Нас аб’ядноўвае песня

Нумары Соцыум

160618a

Жыццёвы працэс заклікае нас да цікавых спраў, пабудовы кар’еры, занятасці ў сям’і, грамадскай актыўнасці. Але праходзіць час, і чалавека чакае заслужаны адпачынак. Сталыя гады памяншаюць нашы абавязкі, не павялічваючы правоў.

Вось у такі перыяд для многіх жыццё становіцца аднабаковым. Таму вельмі важна захапіцца творчасцю, садоўніцтвам, вязаннем, кулінарыяй… Нас, ветэранаў працы, у ДУ «Стаўбцоўскі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва» аб’яднала песня.

Роўна тры гады таму Сяргей Міхайлавіч Есіс (загадчык аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту) прапанаваў стварыць хор ветэранаў працы на базе існуючага гуртка. Узнікла пытанне аб кіраўніку хору. Ім стаў Міхась Міткевіч, вопытны хармайстр. «Стаўбцоўшчына – радзіма песняра Якуба Коласа. Назва «Родны кут» будзе вельмі ганаровай для такога калектыву», – палічыў першы мастацкі кіраўнік.

Аматары харавых спеваў – цікавыя асобы. Многія з іх пачыналі свой творчы шлях яшчэ са школьнай пары, а таму ім цяжка ўявіць сваё існаванне без песні. Колькасць удзельнікаў хору – шаснаццаць чалавек. Былі выпадкі, калі некаторыя ўдзельнікі па важных прычынах не змаглі больш наведваць рэпетыцыі, але прыходзілі новыя людзі.

Створаны так званы візітны альбом, у якім распавядаецца аб творчых дасягненнях калектыву і кожным яго ўдзельніку. У альбоме ёсць шмат ілюстрацый і артыкулаў аб выступленнях калектыву на старонках газеты «Прамень».

Згодна з праектам аддзяленняў пры іншых тэрытарыяльных цэнтрах, кожны год арганізоўваюцца міжрэгіянальныя фестывалі мастацкай самадзейнасці. Хор «Родны кут» заўсёды годна прадстаўляў свае праграмы на гэтых фестывалях. Творчасць жывіць душу, аб’ядноўвае людзей, ствараючы камунікацыйныя магчымасці. Падрыхтоўка да такіх мерапрыемстваў патрабуе комплекснага падыходу: арганізацыі выставак работ дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, кулінарных вырабаў, захапляючых канцэртных праграм, пошуку транспартных сродкаў, вырабу сувеніраў і т. п.

У 2016 годзе Стаўбцоўшчына прымала ўдзельнікаў міжрэгіянальнага фестывалю песні пад дэвізам: «Песняй вітаем мы вас!» – з Клецкага, Пухавіцкага, Мінскага, Вілейскага, Баранавіцкага, Валожынскага і Уздзенскага тэрытарыяльных цэнтраў. Моцную падтрымку залы адчуў наш хор «Родны кут» разам з мастацкім кіраўніком Міхасём Міткевічам. 2017 год паклікаў наш калектыў на фестываль у горад Баранавічы, дзе бралі ўдзел прадстаўнікі з Гродна, Брэста, Кобрына, Івацэвічаў. Праграма хору рыхтавалася з мастацкім кіраўніком Яўгенам Карпуцем. Дэвіз фестывалю – «З песняй па жыцці!» З васьмі прадстаўленых нумароў чатыры былі ўспрыняты гледачамі на «біс».

Каля двух дзясяткаў выступленняў калектыву было здзейснена на канцэртных пляцоўках Стаўбцоўскага раёна. Нам пашчасціла выступіць у Налібаках, Засуллі, Мікалаеўшчыне, Яблынаўцы, Новым Свержані, турысцка-аздараўленчым комплексе «Высокі бераг»… Сваімі праграмамі хор радаваў пажылых людзей у Клецку, Дзяржынску, Уздзе і нават у сталіцы нашай рэспублікі. Не праходзілі без удзелу хору ўсе каляндарныя святы і значныя ўрачыстасці ў Стаўбцоўскім тэрытарыяльным цэнтры. Многія ўдзельнікі хору маюць, акрамя таго, высокія дасягненні ў кулінарных справах. Нават на абласных спаборніцтвах «Бабуліны прысмакі» нашы ўдзельніцы заваявалі прызавыя месцы (2018 год).

Узнікае пытанне: «Ці бываюць праблемы ў харавога калектыву і як яны вырашаюцца?»

Стараемся вырашаць іх сумесна з адміністрацыяй тэрытарыяльнага цэнтра. Напрыклад, асабісты інструмент для рэпетыцый падарыла Святлана Зянонаўна Блашко, дырэктар цэнтра. Праблему транспарту дапамагаюць вырашаць самі ўдзельнікі: Марыя Дамброўская, Іван Клімовіч, Мікалай Данец. Калектыў хору «Родны кут» вельмі ўдзячны дырэктару цэнтра народнай творчасці Марыне Халецкай і яе супрацоўнікам за арганізацыю творчых сустрэч і сумесныя канцэрты. Нас, ветэранаў, аб’ядноўвае песня, і мы ўдзячны кіраўніцтву ДУ «СТЦСАН» за магчымасць рэалізоўваць нашы мары. З вялікай радасцю мы спяшаемся на рэпетыцыі і канцэрты для таго, каб дарыць людзям песні.

Вельмі хочацца каб наш хор быў даўгавечным. А яго ўдзельнікі, разам з кіраўніком, былі бадзёрымі і здаровымі. «Ветэраны, спявайце, спявайце! Родны наш кут услаўляйце!».

НА ЗДЫМКУ: хор «Родны кут»: у ніжнім радзе (злева направа) – Я. Мамантава, А. Бяседзіна, В. Дзядзейка, Я. Карпуць, Л. Хамко, Т. Уласік; у верхнім радзе – Н. Захаранкава, Т. Хамраева, Л. Клімовіч, С. Грывачэўскі, І. Клімовіч, С. Есіс, М. Шэндзік, М. Данец, Т. Данец, М. Дамброўская.

Лілія ХАМКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *