Хто служыць сваім пацыентам

Медыцына Нумары

200618b

Шмат цёплых слоў – прызнання за прафесіяналізм і звычайную чалавечую ўдзячнасць – прагучала на мінулым тыдні ў раённым Цэнтры культуры падчас святкавання Дня медыцынскага работніка. У зале сабраліся лепшыя прадстаўнікі гэтай прафесіі, ветэраны медыцыны, якія прысвяцілі сябе лячэбнай, прафілактычнай, фармацэўтычнай справе. Праца кожнага з іх – надзвычай патрэбная і важная. Многія з нагоды прафесійнага свята былі ўзнагароджаны сваім кіраўніцтвам, а таксама абласным і раённым выканаўчымі камітэтамі.

Вітаючы калег, галоўны ўрач УАЗ «Стаўбцоўская ЦРБ» Святлана Глебка нагадала, што праца медыкаў Стаўбцоўшчыны ацэнена на самым высокім узроўні. За 2017 год калектыў цэнтральнай раённай бальніцы прызнаны пераможцам у Мінскай вобласці і, паводле вынікаў агляду-конкурсу, заняў другое месца сярод аналагічных устаноў у рэспубліцы. Гэта плён адказнай і кругласутачнай працы вялікага калектыву па выкананні асноўнай дзяржаўнай задачы – забеспячэнні здароўя нацыі і здароўя кожнага жыхара раёна. Для гэтага набыта новае медыцынскае абсталяванне, укараняюцца сучасныя метады дыягностыкі і лячэння, вядзецца работа па інфарматызацыі, укамплектаванні кадраў, уводзе жылля і замацаванні маладых спецыялістаў. Нельга не заўважаць, што разам з якаснымі пераўтварэннямі мяняецца і знешні воблік устаноў аховы здароўя. Не адстаюць ад ЦРБ і калектывы ДУ «Стаўбцоўскі цэнтр гігіены і эпідэміялогіі» (першае месца ў Мінскай вобласці), цэнтральнай раённай аптэкі № 7 РУП «Мінская фармацыя», ад імя іх выступілі галоўны дзяржаўны санітарны ўрач раёна Ігар Кунцэвіч і загадчыца аптэкі Людміла Маркоўская.

Словы ўдзячнасці за падтрымку сістэмы аховы здароўя прагучалі ў адрас раённага выканаўчага камітэта, кіраўнікоў прадпрыемстваў і арганізацый раёна. На свята яны былі запрошаны ў якасці ганаровых гасцей.

Аддаць даніну павагі прафесіяналам сваёй справы, неабыякавым да сваіх пацыентаў, прыйшоў і старшыня раённага выканаўчага камітэта Юрый Горлаў. За медыкаў у выканаўчай улады – асаблівы гонар. Крок за крокам яны ішлі да сур’ёзных дасягненняў і дабіліся іх, што, дарэчы, заўважаюць і жыхары раёна. Менавіта іх ацэнка медыцынскаму абслугоўванню – самая галоўная. Словы ўдзячнасці адрасаваны старшынёй райвыканкама граматным перспектыўным кіраўнікам, якія вядуць за сабой медыцынскія калектывы.  

Ветэран медыцыны Алена Яцэвіч узнялася на сцэну, каб нагадаць пра пераемнасць традыцый, эстафету пакаленняў, якая склалася ў раённай бальніцы. Адметна, што сярод ветэранаў-медыкаў ёсць і ветэран Вялікай Айчыннай вайны – Ганна Андрэеўна Клімаш. Кожны з ветэранаў вайны і працы раёна адчувае на сабе ўважлівыя адносіны медыкаў.

Свята медыкаў – гэта стымул не спыняцца і далей самаахвярна выконваць сваю работу, паказваць прыклад здаровага ладу жыцця.

Незабыўную святочную атмасферу стварылі вясёлыя ўдзельнікі народнага ансамбля народнай песні з горада Узда «Зборная субота». Павіншаваць медыкаў завіталі на свята і кіраўнікі арганізацый нашага раёна.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *