Хто нарадзіўся ў Дзень Незалежнасці

Дэмаграфія Мае родныя Стоўбцы Нумары

49-b

Рэспубліканскае грамадскае аб’яднанне «Белая Русь» кожны год праводзіць святочную акцыю » З любоўю да дзяцей»: ва ўсіх радзільных дамах нашай краіны віншуе жанчын, якія нарадзілі ў Дзень Незалежнасці і ў бліжэйшыя да яго святочныя дні.

Гэтая традыцыя добра прыжылася і ў нашым раёне. Старшыня раённай арганізацыі РГА «Белая Русь», намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Святлана Жыбуль сумесна з аддзелам ЗАГСа райвыканкама арганізавалі цырымонію віншавання жанчын з уручэннем падарункаў у радзільным аддзяленні цэнтральнай раённай бальніцы.

У гэтыя святочныя дні ў Стоўбцах нарадзіліся пяць дзетак. Што адметна, сярод іх няма першынцаў, гэта другія ці нават трэція дзеці ў сем’ях. У сям’і Швагерус з Вялікага Двара – вадзіцеля камерцыйнай арганізацыі Аляксандра Эдуардавіча і намесніка брыгадзіра МТФ ААТ «Вялікі Двор» Наталлі Сяргееўны – нарадзіўся другі сынок. Яму ўжо бацькі далі імя – Яўгеній. Начальнік аддзела ЗАГСа райвыканкама Надзея Картузава здзейсніла ўрачыстую цырымонію рэгістрацыі нараджэння. Яшчэ два пасведчанні нованароджаных былі ўручаны ў час гэтай святочнай акцыі. Аператар станкоў ТАА «Нёман Інвестмент» Віталій Леанардавіч і сакратар-касір ТАА «Слаўкамбуд» Ірына Уладзіміраўна Ліпніцкія далі свайму сыну імя дзеда – Леанард. У іх сям’і гэта другое дзіця. Цікава, што і першае дзіця, дзяўчынка, і сынок нарадзіліся ў гэтыя святочныя дні, і Ірына Уладзіміраўна ўжо ў другі раз атрымалівае падарунак з гэтай нагоды ад «Белай Русі».

У сям’і Казлоўскіх са Стоўбцаў вялікая радасць – нарадзілася трэцяе дзіця. Дзяніс Міхайлавіч, вадзіцель ТАА «ДБТ № 7» і Вольга Сяргееўна назвалі сваю дзяўчынку Софія.

У працаўнікоў ТАА «БорЛеспПрома» Сяргея і Наталлі Леганьковых таксама радасная падзея – у іх першыя два сыны, а цяпер нарадзілася дачушка.

У Махатых Наталлі Ігараўны і Радзіона Алегавіча, працаўніка кампаніі «Галерея вкуса», нарадзіўся хлопчык, другое дзіця ў сям’і.

У святочнай цырымоніі віншавання жанчын прынялі ўдзел акушэр-гінеколаг Наталля Яхнавец і будучы ўрач, студэнт Мінскага дзяржаўнага ўніверсітэта – Вадзім Філановіч. Наталля Васільеўна з радасцю адзначыла, што дзеткі нарадзіліся здаровыя, жанчыны таксама добра сябе адчуваюць. Мы гэта таксама заўважаем па іх шчаслівых тварах. Няхай іх дзеткі растуць здаровымі і Богам беражонымі!

Святлана ЖЫБУЛЬ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *