Думка народа. З кожным годам Стоўбцам маладзець

Нумары Соцыум

230618d

У гэтыя юбілейныя дні стаўбчане выказваюцца пра свой родны горад.

Вольга Калевіч:

– Я жыву ў Стоўбцах з 1989 года, калі прыйшла на працу ў ДБУ № 29, і вельмі рада гэтаму. Вёска Гуменаўшчына, дзе я нарадзілася, і ўся Стаўбцоўшчына – прыгожыя, а Стоўбцы – цэнтр, сэрца раёна. У мяне тут адбыліся самыя значныя падзеі: стварыла сям’ю, атрымала кватэру на вуліцы Цэнтральнай. Вырасла дачка. Яна, дарэчы, юрыст і працуе са мной у адной арганізацыі – ДРБУ № 135. У Стоўбцах з’явіліся на свет і мае ўнукі, Даніл і Кірыл. Раней у раённым Цэнтры культуры праводзіўся конкурс блізнят, і мы ў ім удзельнічалі. У парку з’явілася дзіцячая пляцоўка, і ўнукі імкнуцца туды пагуляць. У нашым горадзе адбылося шмат перамен, ён становіцца адметным. Для гэтага працуем і мы, дарожнікі. Хочацца верыць, што ў Стоўбцах працягнецца ўзвядзенне жылля для маладых сем’яў, маладых спецыялістаў, і ад гэтага наш горад будзе толькі маладзець!

Тамара Маркевіч:

– У Стоўбцах я нарадзілася, і акурат у гэтым доме па вуліцы Ленінскай, дзе жыву цяпер, раней жылі мае матуля, бабуля. Ніколі нават думкі не ўзнікала, каб з’ехаць у Мінск ці які іншы горад. Мне тут добра, вельмі падабаецца немітуслівая, спакойная абстаноўка. Разам з мужам добраўпарадкуем сваю сядзібу. Пачалі яе ўцяпляць. Устанавілі новы металічны плот. Будзем мяняць дах, вокны. Сад малады пасадзілі. Кветкі цвітуць… Тут, на бацькаўшчыне, лёгка і з ахвотай працуецца. У сям’і мы ўжо вялі размову з дзецьмі, што прадаваць дом ні ў якім разе нельга. Пакінем у спадчыну дзецям, тым больш, што нашай малодшай дачцэ Наталлі Стоўбцы падабаюцца больш за сталіцу. Прыязджае дадому кожныя выхадныя. Тут утульны куточак, усё блізка, побач. Па вечарах з суседкай ходзім на прагулку ў парк.

Юрый Ларычэў:

– Жыву ў Стоўбцах 11 гадоў, у Стаўбцоўскім раёне – 25. Калісьці пачынаў у Аталезскай школе настаўнікам матэматыкі і інфарматыкі. У Стоўбцах пабудавалі з жонкай кааператыўную кватэру. Ціхі, чысты экалагічна гарадок. Вялікая перавага, што ў нас ёсць сучасны фізкультурна-аздараўленчы комплекс, і кожны жыхар раёна можа аздараўлівацца на яго базе. Я таксама выкарыстоўваю гэтую магчымасць – займаюся футболам. Раённае аб’яднанне прафсаюзаў сумесна з раённым выканаўчым камітэтам працуе дзеля сацыяльна-эканамічнага развіцця горада і павышэння дабрабыту яго людзей. А ў дзень юбілею Стоўбцаў ФПБ мяркуе разнастаіць святочную праграму народна-патрыятычнай акцыяй «Мы – разам!» з удзелам зорак беларускай эстрады, ушаноўваннем працоўных дынастый, настаўнікаў і маладых спецыялістаў, актывістаў прафсаюзнага руху. Прапануем цікавыя сустрэчы з паэтам Міколам Маляўкам, суддзёй міжнароднай катэгорыі Алегам Чыкуном і – працоўную акцыю па пафарбоўцы плоту аднаму з ветэранаў працы нашага горада.

Аляксей Місюра:

– У Стоўбцах я 22 гады – усё сваё жыццё. Тут закончыў СШ № 2. Цяпер працую, завочна вучуся на юрыста. У свабодны час дапамагаю бацькам. Хочацца, каб і наш дом выглядаў на вуліцы дастойна, упрыгожваў горад. Абкошваем, стараемся ва ўсім падтрымліваць парадак. Садзім многа кветак. Гарадок наш невялікі, але для жыцця ёсць усё неабходнае. Падабаецца яго спакойны рытм. Маю час пагуляць з сябрамі ў футбол. Раней хадзілі ў кінатэатр на дыскатэкі. Цяпер ладзім іх самі – балазе, для гэтага ёсць прыватны забаўляльны клуб. У нас – свая кампанія і свае інтарэсы. Не думаю, што захачу змяніць месца жыхарства, ва ўсякім выпадку ў бліжэйшыя гадоў пяць. Адзінае, напэўна, што можа падштурхнуць да пераезду, – гэта адсутнасць у Стоўбцах працы па маёй спецыяльнасці. Жадаю нашаму гораду, каб у ім адкрываліся новыя вытворчасці і пашыраўся рынак працы для моладзі.

Вераніка Шпакоўская:

– Стоўбцы – гэта радзіма маёй матулі. Я жыву ў Стоўбцах апошнія 15 гадоў. З мужам пабудавалі свой дом. Цяпер мне зразумела, што я хацела жыць менавіта ў такім невялікім горадзе. Працую ў друкарні. Выйшла нядаўна з дэкрэтнага адпачынку. У нашай сям’і растуць два сыны: старэйшы закончыў першы клас, малодшы пайшоў у дзіцячы сад. Радуе, што ў Стоўбцах пачалі з’яўляцца магчымасці як для развіцця дзяцей, так і дарослых. Са старэйшым ходзім у басейн фізкультурна-аздараўленчага комплексу. Часта бываем у парку, на дзіцячай пляцоўцы. Цяпер там і фантан з’явіўся. Чаго не хапае нашаму гораду? Напэўна, няма дзе патанцаваць, адпачыць. Веласіпедных дарожак. Гарадскога грамадскага транспарту. Для зручнасці хацелася б пабольш урнаў і, зразумела, культурных адносін жыхароў да агульнай маёмасці. Нашаму гораду жадаю працвітання, стаўбчанам – дабрабыту!          

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *