Белагра-2018

Нумары Тэма тыдня

БЕЛАРУСЬ І РАСІЯ АБМЯРКУЮЦЬ НАДЗЁННЫЯ ПЫТАННІ НА САЮЗНЫМ САЎМІНЕ

Беларусь і Расія могуць абмеркаваць механізм абмену электроннымі ветэрынарнымі сертыфікатамі на пасяджэнні Савета Міністраў Саюзнай дзяржавы. Аб гэтым паведаміў прэм’ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў падчас наведвання міжнароднай спецыялізаванай выстаўкі «Белагра-2018».

Кіраўніку ўрада далажылі аб выніках тэсціравання механізма абмену электроннымі ветэрынарнымі сертыфікатамі з Расіяй. Першым яго пачалі выкарыстоўваць тры брэсцкія прадпрыемствы – «Савушкін прадукт», «Санта Брэмар» і Брэсцкі мясакамбінат, якія з пачатку праекта адправілі ў Расію ўжо больш за 70 сертыфікатаў. «Пасяджэнне саюзнага Саўміна пройдзе 13 чэрвеня, там трэба гэтае пытанне яшчэ раз абмеркаваць. Павінна быць выбудавана дакладная сістэма, каб не перарываліся пастаўкі прадукцыі», – падкрэсліў Андрэй Кабякоў. Ён даручыў дэталёва прапрацаваць механізм падключэння беларускіх прадпрыемстваў да гэтай сістэмы.

Як растлумачыў журналістам намеснік прэм’ер-міністра Міхаіл Русы, Беларусь і Расія дамовіліся сінхранізаваць нацыянальную сістэму ідэнтыфікацыі і прасочвальнасці жывёлы і прадукцыі жывёльнага паходжання Беларусі і расійскую сістэму «Меркурый». «У нас ужо адпрацаваны тры пілотныя прадпрыемствы, але ў цэлым каля 400 прадпрыемстваў будуць удзельнічаць у гэтай сістэме», – расказаў ён. Віцэ-прэм’ер удакладніў, што цяпер адпрацоўваецца дастаўка сертыфіката да канкрэтнага атрымальніка з выхадам на магазіны, каб на любым этапе можна было прасачыць рух тавару. Паўнацэнна пачаць працаваць гэтая сістэма павінна з 1 ліпеня.

На пытанне, ці дапаможа ўкараненне механізма абмену электроннымі ветэрынарнымі сертыфікатамі пазбегнуць такіх сітуацый, як увядзенне часовых абмежаванняў на пастаўку некаторых відаў беларускай прадукцыі, Міхаіл Русы адказаў, што гэта адна з задач такой работы. «У тым ліку гэта дасць магчымасць пазбегнуць такіх праблем, як цяпер у нас па пастаўках малака на расійскі рынак. Не будзе лішніх крыватолкаў – адкуль прыйшла прадукцыя, чыя сыравіна. Усё адразу будзе відаць», – канстатаваў ён.

Міжнародная спецыялізаваная выстаўка «Белагра-2018» адкрылася 5 чэрвеня ў гандлёва-лагістычным цэнтры «Глобус Парк» у аграгарадку Шчомысліца Мінскага раёна. Удзел у выстаўцы прымаюць 536 кампаній з 28 краін.

БелТА

 

ПРАПАНУЮЦЬ ІНАВАЦЫЙНЫЯ НАВІНКІ

Удзел у міжнароднай спецыялізаванай выстаўцы «Белагра-2018» прымае і Стаўбцоўскі філіял ААТ «Гарадзейскі цукровы камбінат».

Прадпрыемства прадставіла свае сокі, нектары, гароднінныя кансервы, а таксама фруктова-ягадныя напаўняльнікі. Усе віды прадукцыі можна пакаштаваць непасрэдна на выстаўцы падчас дэгустацый.

– Сярод прадстаўленага ёсць і навінкі, – падкрэслівае спецыяліст па маркетынгу філіяла Ілья Крывель. – Гэта нектары грушава-яблычныя і бруснічна-яблычныя, сокі для дзіцячага харчавання – гарбузова-апельсінавы, гарбузова-яблычны і яблычна-вішнёвы. Сок бярозавы і сок бярозавы з шыпшынай з дабаўленнем фруктозы – увогуле інавацыйная прадукцыя, якая арыентавана і на тых, хто хварэе на цукровы дыябет і вядзе здаровы лад жыцця.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *