Каму гушкацца на арэлях

Добраўпарадкаванне Мае родныя Стоўбцы Нумары

Да 425-гадовага юбілею Стоўбцаў камунальнікі падвялі вынікі конкурсу на званне «Лепшы двор».

Вынікі конкурсу падводзіліся камісійна, і сярод лепшых названы двары дамоў № 11 па вуліцы Цэнтральнай і № 16 па вуліцы Цітова, дзе ініцыятывай і стараннямі саміх жыльцоў створаны арыгінальныя кветнікі і ландшафтныя кампазіцыі, тэрыторыя аздоблена вырабамі са спадручных матэрыялаў і прыдуманымі ўласнай фантазіяй малымі архітэктурнымі формамі. Гэтыя двары стаўбцоўскіх шматпавярховак выглядаюць сапраўды нестандартна, па-дамашняму прыгожа і ўтульна. «Падобныя на іх хацелася б бачыць паўсюдна ў жылым мікрараёне Стоўбцаў», – адзначае намеснік дырэктара Стаўбцоўскага АКС па жыллёвай гаспадарцы Галіна Гараднік.

У якасці ўзнагароды аб’яднанне камунальных службаў устанавіла жыхарам дома № 11 па вуліцы Цэнтральнай дзіцячыя арэлі (згодна з іх жаданнем), жыльцам дома № 16 па вуліцы Цітова ўручаны салодкі падарунак – двух’ярусны торт, аздоблены надпісам-пасвячэннем у гонар юбілею нашага горада. Падчас агульнага чаяпіцця яны яшчэ больш аб’яднаюцца і знойдуць новыя ідэі для непаўторнага аздаблення свайго двара.

У абодвух названых дамах нельга не назваць актывістаў, своеасаблівых рухавікоў гэтай справы: А. А. Змачынскую, Н. М. Арлову, В. Ч. Шумчык, Л. Я. Цеўшчакаву, В. Э. Дзенісенка. Вылучаецца і адзін з пад’ездаў дома № 3-а па вуліцы Цэнтральнай, дзе сочыць за парадкам і аздабленнем тэрыторыі Я. Т. Майзята. Энтузіясты жывуць і ў дамах № 7 па вуліцы Энгельса, № 23 па вуліцы Свярдлова. Дзякуй гэтым і іншым неабыякавым стаўбчанам, якія ўносяць пасільны ўклад у развіццё свайго горада.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *