Бацькам канікулы не прадугледжаны

Нумары Увага - дзецям

Бадай ці не ў кожным нумары газеты, на кожным сельскім сходзе, сустрэчы ў працоўным калектыве чуюцца папярэджанні аб тым, што нельга пакідаць дзяцей адных. Грамадская трывога сапраўды небеспадстаўная.

Цана бяспечнасці, а часцей за ўсё элементарнага недагляду з боку дарослых, бывае неверагодна высокай. Пад рэальнай пагрозай – здароўе і нават жыццё маленькага чалавека, які да ўсяго цягнецца з цікаўнасцю і пры гэтым не заўсёды разумее небяспеку агню, дарогі, вады, вышыні, незнаёмай абстаноўкі і т. п. Намаляваць можна безліч стандартных сітуацый, якія для дзіцяці акажуцца надзвычайнымі. І статыстыка падмацоўвае гэтую прапісную ісціну рэальнымі і далёка не адзінкавымі фактамі.

Летнія канікулы толькі пачаліся, а ў Стоўбцах ужо траўміраваны трэцякласнік. Хлопчык катаўся на веласіпедзе па праезджай частцы вуліцы і трапіў пад аўтамабіль. Здарылася гэта, дарэчы, пасля 17 гадзін, калі, магчыма, і бацькі ўжо вярнуліся з працы. Фармальна дзіця было дома не адно, але здарылася тое, што здарылася.

Падобныя факты траўміруюць не толькі канкрэтную сям’ю, а і грамадства ў цэлым.

Што можна змяніць у гэтай сітуацыі?

Пераважная большасць бацькоў знаходзіцца на рабоце, і для іх працадавец не прадугледзеў летнія канікулы. Больш таго, сёння яны трымаюцца за работу, за сваё працоўнае месца, многія дадаткова шукаюць падпрацоўку, каб было за што карміць сям’ю. Рэдкія выпадкі, калі ў жанчыны ёсць магчымасць не выходзіць на працу пасля заканчэння дэкрэтнага адпачынку. У нас ён, як вядома, працягваецца тры гады, у той час як у многіх еўрапейскіх краінах складае адзін год. Сучасныя матулі, як і таты, імкнуцца стаць паспяховымі, зрабіць кар’еру, таму для іх пытанне сумяшчэння работы і сям’і – ці не адно з самых злабадзённых.

На пытанне: «З кім пакінуць дзіця, пад чый нагляд яго вызначыць у канікулярны час?» – кожны з бацькоў шукае свой адказ. Пашанцавала тым, у каго ёсць бабуля, своеасаблівая палачка-выручалачка. У некага знайшлася суседка ці знаёмая, згодная падстрахаваць. У некаторых сем’ях ёсць магчымасць пакінуць меншых дзяцей на старэйшых. Жадаючыя набываюць пуцёўкі для сваіх дзяцей у аздараўленчы лагер, санаторый.

Усе гэтыя варыянты прыдуманыя не намі – на іх вырасла не адно пакаленне дзяцей. Раней жа і тэлефонаў мабільных не было, а бацькоўскі кантроль, ды яшчэ які, – быў заўсёды!    

Пры рознай занятасці бацькоў і самых сучасных тэхнічных сродках сувязі важна ўсведамляць наступнае: фізічна быць побач са сваім дзіцем, не выпускаць яго з поля зроку на працягу 24-х гадзін у суткі, – наўрад ці рэальна. А калі і рэальна, то толькі да пэўнага ўзросту. Споўніцца хлопцу ці дзяўчыне 17 – і ўсё роўна прыйдзецца адпусціць яго, даць свабоду выбару прафесіі і ўласнага жыцця. Як яны яе выкарыстаюць? А гэта залежыць ад таго, ці навучылі бацькі самастойнасці.

Таму, калі выратавальнікі заклікаюць не пакідаць дзяцей адных, не трэба разумець гэты заклік толькі ў літаральным сэнсе. Быць у ролі «пастуха» для свайго дзіцяці – аднабакова і прымітыўна, недальнабачна. Нішто не заменіць выхаванне, навыкі, дамашнюю занятасць дзіцяці… Гэта такі базавы камплект бяспекі, другі інстынкт самазахавання, без якога дзіця будзе пастаянна трапляць у небяспечныя сітуацыі. Яно само будзе іх ствараць, не выходзячы з дому.

Ведаю адну сям’ю, дзе ў бацькоў і іх сямігадовага сына выпрацаваны сумесны вячэрні рытуал – прагаварыць тое, чым сын будзе займацца заўтра. Удакладняюць кожную дробязь, раскладаюць вольны час па гадзінах. У сына ёсць пастаянныя абавязкі па доме: начысціць на вячэру бульбы, пакарміць чацвераногага сябра, вынесці вядро са смеццем… Днём матуля не раз пазвоніць яму і пацікавіцца, як выконваецца «план». У ім прадугледжаны, зразумела, і выхад на вуліцу, сустрэча з сябрам, але пасля таго, як дазволіць матуля. Так прынята ў іх сям’і. Сын слухаецца бацькоў, бацькі – давяраюць сыну. Ён у іх цвёрда засвоіў, што нельга адкрываць дзверы незнаёмым.

Зразумела, ад усяго засцерагчы немагчыма. У кожнага чалавека свой лёс і свае дарогі. Нельга забываць, што на іх галоўны абярэг – матуліна малітва.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *