Летні адпачынак

Нумары Увага - дзецям

300618e

«НЁМАН» ЗБІРАЕ СЯБРОЎ

На мінулым тыдні ў ДУА «Аздараўленчы лагер «Нёман» Стаўбцоўскага раёна» пачалася другая змена. У лагер заехала больш за 120 дзяцей. Прыкладна столькі ж аздаравілася і падчас першай змены.

– Сёлета шмат жадаючых аздаравіцца ў «Нёмане». Некаторыя дзеці выказалі жаданне застацца і на другую змену, – заўважае начальнік установы Таццяна Ажгірэвіч. – Усяго ў нашым лагеры будзе чатыры змены, апошняя закончыцца 20-га жніўня.

У першую змену дзеці не толькі аздараўліваліся, адпачывалі, а і мелі магчымасць развіваць свае здольнасці ў двух профільных лагерах – «Лідар» і «Эўрыка» (лінгвістычны), якія працавалі на базе «Нёмана». У цэлым «Нёман» чарговы раз пацвердзіў свой экалагічны напрамак, а надвор’е выдатна паспрыяла яму ў гэтым. Большасць мерапрыемстваў праходзіла і працягвае праходзіць на свежым паветры, на маляўнічым улонні, блізка да прыроды.    

Дзецям прапанавана шмат актыўных заняткаў і спартыўных конкурсаў, спаборніцтваў, у тым ліку прайшла таварыская сустрэча па футболе з рабятамі, якія адпачываюць у суседнім лагеры імя Я. М. Чайкі. Дзяўчынкі і хлопчыкі з ахвотай імкнуцца на плавальныя сеансы ў фізкультурна-аздараўленчы комплекс. У Год малой радзімы яны пабывалі з экскурсіяй у Коласавых мясцінах. Конкурс «Міс Нёман» і многія іншыя даюць цудоўную магчымасць раскрыць здольнасці дзяцей.

Асобная вялікая праграма звязана з выхаваннем у дзяцей культуры бяспечнай жыццядзейнасці. Для іх арганізаваны сустрэчы і шоу з удзелам супрацоўнікаў раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, энерганагляду і іншых службаў.    

У лагеры – пяціразовае харчаванне. «Меню вельмі багатае, вітамінізаванае. Задаволены і дзеці, і бацькі», – падкрэслівае Таццяна Ажгірэвіч. Поўнасцю ўкамплектаваны штат лагера. Адметна, што на базе «Нёмана» не першы год дзейнічаюць студэнцкія атрады. Сёлета ў іх састаў уваходзяць педагогі школ раёна, студэнты Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя М. Танка, Нясвіжскага педкаледжа. Моладзь працуе побач з вопытнымі калегамі, пераймаючы навыкі і развіваючы лепшыя традыцыі, якімі заўсёды славіўся «Нёман». І студатрадаўскі рух на Стаўбцоўшчыне пад эгідай раённага камітэта БРСМ – таксама неаддзельны ад «Нёмана», стаў яго візітнай карткай. На «нёманскай» плыні няма месца пасіўнасці, і кожнаму хочацца быць у цэнтры жыцця лагера.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

 

ДРУЖБА З «АРЛАМІ»

Ва ўстанове адукацыі «Заямнаўская СШ» завяршыў сваю працу аздараўленчы лагер дзённага знаходжання «Дружба», які наведвалі 20 вучняў 1-7 класаў. Выхаваўчыя мерапрыемствы праводзіліся ў рамках праекта «Здаровым быць здорава». Мэта праекта – фарміраванне ў навучэнцаў культуры здаровага ладу жыцця, умацаванне маральных арыенціраў і захаванне фізічнага і духоўна-псіхічнага здароўя.

Прыемна адзначыць, што ў гэтым годзе школа гасцінна прыняла пад свой дах 15 выхаванцаў ДУ «ДЮСШ Стаўбцоўскага раёна». І таму на базе школы размясціўся яшчэ адзін атрад, які меў гучную назву «Арлы». Сапраўды, гэта спартыўныя, актыўныя, задорныя і адказныя дзеці, якія не толькі адпачывалі і загартоўваліся, але і займаліся спортам і ставілі новыя рэкорды. Штодзённа яны займаліся разнастайнымі спартыўнымі гульнямі, прымалі ўдзел у віктарынах і конкурсах, тэматычных гутарках на спартыўную тэматыку.

Атрад «Арлы» сумесна з атрадам «Дружба» наведалі Мірскі замак, мемарыяльную сядзібу » Акінчыцы», пабывалі на выратавальнай станцыі. Яны сталі ўдзельнікамі прафілактычнай акцыі «Канікулы без дыму і агню», падчас якой старшы інспектар раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Таццяна Тарасевіч не толькі расказала аб правілах паводзін у летні перыяд, але і праверыла веды дзяцей. Абавязковымі для кожнага атрада былі хвілінкі здароўя і бяспекі напрыканцы дня.

Цікава прайшла паміж двума атрадамі квэст-гульня «У пошуках скарбу». Дзеці праявілі не толькі спартыўныя і тапаграфічныя навыкі, але і аналітычныя здольнасці, знаходлівасць. Завяршэнне гульні каманды адзначылі смачным абедам і салодкім падарункам.

Магчыма, тое, што на базе адной школы знаходзіліся два лагеры, надавала дзецям азарту, спартыўнага і эмацыянальнага запалу. За час знаходжання ў аздараўленчых лагерах дзеці набылі разнастайныя навыкі, пабывалі ў многіх знакавых месцах, папоўнілі свае веды шматлікімі цікавымі фактамі. Адметнай фішкай сталі штодзённыя флэшмобы на свежым паветры, якія дапамагла правесці выпускніца дзявятага класа Анастасія Курыла.

Вольга АРЛОЎСКАЯ, начальнік спартыўна-аздараўленчага лагера «Арлы»

 

АРТ-ФЭСТ

У рамках абластнога фестывалю метадычных ідэй «Крокі да майстэрства» ў Стаўбцоўскім цэнтры творчасці дзяцей і моладзі прайшоў фестываль дзіцяча-бацькоўскай творчасці «Арт-фэст», у якім прынялі ўдзел педагогі з Нясвіжскага, Дзяржынскага, Уздзенскага і Стаўбцоўскага раёнаў. Дырэктар нашага цэнтра Таццяна Дзярнейка заўважыла, што цікавасць да такіх фестываляў з кожным годам расце. У век імклівага развіцця тэхналогій утрымаць дзіцячую цікаўнасць не проста, але гэта ўдаецца мясцоваму выкладчыку гуртка «Робататэхніка» Станіславу Ягораву, які ахвотна падзяліўся з прысутнымі сваімі педагагічнымі сакрэтамі.

На фестываль былі запрошаны і бацькі, якія сталі ўдзельнікамі сумеснага з дзецьмі конкурсу малюнкаў, што арганізавала вопытны педагог Таццяна Несцярук. У сваю чаргу педагог Наталія Маслава пазнаёміла ўдзельнікаў з работамі дэкаратыўна-мастацкай творчасці навучэнцаў гурткоў «Крэатыўная лепка», «Інтэр’ерная цацка». На заключэнне выкладчыкі Юлія Вайшэвіч і Таццяна Аўгусціновіч прапанавалі паспрабаваць сябе ў вырабе ажурных паштовак і ў мастацкай кераміцы.

Вольга Страшко, намеснік дырэктара Стаўбцоўскага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *