Падольск і Стоўбцы: дружба клубамі

Нумары Соцыум

300618a

3-га ліпеня маладзёжнае грамадскае аб’яднанне «Стаўбцоўскі спартыўна-патрыятычны клуб баявых адзінаборстваў «Абаронца Айчыны» другі раз праводзіць турнір па армейскім рукапашным боі з удзелам расіян з горада Падольска. Як і ў мінулым годзе, турнір прысвечаны Дню Незалежнасці Рэспублікі Беларусь. Сёлета ён праходзіць пад знакам адметнай даты – 30-годдзя вываду савецкіх войскаў з Афганістана.

Гэта не выпадкова, таму што ля вытокаў клубнай спартыўна-патрыятычнай работы і ў Стоўбцах, і ў Падольску стаяць воіны-інтэрнацыяналісты. У Стоўбцах – Рыгор Мамайка, старшыня раённай арганізацыі ГА «Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане», настаўнік фізічнай культуры СШ № 3. У Падольску – Уладзімір Быкоўскі, які, акрамя кіраўніцтва Падольскім гарадскім аддзяленнем саюза дэсантнікаў Расіі і патрыятычным ваенна-спартыўным клубам «Факел», што дзейнічае пры саюзе дэсантнікаў, з’яўляецца членам Грамадскай палаты Падольска.

– Свой высокі аўтарытэт Уладзімір Быкоўскі заваяваў вялікай увагай да дзяцей, – падкрэслівае Рыгор Мамайка. – Варта сказаць, што клуб «Факел» працуе з 2001 года, налічвае каля 400 выхаванцаў, мае ў штаце трэнераў-прафесіяналаў, некалькі спартыўных залаў… На рахунку Уладзіміра Быкоўскага – арганізацыя многіх турніраў па армейскім рукапашным боі і рукапашным боі, у тым ліку са статусам міжрэгіянальных, дастойнае выступленне на іх выхаванцаў клуба. Клуб выходзіў лаўрэатам усерасійскага конкурсу «Делай, как я!» сярод чатырох соцень аналагічных клубаў і цэнтраў.

У 2017 годзе на свой трынаццаты турнір па армейскім рукапашным боі падольцы ўпершыню запрасілі і стаўбчан. Нашы рабяты, нягледзячы на новы для сябе від адзінаборстваў (да гэтага яны займаліся толькі рукапашным боем) выступілі дастойна. Іх вельмі цёпла прымалі Уладзімір Быкоўскі і ўсе члены клуба «Факел». Завязалася не толькі спартыўнае саперніцтва, але і дружба.

У мінулым годзе, і таксама ў Дзень Незалежнасці, стаўбчане ўжо прымалі ў сябе падольцаў. У зале фізкультурна-аздараўленчага комплексу паспяхова прайшоў турнір, паралельна была наладжана для гасцей цікавая культурная праграма.

А бягучы 2018 год працягнуў сустрэчы. Сёлета ў пачатку лютага, напярэдадні Дня памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў, члены клуба «Абаронца Айчыны» другі раз з’ездзілі ў Падольск на турнір па армейскім рукапашным боі.

Акрамя членаў клубаў са Стоўбцаў і Падольска ў спаборніцтвах бралі ўдзел каманды з Масквы і розных абласцей Расіі. Узнагароды аспрэчвалі каля 200 спартсменаў ва ўзроставых катэгорыях 12-13 гадоў, 14-15 гадоў і 16-15 гадоў. «Не засталіся без медалёў і прадстаўнікі Беларусі. Іван Мілоў заняў першае месца ва ўзросце 12-13 гадоў у вазе 50 кг. Павел Грыгаровіч стаў трэцім у вазе 80 кг ва ўзроставай групе 16-17 гадоў. Валянцін Бугроў выйшаў у фінал, але саступіў мацнейшаму», – пісала пра вынікі турніру газета «Падольский рабочий».        

Клуб «Абаронца Айчыны» значна меншы за клуб «Факел» (у ім займаюцца 50 выхаванцаў), аднак іх яднае тое, што выхаванцы ў будучым выбіраюць шлях абаронцаў сваёй краіны. Становяцца ваеннымі, папаўняюць праваахоўныя і іншыя сілавыя структуры.

Расказваючы пра выхаванцаў клуба, Рыгор Мамайка з гонарам гаворыць пра сёлетніх выпускніка СШ № 3 Паўла Грыгаровіча і выпускніцу абласнога кадэцкага вучылішча Антаніну Бойка, якія паступаюць у Акадэмію міліцыі, вучня сёмага класа Дзмітрыя Хілу, які спрабуе свае сілы для паступлення ў ліцэй пры Міністэрстве ўнутраных спраў. На даны момант Мікіта Талстуха нясе службу ў воінскай часці 3214 і прэтэндуе на атрыманне «крапавага» берэта. У Дзень Незалежнасці Мікіта будзе сярод удзельнікаў галоўнага марш-параду краіны.

Нядаўна на базе СШ № 3 завяршыліся вучэбна-палявыя зборы па дапрызыўнай падрыхтоўцы, дзе вывучаліся тактычныя, агнявыя, страявыя дысцыпліны, ваенна-прыкладныя віды спорту. Паводле іх вынікаў восем навучэнцаў прадстаўлены да ўзнагароджання граматамі райваенкамата. Вызначыліся Павел Ягадзінскі, Уладзімір Лаўрыновіч, Дзмітрый Ярашэвіч, Данііл Войценка, Захар Сарока, Ягор Бражнік, Уладзіслаў Мінееў, Максім Садоўскі, Кірыл Аліферавец, Анатоль Клінцоў, Віктар Вагуліс.  

Члены клуба «Абаронца Айчыны» любяць свой клуб і выказваюць удзячнасць раённаму выканаўчаму камітэту і яго старшыні Юрыю Горлаву, воінам-інтэрнацыяналістам раёна, камандзіру 25 Арсенала Аляксандру Голеву, раённаму ваеннаму камісару Аляксею Дзядкову, начальніку райаддзела міліцыі Івану Мамайку за падтрымку і дапамогу ў арганізацыі турніраў па армейскім рукапашным боі ў Стоўбцах.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *