У калектывах

Нумары Раённыя навіны

ЗДАБЫВАЮЦЬ НОРМУ ЖНІЎНЯ

На ААТ «ТБЗ Нёман» выканана больш за 80 працэнтаў сезоннага задання па нарыхтоўцы торфу. Цяпер, у пачатку чэрвеня, работнікі завода фактычна працуюць над выкананнем нормы жніўня.

– Гэты сезон здабычы склаўся як ніколі ўдала. Сухое надвор’е дазволіла ў маі зрабіць асноўныя нарыхтоўкі, – ацэньвае дырэктар завода Міхаіл Камейша і выказвае задаволенасць тым, што торф атрымаўся якасным. Значыць, і эканоміка прадпрыемства будзе эфектыўнай.    

Здабыча торфу вядзецца на ўчастку «Дружная» радовішча «Гуменаўшчызна». Задзейнічаны дзевяць уборачных машын, па два фрэзерныя барабаны, валкавальнікі і штабеліровачныя машыны, варушылка. Надвор’е спрыяе, і людзі працуюць ударна. Так, машыніст штабеліровачнай машыны Аляксандр Босы ўжо 31 мая выканаў сваё асабістае сезоннае заданне. Не адстаюць машыністы ўборачных машын Іван Равяка і Валерый Лысы. Добрых слоў заслугоўваюць машыністы фрэзерных барабанаў Вячаслаў Калодзінскі і Генадзь Кураш.

У пачатку наступнага тыдня сезоннае заданне па здабычы торфу – 79 тысяч тон – будзе выканана.

 

КАБ ПАШЫРЫЦЬ РЫНКІ ЗБЫТУ

Для паляпшэння якасці прадукцыі ААТ «Стаўбцоўскі мясакансервавы камбінат» чарговы раз набыў новае абсталяванне.

Апошнія набыткі ў першую чаргу паспрыяюць высокай якасці вырабу вараных каўбас, зельцаў і іншай запатрабаванай пакупнікамі прадукцыі. Новае абсталяванне ў каўбасны цэх – гэта ўласныя інвестыцыі камбіната, які працуе стабільна, з прыбыткам, і імкнецца адпавядаць усім сучасным патрабаванням. Прадукцыя камбіната заваёўвае не толькі рынкі краін СНД, а і выходзіць на рынкі краін Азіі.

На гэтую перспектыву нацэлена і рэалізацыя буйнога праекта па будаўніцтве новага цэха забою буйной рагатай жывёлы, у дачыненні да якога на камбінаце на даны момант вядуцца перадпраектныя работы.

 

І МЕНШАСЦЬ СУПРАЦЬ ТЫТУНЮ

Сёлета раённы ваенны камісарыят стаў актыўным удзельнікам інфармацыйна-адукацыйнай акцыі «Беларусь супраць тытуню».

У рамках акцыі ў ваенкамаце адбыўся круглы стол з удзелам інструктара-валеолага раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Паліны Чапскай. Прадметная размова аб шкодзе курэння была дапоўнена тэматычным відэафільмам, пасля чаго паступіла прапанова выказаць свае адносіны да курэння праз анкетаванне. Ёсць спадзяванне, што гэтая сустрэча стане асэнсаваннем інфармацыі і, адпаведна, паўплывае на змяншэнне колькасці курцоў у калектыве. Сярод людзей ваенных іх, безумоўна, меншасць (каля 20 працэнтаў), але вынік будзе тады, калі іх не будзе ўвогуле. Таму што курэнне – гэта не толькі даўно не модны імідж, а, у першую чаргу, непапраўная шкода здароўю свайму і тых, хто цябе акружае, якая выклікае хваробы сэрца і іншых жыццёва важных органаў.

У рамках акцыі з удзелам інструктара-валеолага адбыліся таксама сустрэчы ў гімназіі № 1 г. Стоўбцы, Акінчыцкім дзіцячым садзе, Заямнаўскай, Засульскай, Налібацкай, Вішнявецкай і Навасвержанскай сярэдніх школах.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *