Урачы і бацькі – адна каманда

Медыцына Нумары

090618e

У дзіцячай паліклініцы райбальніцы адбылося адкрыццё кабінета ранняга ўмяшальніцтва. Гэта інавацыйная праграма ў педыятрыі, якая ажыццяўляецца па ўсёй краіне. Аб гэтым мы просім расказаць раённага педыятра Анастасію КЛІМОВІЧ:

–             Гэта праграма міждысцыплінарнай і сямейна-цэнтралізаванай дапамогі дзецям ранняга ўзросту з асаблівасцямі развіцця і іх сем’ям, – расказвае Анастасія Леанідаўна. – У краіне, і ў нашым раёне таксама, нізкая смяротнасць дзіцячага насельніцтва. Сучасны стан медыцыны дазваляе дапамагчы нарадзіцца ўсім дзецям. Каб папярэдзіць інваліднасць у тых дзяцей, якія нарадзіліся з нейкімі адхіленнямі, яны будуць назірацца ў кабінеце ранняга ўмяшальніцтва. Для кожнага дзіцяці будзе складзена індывідуальная праграма медыцынскай рэабілітацыі. Ранняе ўмяшальніцтва – гэта сувязнае звяно паміж рэабілітацыяй на базе паліклінікі, цэнтра рэабілітацыі, развіваючымі школамі і ншымі альтэрнатыўнымі мерапрыемствамі, што наведваюць дзеці. У педыятраў будзе магчымасць назіраць за дзіцем, адсочваць і кантраляваць дынаміку і своечасова ўносіць папраўкі. Вельмі важна, што гэтая праграма актыўна ўключае ў работу і бацькоў. Спецыялісты аказваюць дапамогу сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей з асаблівасцямі развіцця ва ўзросце ад нараджэння да трох гадоў. Бацькам дапаможам асвоіць рэабілітацыйныя праграмы, каб яны маглі дома самі праводзіць з дзецьмі карэкціруючыя заняткі.

Узначаліла кабінет ранняга ўмяшальніцтва малады ўрач педыятр Марыя Шчэцька. З дзецьмі будуць працаваць таксама ўрач-рэабілітолаг Інна Кукота, урач-неўролаг Людміла Яўсейчык. Для дыягностыкі, аказання ранняй комплекснай дапамогі, правядзення карэкцыйных і маніторынгавых заняткаў будуць прыцягвацца псіхолаг, псіхіятр, масажысты, іншыя спецыялісты. Пры неабходнасці будуць скарыстаны паслугі лагапеда.

Для таго каб пачаць інавацыйную праграму, кіраўніцтва медыцынскай установы паклапацілася стварыць патрэбныя ўмовы. Прызначаны спецыяльны кабінет, закуплена дзіцячае абсталяванне, цацкі.

Як зазначылі медыцынскія работнікі, хоць праграма накіравана на работу з дзецьмі ад нараджэння да трох гадоў, бацькам не адмовяць у дапамозе, калі яны звернуцца і з дзецьмі большага ўзросту. Інфармацыю аб рабоце кабінета ранняга ўмяшальніцтва можна будзе знайсці на сайце і заўсёды атрымаць кансультацыю ў дзіцячай паліклініцы.

Святлана ЖЫБУЛЬ

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *