дапамогу храму

Старшыня Старасвержанскага сельвыканкама Марына Таяноўская ў першую чаргу звярнула ўвагу на пытанні добраўпарадкавання. З пачатку года прайшло 13 сходаў грамадзян, і на кожным з іх вялася размова пра навядзенне парадку. Дапамогу ў вывазе смецця з могілак на тэрыторыі сельсавета аказваюць сельгасарганізацыі. Акрамя таго, ААТ «Агранёманскі» закупіў 400 кг фарбы для пафарбоўкі агароджы могілак. ААТ «Агранёманскі» аказаў спонсарскую дапамогу, каб у Старым Свержані нарэшце адкрыўся сёлета, у Год малой радзімы, храм. Агульнымі намаганнямі ён узводзіўся на працягу двух дзясяткаў гадоў і, на жаль, яшчэ застаецца недабудаваным.

«Чаму так зацягнулася будаўніцтва?» – выказвалі непаразуменне людзі, на чыіх вачах храм паступова станавіўся даўгабудам. Маўляў, царква на вуліцы Міру ў Стоўбцах «вырасла» хутка. Напэўна, прагучала меркаванне, была аказана дапамога з бюджэту.

На гэта было патлумачана Юрыем Горлавым, што крыніцамі фінансавання на будаўніцтва культавых аб’ектаў выступаюць выключна ахвяраванні прыхаджан ды сродкі спонсараў. «Вялікую ролю іграе і разваротлівасць свяшчэнніка», – дадаў старшыня раённага Савета дэпутатаў Сяргей Шэсцель.

Што датычыць пошуку спонсараў, то Юрый Горлаў прывёў характэрны прыклад, прычым, на тэрыторыі таго ж Старасвержанскага сельсавета. Усім вядома, што ААТ «Вялікі Двор» не паскупілася і ўклала сродкі ў будаўніцтва храма ў Вялікім Двары. Больш таго, гаспадарка на чале з дырэктарам Вольгай Луцык працягвае падтрымліваць храм, у прыватнасці, нядаўна зроблены яго касметычны рамонт. Што перашкаджае ААТ «Агранёманскі», прыватным прадпрыемствам на тэрыторыі сельсавета пераняць гэты вопыт? Іншая справа, што трэба ісці да патэнцыйных спонсараў, размаўляць. Не лішне стварыць пры храме казначэйства, наладзіць справаздачнасць, каб людзі ведалі, куды пайшлі іх сродкі.

На ўзвядзенне храма могуць быць накіраваны таксама сродкі раённых суботнікаў, якія паступаюць на рахунак сельвыканкама.

Добраўпарадкаванне

У Старасвержанскім сельсавеце, як і паўсюдна ў раёне, добраўпарадкаванне – агульная справа. Прадпрыемствы і арганізацыі дбаюць пра парадак не толькі на сваіх тэрыторыях, а і на замацаваных. Не адстаюць і вяскоўцы. Тым, хто не спяшаецца з уборкай смецця і абкошваннем сваіх домаўладанняў, выдадзена старшынёй сельвыканкама 36 прадпісанняў.

Для збору цвёрдых бытавых адходаў у Старасвержанскім сельсавеце ўстаноўлена 110 кантэйнераў, аднак ёсць праблема з культурай іх выкарыстання. Туды нясуць што заўгодна – траву з агарода, галлё, будаўнічыя адходы… У гэтым плане неабходна весці сярод насельніцтва растлумачальную работу, нагадваць, што раслінныя адходы могуць быць кампостам, а для вывазу будаўнічых адходаў, буйнагабарытнага смецця трэба падаць заяўку ў АКС. Гэты пласт работы – для старастаў вёсак, дэпутатаў, актыву сельскага Савета.

У сямі вёсках сельсавета яшчэ не ўстаноўлены кантэйнерныя пляцоўкі, а там, дзе яны ўстаноўлены, – адсутнічае бетонная аснова. У выніку, кантэйнеры хутка ржавеюць і выходзяць са строю. «Устаноўка кантэйнераў у сельскіх населеных пунктах працягваецца. Дойдзе чарга і да Старасвержанскага сельсавета», – запэўніў дырэктар АКС Дзмітрый Мурын. А як вырашыць праблему з бетоннай асновай пад кантэйнеры? Выйсце падказаў Юрый Горлаў. У многіх гаспадарках раёна застаюцца незапатрабаванымі пліты ад старых памяшканняў фермаў і т. п. Менавіта іх і выкарысталі як аснову для кантэйнерных пляцовак у Дзераўнянскім, Рубяжэвіцкім, Мікалаеўшчынскім, Вішнявецкім сельсаветах. Адсюль вынікае, што вырашэнне праблемы крыецца ва ўзаемадзеянні сельвыканкама і ААТ «Агранёманскі».

Удзельнікі сустрэчы ўзнялі праблему стану дарог, у прыватнасці вуліцы Нёманскай у Драздах. У адказ Юрый Горлаў патлумачыў пазіцыю раённай улады:

– Будзе няправільна, калі займацца добраўпарадкаваннем і ставіць на кантроль толькі тыя вуліцы, адкуль паступіў зварот. Мы вывучылі агульную сітуацыю па дарогах раёна, якія знаходзяцца на балансе ДРБУ № 135, АКС. Прааналізавалі іх знос, транспартную нагрузку. Параіліся з кіраўнікамі, старшынямі сельвыканкамаў, дэпутатамі. Быў складзены графік чарговасці добраўпарадкавання вуліц і мясцовых дарог. Ён апублікаваны ў газеце «Прамень».

На даны момант раённыя ўлады сумесна з абласным выканаўчым камітэтам працуюць над тым, каб частку «дарожных» грошай накіраваць на ўтрыманне вуліц сельскіх населеных пунктаў. На сельскіх вуліцах, як і на вуліцы Нёманскай у Драздах, пэўныя недахопы ўхіляюцца лакальна (шляхам грэйдзіравання, падсыпкі).      

Падчас сустрэчы людзі ўзнялі пытанне работы ўрача на пастаяннай аснове ў Нававёскаўскай амбулаторыі (яно будзе вырашацца з кіраўніцтвам цэнтральнай раённай бальніцы).

Ёсць пытанні і да вяскоўцаў          

Сустрэча – гэта магчымасць для ўзаемнай зацікаўленай размовы, абмеркавання, абмену думкамі. У ходзе іх прагучалі пытанні і да вяскоўцаў. У чым прычына некаторай пасіўнасці людзей? Неабходна больш ініцыятыўна наводзіць парадак як на сваіх падворках, так і ў грамадскіх месцах, у прыватнасці на могілках. «Калі мы гэта не зробім, то хто зробіць за нас?» – рытарычна выказалася Марына Таяноўская.

Пяць могільнікаў на тэрыторыі сельсавета маюць патрэбу ў замене агароджы, таму цяпер сярод вяскоўцаў ідзе збор сродкаў на яе набыццё. «Хацелася б, каб яна была капітальнай, прастаяла многія гады», – адзначыла старшыня сельвыканкама. Плячо ў гэтых і іншых работах заўсёды гатова падставіць ААТ «Агранёманскі». У сваім выступленні дырэктар таварыства і дэпутат сельскага Савета Уладзімір Жукаў прывёў прыклады супрацоўніцтва таварыства з сельвыканкамам, якія заключаюцца ў зносе пустых дамоў і акультурванні безгаспадарных участкаў, прадастаўленні тэхнікі для вывазу смецця з могілак, аказанні спонсарскай дапамогі цэрквам у Старым Свержані і Скамарошках і т. п. Сельгаставарыству былі дадзены канкрэтныя даручэнні па зносе пустых будынкаў і ўвядзенні земляў у севаабарот у Скамарошках, Цвірках. Важна зазначыць і тое, што працаўнікі гаспадаркі (а гэта 30 працэнтаў працаздольнага насельніцтва на тэрыторыі сельсавета), – найбольш актыўныя ўдзельнікі добраўпарадкавання сельсавета. Такога ж удзелу чакаюць і ад іншых прадпрыемстваў і арганізацый.  

Пытанне старасвержанцам – «Як з вадой пасля рамонту свідравіны?» – задаў дырэктар АКС. Як вядома, у сувязі з частымі нараканнямі на адсутнасць вады яе рамонт быў праведзены па-за чаргой. Праблема можа зноў нагадаць пра сябе ў летні перыяд, калі вядзецца паліў агародаў і разбор вады рэзка ўзрастае.

На сустрэчы прысутнічала нямала актыўных і неабыякавых да лёсу і выгляду населеных пунктаў Старасвержанскага сельсавета людзей. Сярод іх – работнікі ААТ «Агранёманскі», Старасвержанскай школы, Цэнтра культуры. Менавіта ім, інтэлігенцыі, несці ў масы культуру жыццядзейнасці і на ўласным прыкладзе ўдзелу ў суботніках, святах вёсак і іншых акцыях і мерапрыемствах прывіваць актыўную жыццёвую пазіцыю, любоў да малой радзімы. На завяршэнне Юрый Горлаў падзякаваў вяскоўцам і падкрэсліў, што ўмовы для жыцця людзей у вёсцы павінны быць камфортнымі, сучаснымі.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *