Каб ведаць, дзе наш пачатак Зямлі…

Год малой родины Нумары

160618d

Дзякуй светлай зямной дабрыні,

Сярод якой я ўздымаўся,

Каб сёння промні мяне спавілі,

Каб з сіняй валошкай я абдымаўся.

Каб не забыць, дзе выток мы ўзялі,

Каб ведаць, дзе наш пачатак Зямлі.

«Аўтар гэтых радкоў – беларускі паэт, крытык, публіцыст, член саюза беларускіх пісьменнікаў Яўген Хвалей, які нарадзіўся ў вёсцы Белькаўшчына». Такое прадстаўленне прагучала са сцэны на свяце вёскі. Шкада, што знакаміты зямляк, які часта наведваецца са сталіцы на сваю малую радзіму, сам не прачытаў вершы, не выказаў пачуцці, што збіраўся данесці да аднавяскоўцаў. Не атрымалася, так склаліся жыццёвыя абставіны.

Увогуле ж свята Белькаўшчыны сабрала многіх, каго родны кут хвалюе, заклікае зноў і зноў сюды вяртацца. Да аксамітных лугоў, цяністых лясоў, серабрыстых хваляў Нёмана. Белькаўшчына, як і суседняя Мікалаеўшчына, – гэта ўсё запаветныя мясціны радзімы Якуба Коласа. Край людзей таленавітых, працавітых, шчыра адданых роднай зямлі.

Яркае сонца чэрвеня. Выдатны настрой ва ўсіх, хто сабраўся на вясковай вуліцы. Многа моладзі – прыехалі да бацькоў дзеці, унукі. Галоўная ж увага – карэнным жыхарам Белькаўшчыны, якія ўсё жыццё шчыруюць на гэтай зямлі.

Сцэнарый свята традыцыйны, апрабаваны на святах вёсак, якія цяпер штогод праводзяцца на Стаўбцоўшчыне. Але для вяскоўцаў усё новае, хвалюючае, бо песні, віншаванні адрасуюцца ім. Шчырасць і шчодрасць – пэўна, галоўныя вызначэнні святаў вёсак. Багатыя сталы з прысмакамі, якімі гаспадыні стараюцца пачаставаць гасцей. І тут жа каля сядзіб своеасаблівыя выставы творчасці – малюнкі, вышыванкі, вырабы з бісеру, іншых матэрыялаў. Галоўнае, што ўсё ад душы, ад імкнення паказаць, чым багатая вёска. Дзе жывыя традыцыі, заўсёды ў пашане ўмельства, цэняцца залатыя рукі і сэрцы.

Не заморскія, свае таленты. Музычныя прысвячэнні вяскоўцам ад знакамітага народнага ансамбля «Коласавы землякі». І ад здатных самадзейных артыстаў Любкаўшчынскага СДК. І ад саміх мясцовых жыхароў, як Генадзь Бычко, які не расстаецца з галасістым баянам.

Вітанні, віншаванні гучалі, як вядзецца, і каля падворкаў. І пасля са сцэны, устаноўленай, назавём і так, на вясковай плошчы. Да жыхароў Белькаўшчыны звярнуліся старшыня раённага Савета дэпутатаў С. Я. Шэсцель, старшыня Мікалаеўшчынскага сельвыканкама А. М. Карнічэнка. Была з удзячнасцю адзначана рупнасць людзей, якія аздобілі, прыбралі, паднавілі да свята сваю родную вёску. Прылюдна падведзены і вынікі конкурсу на лепшы падворак. Адзначаны гаспадары сядзіб Н. І. Турко, З. П. Гумен, В. Г. Пранько.

Сіла вёскі ў людзях, якія жывуць у ёй, працуюць дзеля дабрабыту свайго, а значыць, і вёскі. Як карані вёскі, яе старэйшыны, людзі, што перажылі і голад, і нястачу, ваеннае ліхалецце, разам з вёскай станавіліся на ногі, разам будавалі мірнае жыццё. І светлая памяць аб тых, хто загінуў у барацьбе супраць фашысцкіх захопнікаў. І аб тых, хто вярнуўся з вайны, але не дажыў да гэтага дня.

Хвіліна маўчання, называюцца імёны аднавяскоўцаў, занесеных у раённую кнігу «Памяць». Гэта А. І. Капцэвіч, В. Д. Каранкевіч, М. Д. Турко, А. Я. Хвалей, І. П. Хвалей, М. І. Хвалей, М. К. Хвалей, С. Ф. Чарнец.

Вёска святкуе. Сабраліся і старыя, і малыя, каб прывітаць сусед суседа, прызнацца ў любові да родных мясцін, адзначыць юбілеі і знамянальныя даты жыцця аднавяскоўцаў. Сардэчнае вітанне, пажаданне моцнага здароўя, Божай ласкі А. М. Крывель, якой праз год споўніцца дзевяноста. 85-гадовы юбілей адсвяткавалі ў гэтым годзе Т. У. Бычкоўская, Н. В. Сяліцкая. 80-гадовыя дні нараджэння адзначаюць Н. М. Барысевіч, З. У. Ярмаковіч, Н. В. Даніленка. Усёй вёскай прывіталі і маладзейшых юбіляраў, і сямейныя пары, як С. М. і Н. І. Турко, у якіх сапфіравае вяселле – 45-гадовы юбілей сумеснага жыцця. Усім ім – музычныя прысвячэнні, падарункі. Як і бацькам самага юнага жыхара Белькаўшчыны Арсенія Рака, якому пакуль толькі годзік.

Біяграфія вёскі складаецца з лёсаў, працоўных спраў яе жыхароў. 40 гадоў працы на жывёлагадоўчай ферме ў З. П. Гумен, 43 гады стажу ў паляводстве ў Г. М. Тамашэвіч. Адрасуюцца таксама прывітанні, уручаюцца падарункі ветэранам працы ААТ «Радзіма Якуба Коласа» В. С. Лёсіку, А. М. Ротнавай, Г. А. Ярмаковічу, М. І. Хвалею, Н. І. Хвалей, А. М. Хвалею, В. А. Крывель, В. П. Гіміку, М. У. Трацэнка.

Сціплыя жыхары невялікай вёскі на карце Беларусі. У іх любімыя справы, залатыя рукі, чулыя сэрцы. Няхай жа шчаслівыя будуць для ўсіх жыццёвыя дарогі, у сем’ях пануюць згода і вера ў будучыню.

Фёдар БАНДАРОВІЧ, фота аўтара

 



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *