На ўлонні

Год малой родины Нумары

160618b

«РАЗБОЙ»

Фатаграфуючы шпакоў, якія шматлікай шумнай стаяй ахапілі за суседскім плотам рослую чарэшню, густа абсыпаную ружовымі недаспелымі ягадамі, успомніў пачутыя колісь на рынку ля садоўніка, які гандляваў гадаванцамі-чарэшанькамі, словы, адрасаваныя камусьці з пакупнікоў, маўляў, можа і не ўдасца паласавацца.

Пацвердзілася. Той прамоўца, відаць, меў горкі вопыт. Два рослыя, амаль чатыры метры ў вышыню, дрэвы былі начыста абабраны за пару гадзін і з панікшым голлем, пакамечаным лісцем мелі драматычны выгляд. Не дапамагалі ні крыкі, ні ўзмахі рук. Стая нахабных птахаў узнімалася толькі на нейкую хвіліну, рабіла круг і зноў рашуча садзілася на дрэва, карпатліва падсілкоўваючы вітамінным спакуслівым кормам маладняк, які ўжо навучыўся лятаць, а вось карміцца самастойна пакуль не.

Васіль ЗЯНЬКО, фота аўтара

 

З КЛОПАТАМ – ДА МУРАШОЎ

Ціха цяпер у лесе. Замаўкаюць птушкі, для якіх наступіў штогадовы клопат – карміць сваё малое сямейства. І наўрад ці сустрэнеш наведвальнікаў з вёдрамі ды карзінамі. Суніцы, пэўна, выспелі, але такая доўжыцца сухмень, дзейнічае распараджэнне аб забароне ўезду і ўваходу насельніцтва ў лясы. Чакаем дажджу, які стане сапраўды гаючым, здыме і напружанасць з пажаранебяспечнай абстаноўкай.

Адчуваю, многія чакаюць абставін, каб прайсціся зноў па лясных сцяжынках. Акрамя прыродных знаходак, цікавяць і розныя адметныя «аб’екты ў лясным горадзе».

Вось, скажам, вялізны мурашнік, які здалёку бачны. Пасля зімы гэты «дом» з, пэўна, тысячамі насельнікаў крыху абсунуўся ў бакі, «дах» пакасіўся. Але толькі прыгрэла сонейка, як атрады працавітых мурашак дружна парамантавалі сваю «высотку». Стала яна, як і належыць, такой жа конусападобнай ці, можна сказаць, пірамідападобнай. Маўляў, вучыцеся, як будаваць!

Неяк летась, ідучы па лясной дарозе, здзівіўся: на самы верх мурашынага дома птушка завітала. Ды не проста сядзіць, а робіць нейкія «спартыўныя» практыкаванні. То крыламі махае, то спускаецца, падае з вяршыні. Не, пэўна ж не шкодзіць маленькім жыхарам, калі яны не праганяюць гэтую госцю.

Пры сустрэчы расказаў аб такой прыгодзе лесніку. Хто ж лепш ведае пра звычаі лясных жыхароў, чым той, хто падтрымлівае парадак і аберагае спакой зялёнага царства?

– Птушка? Пэўна, сойка гэта была. Я таксама назіраў падобныя візіты. Лічу, што паспяшалася крылатая вандроўніца да мурашоў, каб дапамаглі ёй пазбавіцца ад дакучлівых насякомых, што залезлі ў яе пёры. Узбуджаныя мурашкі апырскваюць птушку мураўінай кіслатой. Вось і палёгка кемлівай сойцы.

Падобныя выпадкі «ўзаемадапамогі» ў лясных насельнікаў нярэдкія. Толькі паназіраць, уважліва прыгледзецца, і адкрыюцца таямніцы «зялёнай краіны».

 

ІЗНОЎ БУДЗЕ ГАЙ ЗЕЛЯНЕЦЬ

Сёлетняя вельмі цёплая вясна паскорыла росквіт і выспяванне многіх раслін. Як ніколі, у пачатку чэрвеня гараджане сталі скардзіцца на алергічны тапаліны пух. Ды і ліпа ўжо цвіце, не чакаючы свайго каляндарнага ліпеня.

І бяроза распусціць свае кветачкі-завушніцы, каб пасля вецер панёс ва ўсе бакі малыя «мошачкі» насення. А ўвогуле ці заўважалі, што на дзялянках пасля лесанарыхтоўкі, нават дзе на падрыхтаваных барознах, зелянеюць пасаджаныя елачкі ды сасёнкі. Там-сям, апярэджваючы іх у росце, узнімаюцца бярозкі. На высечках, пасля буралому лясное месца пустым не бывае. Год-другі – і пойдуць зелянець бярозы-самасейкі.

Леснікі падтрымліваюць запланаваную сістэму аднаўлення. Толькі ведаюць яны, якія далікатныя, патрабавальныя да ўмоў надвор’я, саставу глебы тыя ж елачкі, не кажучы ўжо пра дубы. А бярозам ды соснам – вобразам вядомай усімі песні – любая зямелька даспадобы, толькі б свая, родная.

Аднак жа лесаводы дбаюць і пра біялагічную разнастайнасць. Каб не зводзіліся ў нашых лясах усялякія дрэвы. Скажам, дубы, каб яны, увасобленыя магутнай паэзіяй Коласа, гэтак жа дружнай чарадою стаялі над наднёманскай вадою.

Фёдар БАНДАРОВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *