Падзеі і здарэнні

Нумары Падзеі і здарэнні

ЗАГСам зарэгістраваны па раёне тры шлюбы, столькі ж адзнак зроблена аб скасаванні сямейнага саюза. Пасведчанні аб нараджэнні атрымалі тры маленькія жыхары Стаўбцоўшчыны: Макар Валочнік, Ілья Самахвал і Герман Паляніца.

Зямны шлях закончыўся для 20-ці жыхароў раёна.

У пажарнай часці згадалі тры вогненныя здарэнні. Ад агню пацярпела лазня стаўбчаніна. У Слабадзе ўспыхнуў хлеў вяскоўца. У Семенчыцах агнём знішчана альтанка. Для ўстанаўлення прычыны пажараў прызначана пажарна-тэхнічная экспертыза.

Міліцыяй зарэгістраваны 128 паведамленняў аб правапарушэннях, у выніку чаго ўзбуджаны тры крымінальныя справы, ва ўсіх іх устаноўлены падазроныя. Двое грамадзян, раней судзімых, учынілі разбой у доме састарэлага жыхара вёскі Дзенісы, прымянілі да яго насілле, у выніку якога пацярпелы памёр у бальніцы. У Стоўбцах зламыснік выкраў з кватэры мабільны тэлефон.

Стаўбцоўскай міжраённай інспекцыяй аховы жывёльнага і расліннага свету затрыманы жыхар Мінска, які на затоцы ракі Нёман, паблізу Русаковічаў, займаўся незаконнай здабычай рыбы з дапамогай сеткі. У адносінах да браканьера складзены адміністрацыйны пратакол, яму пагражае штраф да 50 базавых велічынь.

Пракуратурай раёна ў ходзе маніторынгу выканання заканадаўства аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб, а таксама Дырэктывы № 2 устаноўлены парушэнні парадку вядзення кнігі заўваг і прапаноў у ААТ «Стаўбцоўскі райаграсэрвіс» і ААТ «Стаўбцоўскі раённы камбінат бытавога абслугоўвання». Кіраўнікам названых прадпрыемстваў вынесены прадпісанні.

Суд арыштаваў на два месяцы 49-гадовага стаўбчаніна, які пагражаў забойствам былой жонцы, а таксама прымяніў да яго меры бяспекі і лячэння ад хранічнага алкагалізму . З яго таксама спагнана 100 рублёў за нанесеную маральную шкоду. За з’яўленне ў грамадскім месцы ў нецвярозым стане аштрафаваны на тры базавыя велічыні 34-гадовы жыхар Наваколасава.

ДАІ выявіла 129 парушэнняў правілаў дарожнага руху. Сярод парушальнікаў – пяць п’яных вадзіцеляў і дзевяць вадзіцеляў-бяспраўнікаў, 18 недысцыплінаваных пешаходаў, у тым ліку трое – у нецвярозым стане. Зафіксавана шэсць дарожных аварый. Ніхто не пацярпеў.

«Хуткая» выязджала да хворых 215 разоў.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *