Вырасціць сад будучага

Год малой родины Нумары Прадпрымальніцтва

060618c

Гэтай вясной у ТАА «Мой сад», якое налічвае 15 работнікаў, пасадзілі яблыні амаль на 12-ці гектарах. Зроблена гэта было ўсяго за тыдзень – з дапамогай спецыяльнага камбайна. Саджанцы, дарэчы, ужо зацвілі. А ўласнай спецыялізаванай тэхнікай, прычым імпартнай вытворчасці, прадпрыемства поўнасцю забяспечыла сябе дзякуючы прэзідэнцкаму Дэкрэту № 6.

– За мяжой мы набылі восем адзінак тэхнікі, што была ў карыстанні. Перавага ў тым, што, згодна з Дэкрэтам № 6, прадпрыемства было вызвалена ад аплаты мытнага збору, – зазначае дырэктар ТАА «Мой сад» Уладзімір ШЧЭКАЛА. – Увогуле ў нас задзейнічана сем трактароў і пагрузчык. На іх працуюць толькі два трактарысты. Такім чынам, не губляем часу на перачэпку агрэгатаў. Падлічылі: калі рабіць гэта чатыры разы на дзень, спатрэбіцца паўдня. Хутка, без парушэння тэрмінаў, косім, апырскваем, ажыццяўляем іншы догляд саду і ягаднікаў.

– Вы акрэслілі, што Дэкрэт Прэзідэнта краіны № 6 дапамог забяспечыць ваша прыватнае прадпрыемства тэхнікай. А як паўплываў на вашу работу Дэкрэт № 7 – «Аб развіцці прадпрымальніцтва»?

– Мы працуем і знаходзім увасабленне сваім ініцыятывам, таму, безумоўна, заканадаўчая база спрыяе развіццю прадпрымальніцтва. Вынік працы фермера ў вялікай ступені залежыць і ад такога аб’ектыўнага фактару, як надвор’е. У 2017 годзе нас «падкасілі» майскія замаразкі – недабралі 65 працэнтаў ураджаю яблыкаў. У 2016 годзе здарылася засуха. У 2015 годзе 90 працэнтаў ураджаю пабіў град, і яго прыйшлося здаць на перапрацоўку… Пагрозу ўяўляюць таксама моцныя вятры, здольныя ў імгненне ператварыць таварныя яблыкі ў апад. Побач з садам растуць таполі, таму вядзём барацьбу з лічынкамі майскага жука. На працягу двух гадоў змагаліся з кляшчом, які апанаваў кусты чорнай парэчкі… Год на год не прыходзіцца, аднак рызыка ёсць, і даволі вялікая.

– Уладзімір Аляксандравіч, без рызыкі ў бізнесе немагчыма. Першапачаткова вы стварылі сялянска-фермерскую гаспадарку «Мой сад». Сёння гэта ТАА «Мой сад». Што чакае ваша прадпрыемства заўтра?

– Пераход у новы юрыдычны статус выкліканы неабходнасцю мець магчымасць прыцягваць у свой праект не толькі членаў сям’і. Гэта важна, калі прадпрыемства развіваецца. Нам – шэсць гадоў. Першае дрэва было закладзена 24 красавіка 2012 года. Маем 40 га пладаноснага саду і 42 га – кустоў чорнай парэчкі. Развіваем гэтыя два напрамкі. Яшчэ 17 га (10 га яблынь і 7 га ягадных кустоў) плануем асвоіць у наступным годзе. Цяпер вядзём падрыхтоўку глебы. Пасадкі робім паэтапна, каб з часам пазбегнуць суцэльнай выкарчоўкі. Сарты яблыкаў выкарыстоўваем як замежнай селекцыі, так і беларускай.

– З рэалізацыяй вырашчанага няма праблем?

– Кантракты на пастаўку яблыкаў заключаны з Расійскай Федэрацыяй наперад. Расія забірае і каля 90 працэнтаў ураджаю ягад чорнай парэчкі. 10 працэнтаў яго рэалізуем самі на Камароўскім рынку ў сталіцы. Для вырабу джэму, які пастаўляецца ў амерыканскі Нью-Джэрсі, прадастаўляем ягады Стаўбцоўскаму філіялу ААТ «Гарадзейскі цукровы камбінат». Акрамя таго, вырошчваем саджанцы, прадаём іх.

– Некалькі гадоў таму на базе вашага прадпрыемства праходзіў рэспубліканскі семінар па акуліроўцы. Да вас едуць вучыцца вырошчванню саджанцаў.

– Мы займаемся акуліроўкай, і гатовы дзяліцца сваім вопытам. Прыязджаюць пладаводы з усёй рэспублікі. Знаёмім з прэпаратамі, інструментамі. Паказваем як працуем. Для выніку неабходны гаспадарскі падыход і, безумоўна, сродкі. Стымулюе да развіцця гэтага напрамку вялікі попыт на саджанцы з боку расійскіх пладаводаў. Яны гатовы купіць сотні тысяч саджанцаў. У іх рэалізуецца моцная праграма пладаводства, у адпаведнасці з якой выдзяляюцца грошы на пасадачны матэрыял.    

– У вашым вытворчым ланцужку не хапае толькі сховішча. Думаеце будаваць яго?  

– Рэч у тым, што пасаджаны сад зацвітае хутка, але толькі праз шэсць гадоў пачынае вяртаць укладзеныя інвестыцыі. Падкрэслю, вяртаць сродкі, а не прыносіць прыбытак. Мы акурат прыйшлі да гэтага моманту, хоць і адчуваем фінансавыя цяжкасці. Я ізноў прыгадваю леташнія знішчальныя замаразкі. Сховішча – будуем. На 2550 тон, сучаснае, з мікракліматам. Яблыкі ў ім будуць ляжаць да мая… Сховішча нам у любым выпадку патрэбна, а ўжо прадаваць ураджай адразу пасля збору ці захоўваць яго – будзе залежаць ад цанавой палітыкі, кан’юнктуры рынку.

– Дзякуй за размову.

Гутарыла Таццяна ПЯТКЕВІЧ

Фота Васіля ЗЯНЬКО      

Постфактум: ад сябе дадам, што з дзейнасцю ТАА «Мой сад», якое месціцца за 10 кіламетраў ад Стоўбцаў, азнаёміліся парламентарыі краіны. Яны былі ў захапленні ад тэхналагічнасці, гаспадарскага падыходу фермера. «Гэта ўзор культуры земляробства. Душа радуецца, калі глядзіш на гэтыя плантацыі», – прыкладна так выказваліся дэпутаты з агранамічнай адукацыяй. Асабіста мяне ўразіў падыход фермера да кожнай дробязі. Да прыкладу, ён не дапускае да работы ў садзе работніцу… з доўгімі пазногцямі. «Што за дыскрымінацыя?» – справядліва абурыцца любая з нас. А ўсё тлумачыцца вельмі проста – ад дотыку пазногцяў яблык атрымлівае драпіны і будзе гнісці. У фермера пераважае свая, прадпрымальніцкая, логіка.



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *