Дасягненні малой радзімы

Нумары Раённыя навіны У калектывах Стаўбцоўшчыны

160618

РЭСУРС – У СІЛЕ МАЛАДОСЦІ

Апошнім часам ААТ «Стаўбцоўскі мясакансервавы камбінат» шмат будуе, рэканструіруе і рамантуе, а таксама надае вялікую ўвагу добраўпарадкаванню вытворчай тэрыторыі.

Адна з прыярытэтных задач, якую на даны момант вырашае інжынерная служба камбіната, – будаўніцтва цэха забою буйной рагатай жывёлы. Праект знаходзіцца на стадыі распрацоўкі перадпраектнай дакументацыі.

На чале гэтай аб’ёмнай і карпатлівай работы стаіць галоўны інжынер Віктар Сергеевіч. Перш чым трапіць на камбінат, Віктар Валер’евіч прайшоў салідную інжынерную школу на філіяле маторнага завода (на прадпрыемстве «Юніспектр» у В. А. Махнача).

– Штодзень прыходзіцца вырашаць масу рабочых пытанняў, – зазначае Віктар Сергеевіч і, зважаючы на свой вясёлы нораў, аджартоўваецца: – Работа баіцца сілы маладосці.  

Сіла маладосці проста ўладарыць у кабінеце, дзе разам з Віктарам Сергеевічам працуе і яго калега – намеснік дырэктара па камерцыйных пытаннях Аляксандр Макарэвіч. На камбінаце Аляксандр Мікалаевіч трэці год, але гэта кампенсуецца дастаткова багатым вопытам работы. З яго прыходам відавочна істотнае паляпшэнне дзейнасці аддзела збыту і маркетынгу. Галоўнае – традыцыйны для перапрацоўшчыкаў расійскі рынак збыту цяпер дапоўнены рынкам Казахстана. Пачалося асваенне і абсалютна новага напрамку – рынку краін Азіі, пра што сведчыць падрыхтоўка партыі прадукцыі да адпраўкі ў Ганконг.  

У дзейнасці Віктара Сергеевіча і Аляксандра Макарэвіча ёсць і так званыя кропкі перасячэння. Гэта грамадская работа, якая звязана з удзелам у функцыянаванні розных камісій: па закупках, інвентарызацыі, спісанні аб’ектаў, па барацьбе з п’янствам, карупцыяй і т. п.

НА ЗДЫМКУ: Аляксандр Макарэвіч (злева) і Віктар Сергеевіч.

 

ДАЛІКАТЭС З ЯЗЫКА

На прылаўках фірменных магазінаў ААТ «Стаўбцоўскі мясакансервавы камбінат» з’явіўся арыгінальны далікатэс – рулет «Банкетны», прыгатаваны са свінога языка. Новы далікатэс адразу стаў хадавым таварам, які карыстаецца павышаным попытам.

– Хацелася б задаволіць усе заяўкі фірменнага гандлю, – адзначае галоўны тэхнолаг прадпрыемства Наталля Падсадная, – але рулета вырабляем столькі, колькі дазваляе сыравіна. Гэта прыкладна 100-150 кг на тыдзень.

Рулет «Банкетны» выпускаецца ў вакуумнай упакоўцы кавалачкам 250-300 грамаў. Тэрмін яго прыдатнасці ў сувязі з натуральным саставам невялікі – 15 дзён.

У продаж паступілі яшчэ два віды навінак, на якія абавязкова варта звярнуць увагу. Гэта сардэлькі «Ірландскія з сырам» і паўфабрыкат замарожаны «Каўбаскі вясковыя», вырабленыя з дабаўленнем ячных круп. Абодва віды прадукцыі адрозніваюцца натуральным саставам. Вытворцамі рыхтуецца і новая мясная кансерва – «Галёнка з капустай». Хутка яна паступіць у продаж.

 

ЗАПАТРАБАВАНЫЯ ТОРФАБРЫКЕТЫ

Паралельна з сезонам нарыхтоўкі на ААТ «ТБЗ Нёман» ажыццяўляецца выпуск прадукцыі. І попыт на яе – стабільна высокі.

На працягу мая вытворчы канвеер не працаваў – у брыкетным цэху праводзіўся планавы прафілактычны рамонт.

– Нашы работнікі перагледзелі ўсё абсталяванне, замянілі зношаныя дэталі на новыя, каб працаваць без паломак і вымушаных прастояў. Падрыхтаваліся добра, – адзначыў дырэктар завода Міхаіл Камейша.

Канвеер аднавіў сваю работу 1-га чэрвеня. І першыя адгрузкі торфабрыкетаў – на цэментныя заводы рэспублікі.

Так, з пачатку года торфабрыкетчыкамі ўжо адгружана на цэментныя заводы больш за сем тысяч тон прадукцыі. Усяго на працягу 2018 года неабходна адгрузіць 20 тысяч тон торфабрыкетаў, прычым 2,5 тысячы тон – акурат у першы летні месяц. Вытворцы не забываюць і пра камунальна-бытавых спажыўцоў. Найбольш гаспадарлівыя з іх не чакаюць халадоў і менавіта цяпер запасаюцца палівам на зіму.

 

РЭАЛІЗАВАНА ПЕРШАЯ ЧАРГА ПРАЕКТА

Завяршаюцца работы на першай чарзе рэканструкцыі размеркавальных сетак 0,4/10 кВ у Новым Свержані. Маштабны праект, рэалізацыю якога распачалі сёлета энергетыкі, мяркуецца завяршыць у жніўні 2019 года.

Праект падзелены на тры чаргі, і першая чарга рэканструкцыі – гэта будаўніцтва 8,1 км паветраных ліній з ізаляванымі правадамі, пракладка 5,6 км кабельных ліній 0,4 кВ і 4,6 км кабельных ліній 10 кВ, трох трансфарматарных падстанцый, а таксама замена свяцільнікаў вулічнага асвятлення на энергазберагальныя. Працуюць дзве брыгады будаўніча-мантажнага ўпраўлення № 5 – са Стаўбцоўскага і Дзяржынскага ўчасткаў.

Следам за першай чаргой пачнецца рэалізацыя і другой. Адносна трэцяй, заключнай, чаргі праектна-каштарысная дакументацыя цяпер праходзіць экспертызу.

Плануецца выканаць значны аб’ём работ. Як адзначае галоўны інжынер раённых электрычных сетак Віктар Пракаповіч, у цэлым пры рэалізацыі праекта ў Новым Свержані неабходна пабудаваць амаль 22 км высакавольтных ліній 0,4 кВ і 1,3 км высакавольтных ліній 10 кВ (усе будуць выкананы ізаляваным провадам), пракласці больш за 12 км кабельных ліній 10 кВ і 8 км – кабельных ліній 0,4 кВ, зманціраваць дзевяць новых трансфарматарных падстанцый і ажыццявіць замену абсталявання на трох дзеючых падстанцыях з устаноўкай сучаснага абсталявання, абароны і сістэм аўтаматызаванага ўпраўлення. Акрамя таго, будзе наладжана аўтаматызаваная сістэма ўліку электраэнергіі.

 

УЛАСНАЯ МАРКА ПАШТАВІКОЎ

Адкрыта падпісная кампанія на другое паўгоддзе 2018 года. Паштавікі запрашаюць аформіць падпіску на раённую і іншыя газеты і часопісы і выкарыстаць розныя актуальныя паслугі, а таксама вядуць актыўную падрыхтоўку да Дня горада.

– Нашымі наведвальнікамі, – зазначае намеснік начальніка раённага вузла паштовай сувязі Марына Петух, – запатрабаваны пісьмы і пасылкі лінейкі «Камфорт». Ёсць попыт на паскораную пошту. Усё большую папулярнасць набывае інтэрнэт-магазін РУП «Белпошта». Стаўбцоўскія паштавікі выходзяць па гэтай пазіцыі ў Мінскай вобласці ў лідары. Дзякуючы іх мэтанакіраванай інфармацыйнай рабоце з кліентамі расце колькасць інтэрнэт-заказаў на тавары беларускіх вытворцаў. Развіваюцца і іншыя паслугі.    

Пошта не застанецца незаўважанай і ў Дзень горада. Яе работнікі будуць апрануты ў адмысловыя касцюмы, а для ўсеагульнай забавы будзе працаваць мабільная паштовая скрыня, якую прадставіць лялька ў рост чалавека. Да свята тэрыторыя раённага вузла паштовай сувязі добраўпарадкавана металічнымі кветачніцамі, пафарбаваны дах адміністрацыйнага будынка. Фасад яго быў атынкаваны і пафарбаваны яшчэ ў мінулым годзе.

 

З ВЫСТАВАЙ У СТАЛІЦЫ

Вучні мастацкага аддзялення Стаўбцоўскай дзіцячай школы мастацтваў і іх выкладчык Андрэй Зянько былі запрошаны на цырымонію ўзнагароджання пераможцаў Выстаўкі творчых дасягненняў вучняў дзіцячых школ Беларусі. Урачыстасць адбылася ў Палацы Рэспублікі ў Мастацкай галерэі «Універсітэт культуры» ў рамках Міжнароднага тыдня мастацкай адукацыі ЮНЭСКА.

Спецыяльныя сертыфікаты за подпісам міністра культуры Рэспублікі Беларусь атрымалі Паліна Камёнка, Анастасія Маскаленчык і Яўгеній Новікаў. Дарагім падарункам для дзяцей сталі мастацкія каталогі, дзе змешчаны іх работы. Акрамя таго, іх малюнкі знаходзяцца на выставе, якая працуе цяпер на адной з вядучых выставачных пляцовак сталіцы – у Мастацкай галерэі «Універсітэт культуры» ў Палацы Рэспублікі.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *