«Хачу змяніць прозвішча»

На сувязі - рэдакцыя Нумары

«Мне не падабаецца маё прозвішча, але, пры звароце ў загс аб яго перамене, мне было адмоўлена. На якой падставе?»А. Кулак

Тлумачэнні па гэтаму пытанню мы папрасілі даць начальніка аддзела ЗАГС райвыканкама Надзею КАРТУЗАВУ:

– Заявіцелю можа быць дадзена адмова ў перамене прозвішча, калі яго довады расцэнены як неабгрунтаваныя. У 2017 годзе ў аддзеле ЗАГС райвыканкама было зарэгістравана 19 пераменаў прозвішча, уласнага імя, імя па бацьку, за шэсць месяцаў 2018 года — дзевяць. Згодна з п. 72 Палажэння аб парадку рэгістрацыі актаў грамадзянскага стану і выдачы дакументаў і (або) даведак органамі, якія рэгіструюць акты грамадзянскага стану (зацверджана пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 14 снежня 2005 года № 1454) дазвол аб перамене прозвішча, уласнага імя, імя па бацьку можа быць дадзены толькі ў тых выпадках, калі для гэтага ёсць уважлівыя прычыны (немілагучнасць прозвішча, уласнага імя, імя па бацьку або цяжкасць іх вымаўлення; жаданне насіць агульнае з мужам або жонкай прозвішча ці вярнуць сваё дашлюбнае прозвішча, калі аб гэтым не было заяўлена пры скасаванні шлюбу; жаданне насіць прозвішча айчыма (мачыхі), які выхаваў заявіцеля, або імя па бацьку па імені айчыма, калі ўсынаўленне не можа быць аформлена; жаданне насіць прозвішча, уласнае імя, імя па бацьку, якія адпавядаюць выбранай нацыянальнасці; жаданне вярнуць дашлюбнае прозвішча пасля смерці мужа (жонкі) і т. п.

Заява аб рэгістрацыі перамены прозвішча, уласнага імя, імя па бацьку павінна быць разгледжана органамі загса ў тэрмін, які не перавышае аднаго месяца з дня падачы заявы, за выключэннем выпадка, калі для разгляду заявы неабходна атрымаць звесткі і дакументы ад кампетэнтных органаў іншых дзяржаў.

Пасля таго, як грамадзянінам пададзена заява, парадак адміністрацыйнай працэдуры выглядае так. Аддзел ЗАГСа збірае ўсе неабходныя дакументы, складае матэрыял аб перамене прозвішча, уласнага імя, імя па бацьку і накіроўвае яго для праверкі ў орган унутраных спраў па месцы жыхарства заявіцеля. Праверцы падлягаюць такія факты, як знаходжанне чалавека пад следствам, наяўнасць кампраметуючых матэрыялаў у адносінах да яго, судзімасці і т.п. Пасля атрымання заключэння органа ўнутраных спраў ЗАГС выносіць сваё заключэнне аб магчымасці перамены прозвішча, уласнага імя, імя па бацьку. Гэта заключэнне разам з сабраным матэрыялам накіроўваецца ў галоўнае ўпраўленне юстыцыі аблвыканкама, які дае дазвол на перамену прозвішча, ўласнага імя, імя па бацьку або адмаўляе ў ім.  

Пры атрыманні станоўчага заключэння аддзел ЗАГС ажыццяўляе рэгістрацыю перамены прозвішча, уласнага імя, імя па бацьку. Згодна з артыкулам 224 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб шлюбе і сям’і на падставе запісу акта аб перамене прозвішча, уласнага імя, імя па бацьку ўносяцца неабходныя змяненні ў запісы адпаведных актаў грамадзянскага стану ў адносінах да заявіцеля і яго дзяцей і выдаюцца новыя пасведчанні.

Нагадаю, што заяву аб рэгістрацыі перамены прозвішча, уласнага імя, імя па бацьку могуць падаць грамадзяне Рэспублікі Беларусь, якія дасягнулі 16-гадовага ўзросту, у органы, якія рэгіструюць акты грамадзянскага стану, па месцы свайго жыхарства.



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *