Прымаць правільныя рашэнні

Нумары Сельская гаспадарка Соцыум

Старшыні пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі ААТ «Рочавічы» Жанне Навіцкай уручана Ганаровая грамата Мінскага абкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу. Узнагароду яна атрымала за добрасумленныя адносіны да даручанай справы і актыўны ўдзел у грамадскім жыцці гаспадаркі.

Жанна Антонаўна ўзначальвае прафсаюзную пярвічку больш за пяць гадоў і выдатна спраўляецца са сваімі абавязкамі.

– Прафсаюзы ў сельгасарганізацыях выконваюць вялікую ролю, – адзначае Жанна Антонаўна. – Ажыццяўляецца кантроль за рэжымам працы і адпачынку, аховай працы, вядзецца кантроль за аплатай працы, прытрымліваннем наймальнікамі працоўнага заканадаўства і своечасовым забеспячэннем сацыяльных ільгот і гарантый, прадугледжаных калектыўным дагаворам, праводзяцца культурна-масавыя мерапрыемствы. У нашай гаспадарцы працуюць больш за 130 чалавек і ўсе яны з’яўляюцца членамі прафсаюза. Працаўнікам, наколькі даваляюць фінансавыя магчымасці, стараемся стварыць камфортныя ўмовы для працы. Прафсаюзны камітэт імкнецца рабіць усё для таго, каб работнікаў таварыства аб’ядноўвала не толькі прафесійная дзейнасць, а і вольны час. Каб у калектыве дапамагалі адзін аднаму вырашаць праблемы, прымаць правільныя рашэнні. Адным словам, каб мы радаваліся разам і ніколі не засмучаліся.

Ахове працы, як аднаму з накірункаў работы прафсаюза, надаецца ў гаспадарцы вялікая ўвага. Чалавек прыходзіць на работу здаровым і дадому таксама павінен вярнуцца такім жа. Акрамя інжынера па ахове працы ў нас ёсць грамадскі інспектар, якому ўстаноўлена даплата за ажыццяўленне кантролю за прытрымліваннем заканадаўства па ахове працы. Работнікі гаспадаркі праходзяць папярэднія і перыядычныя медыцынскія агляды, штогод закупляюцца медыцынскія аптэчкі. Па меры магчымасці працаўнікі забяспечваюцца спецадзеннем.

– А якая праводзіцца культурна-масавая работа?

– На гэтыя мэты наймальнік пералічвае грашовыя сродкі ў памеры 0,3 працэнта ад фонду аплаты працы. З-за складанага фінансавага становішча яны хоць і пералічваюцца не заўсёды рэгулярна, але ў поўным аб’ёме. Гэта дае магчымасць арганізоўваць экскурсіі, летась пабывалі ў пазнавальнай паездцы па маршруце Мір – Нясвіж. Сёлета наведалі мемарыяльны комплекс «Брэсцкая крэпасць». Прымаем актыўны ўдзел у масавых мерапрыемствах, якія арганізуюцца райкамам прафсаюзаў: у зімовых і летніх спартакіядах, злётах маладых спецыялістаў, «Лепшы па прафесіі», «Стрэлы Амура», у конкурсе прыгажосці сярод прадстаўніц прадпрыемстваў аграпрамысловага комплексу, на якім наша прыгажуня летась атрымала карону каралевы . Заўсёды ад работнікаў атрымліваем станоўчыя водгукі і словы ўдзячнасці за праводзімую работу.

Цесна супрацоўнічае прафсаюзны камітэт з кіраўніцтвам Рочавіцкай сярэдняй школы. У рамках акцыі «Прафсаюзы-дзецям» бацькам школьнікаў аказваецца матэрыяльная дапамога для падрыхтоўкі дзяцей да новага навучальнага году. Са сродкаў таварыства прэміруюцца выпускнікі школы, вучні, якія аказваюць дапамогу гаспадарцы падчас уборачнай кампаніі. Адноўлена традыцыя прэміравання лепшых вучняў па выніках вучобы за чвэрць. Выдзяляюцца сродкі для паляпшэння матэрыяльна-тэхнічнай базы школы.

Для вырашэння шэрагу важных пытанняў кантактуем з Літвенскім сельвыканкамам. Сумесна са спецыялістамі сельвыканкама выязджаем у няблаганадзейныя сем’і. Прысутнічаем на пасяджэннях грамадскага пункта правапарадку. Кантралюем абавязных асоб, якія павінны пакрываць расходы на ўтрыманне сваіх непаўналетніх дзяцей.

– Ці папаўняецца гаспадарка кадрамі маладых спецыялістаў? Якія ім створаны ўмовы для работы, як арганізаваны іх вольны час?

– Літаральна кожны год прыязджаюць да нас на работу маладыя спецыялісты, але ненадоўга. Практычна ўсе адпрацоўваюць належны тэрмін і з’язджаюць. Адна з прычын – невысокая заработная плата. Каб затрымаць моладзь, ствараем ім умовы для работы і адпачынку. Праведзены рамонт у інтэрнаце, дзе яны пражываюць: у пакоях устаноўлены вокны ПВХ, пераклеены шпалеры, пафарбавана падлога, пакладзены лінолеум, плітка ў ваннай. Большасць будаўнічых работ выкананы сіламі саміх маладых спецыялістаў. Моладзь наша згуртаваная, дружная. Разам бавяць вольны час. Але, на жаль, некаторыя плануюць пасля заканчэння тэрміну адпрацоўкі таксама звольніцца. Толькі жыццё не стаіць месцы, і мы спадзяёмся на лепшае будучае. На тое, што і вытворчыя справы ў нашым таварыстве будуць папраўляцца і ямчэйшымі стануць заробкі. У нашай маленькай швейцарыі, як мы называем сваю гаспадарку, жывуць працалюбівыя людзі, якія не страчваюць аптымізму і пачуццё гумару.

Гутарыла Надзея БАТАЛКА



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *