Лес – наша багацце

Нумары У калектывах Стаўбцоўшчыны

130618g

З ПРЫРОДНЫХ МАТЭРЫЯЛАЎ

У маі вытворча-майстарскі ўчастак «Акінчыцы» Стаўбцоўскага лясгаса вырабіў і рэалізаваў каля 1100 м3 піламатэрыялаў, 321 тону пелетаў. Прадукцыя хадавая, адгружаецца пераважна на экспарт – у краіны Прыбалтыкі, Польшчу, Францыю, Галандыю, Бельгію і інш.

– Участак працуе ў дзве змены, на складах – толькі невялікія рэшткі, – зазначае начальнік участка Генадзь Клімовіч. – Сыравіна для перапрацоўкі паступае спраўна з усіх дзевяці лясніцтваў лясгаса.

Акрамя названых вышэй відаў прадукцыі, запатрабаванымі таксама з’яўляюцца ацыліндровачныя вырабы. Тэндэнцыя апошняга часу на ўнутраным рынку – попыт на прафіляваныя вырабы, такія як дошка падлогі, абшыўка. За май іх рэалізавана 12,8 м3 і 14,3 м3 адпаведна. Заказы паступаюць у асноўным ад насельніцтва, прычым з розных раёнаў Мінскай вобласці. «Людзі адыходзяць ад сінтэтычных матэрыялаў, а хочуць мець у сваім доме ці кватэры натуральны, прыродны», – тлумачыць Генадзь Клімовіч.

Адгрузкі на ўчастку вядуцца кожны дзень – як экспартныя, так і на ўнутраны рынак, насельніцтву. Для гэтага стараюцца брыгадзір па распілоўцы лесаматэрыялаў круглых Валянцін Анісовіч, брыгадзір станочнікаў па вытворчасці ацыліндровачных вырабаў Яўген Міцюля, станочнік па вытворчасці прафіляваных вырабаў Канстанцін Емяльяненка, станочнік па вытворчасці піламатэрыялаў абразных Юрый Васіленка і многія іншыя. Кожны трэці ў калектыве – моладзь. Сярод маладых работнікаў імкнецца быць на добрым рахунку і вадзіцель пагрузчыка Дзяніс Махнач (на здымку).

У бліжэйшых планах лесаперапрацоўшчыкаў – нарошчванне аб’ёмаў выпуску прадукцыі і паляпшэнне яе якасці, таму ў студзені прайшоў тэндар на закупку новай лініі па распілоўцы лесаматэрыялаў круглых.

 

ЗАХЛАМЛЕНАСЦЬ ЦІ БІЯРАЗНАСТАЙНАСЦЬ

У лясных экасістэмах важна захоўваць здаровы баланс і пажарабяспечную абстаноўку.

З надыходам лета цягне на прыроду, у лес. Але ў лесе іншым разам хацелася б большага парадку. Пэўную захламленасць ствараюць сухія і ветравальныя дрэвы, рэшткі пасля праведзеных высечак. Чаму іх ніхто не прыбірае, калі пытанні добраўпарадкавання і навядзення парадку прыярытэтныя ва ўсіх сферах народнай гаспадаркі?

Сваё пытанне мы адрасавалі спецыялісту – галоўнаму ляснічаму Стаўбцоўскага лясгаса Сцяпану Явіду.

– Насамрэч, закранута вельмі важнае пытанне, вакол якога існуе шмат спрэчак, – тлумачыць Сцяпан Явід. – Лес – гэта сістэма, дзе адначасова з гібеллю старых дрэў і вырастаннем новых адбываюцца пастаянныя і рознабаковыя працэсы змяненняў усяго жывога. Рэшткі дрэў, якія загінулі, знаходзяцца ў ліку найважнейшых элементаў лесу. Драўніна мёртвых дрэў гніе і прыносіць карысць шматлікім раслінам, грыбам і жывёлам. У недалёкім мінулым пераважаў іншы пункт гледжання: маўляў, драўніна мёртвых дрэў з’яўляецца ачагом размнажэння шкоднікаў і захворванняў, і яе выдаленне, адпаведна, было прыкметай гаспадарлівага падыходу леснікоў да сваіх абавязкаў. Аднак выдаленне мёртвага дрэва (і пра гэта сведчаць даследаванні беларускіх, польскіх і іншых вучоных) наносіць больш шкоды для лясной экасістэмы, чым высечка жывога…

З моманту смерці дрэва пачынаюцца бурныя змяненні біятопу ў яго бліжэйшым акружэнні. Павялічваецца колькасць святла і вады, якія дасягаюць дна лесу. Змяняюцца ўмовы жыцця арганізмаў (бактэрый, грыбоў, жывёлін, што знаходзяцца ў глебе), якія раскладаюць нежывую арганічную матэрыю да простых мінеральных злучэнняў. Колькасць харчовых сувязяў у гэтым біятопе дадаткова павялічваецца за кошт каранёвай сістэмы дрэва, якое спыніла сваю жыццядзейнасць. Натуральна, што багацце ежы і павялічаны прыток святла паскараюць рост раслін. Адкрываюцца новыя магчымасці развіцця перад маладым пакаленнем дрэў, у якіх раней з-за зацененасці не было шанцаў прабіцца ў верхні ярус лесу.  

– Мёртвая драўніна, якая ўспрымаецца як захламленасць, важная для жыцця натуральных лясных экасістэм і можа прывесці да парушэння натуральных працэсаў лесааднаўлення?

– Безумоўна. Аднак пры гэтым варта ўлічваць і другі бок медаля. У большасці лясоў Беларусі, адкуль мы атрымліваем драўнінную і недраўнінную прадукцыю, наяўнасць мёртвай драўніны з’яўляецца крыніцай для фарміравання ачагоў стваловых узбуджальнікаў і грыбных захворванняў лесу, які расце. Задача службы лесааховы – не дапускаць развіцця гэтых ачагоў узбуджальнікаў і хвароб у фарміраванні прадукцыйных лясоў. Акрамя таго, мёртвая драўніна ў лесе ў вялікім аб’ёме з’яўляецца фактарам пажарнай небяспекі, асабліва ў засушлівыя гады.

– Аднак паўсюдна мы сустракаем у лесе рэшткі высечак. Яны застаюцца на лесасеках і ў першую чаргу ствараюць небяспеку ў пажаранебяспечны перыяд.

– Частка мёртвай драўніны, згодна з сучаснымі тэхналогіямі, павінна заставацца ў лесе ў выглядзе рэшткаў высечак. Правіламі высечак лесу ўстаноўлены нарматывы іх выкарыстання пры правядзенні высечак прамежкавага і галоўнага карыстання ў насаджэннях асноўных лесаўтваральных парод. Пакіданне рэшткаў высечак на лесасеках таксама вельмі карыснае: дазваляе захаваць урадлівасць лясных глебаў і дае магчымасць атрымаць да ўзросту высечкі дрэвастояў дадаткова 15-20 працэнтаў драўніннай біямасы (у параўнанні з ляснымі ўчасткамі, на якіх былі поўнасцю выдалены рэшткі высечак).

І, разам з тым, айчынныя эксперты, якія рэкамендуюць нам экалагічна і сацыяльна адказнае, эканамічна выгаднае лесакарыстанне, у першую чаргу звяртаюць увагу на правядзенне ў лясах санітарна-аздараўленчых мерапрыемстваў, прафілактычных супрацьпажарных мерапрыемстваў. Асновай іх з’яўляецца ўборка сухастою і валежніку там, дзе ёсць небяспека перадачы нізавога агню на вершаліны і ператварэнне яго ў верхавы пажар.

– Натуральная захламленасць у лясных масівах не павінна несці небяспеку наведвальнікам.

– Пры вядзенні лясной гаспадаркі скіроўваюцца значныя сродкі на мерапрыемствы па навядзенні парадку, а менавіта на ўборку захламленасці, выбарачныя санітарныя высечкі, уборку адзінкавых дрэў. Асаблівы парадак лесаводы стараюцца забяспечыць у рэакрэацыйных зонах, каб захламленасць або аслабленыя і завісшыя дрэвы не стваралі небяспеку для тых, хто наведвае лес. Мы прытрымліваемся і рэкамендацый сертыфікацыі па сістэме FSC і захоўваем пэўныя плошчы лясоў у некранутым выглядзе для біяразнастайнасці.

– Як сведчыць статыстыка, асноўная частка загаранняў у лясах ідзе ад чалавека. Як працуе дзяржаўная лясная ахова ў пажаранебяспечны перыяд?

– Правіламі пажарнай бяспекі ў лясах рэспублікі ўстаноўлены абавязковыя патрабаванні пажарнай бяспекі ў лясным фондзе рэспублікі, і яны з’яўляюцца абавязковымі для выканання юрыдычнымі і фізічнымі асобамі. Дзяржаўная лясная ахова з наступленнем пажаранебяспечнага перыяду перайшла на ўзмоцнены рэжым работы. Вядзецца маніторынг з паветра сіламі авіяцыі, а таксама наземнымі сродкамі – з дапамогай камер відэаназірання. Яны ўстаноўлены ў кожным лясніцтве. Акрамя таго, работнікамі лясной аховы арганізавана патруляванне лясных масіваў. Нагадаю, што з 5-га чэрвеня рашэннем райвыканкама ўведзена забарона на знаходжанне грамадзян на тэрыторыі ляснога фонду і ўезд транспартных сродкаў.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

У ПАЖАРАНЕБЯСПЕЧНЫ ПЕРЫЯД

Забаронена разводзіць кастры ў хваёвых дрэвастоях і маладняках, на ўчастках пашкоджаных лясных насаджэнняў, тарфяніках, у месцах высечак, якія не ачышчаны ад рэшткаў і нарыхтаванай драўніны, месцах з падсохшай травой. Нельга кідаць непатушаныя запалкі, цыгарэты.

Забаронена выпальваць сушняк, лясную падсцілку, траву на землях ляснога фонду.

У лесе нельга разбіваць шкляныя бутэлькі і пакідаць пасля сябе смецце. Неабходна выконваць правілы пажарнай бяспекі ў лясах і ў выпадку выяўлення ачагоў загарання неадкладна паведамляць у лясгас (тэл. – 7-88-33) або ў МНС (тэл. 101).



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *