Кветкі – «баявым сяброўкам»

Дзякуй, салдат! Навіна дня Нумары

image_pdfimage_print

На Стаўбцоўшчыне прайшла ўрачыстая акцыя – «Мы вас віншуем, баявыя сяброўкі!»

Акцыя-ўшанаванне жанчын-ветэранаў вайны працягнула сабою цыкл мерапрыемстваў, прысвечаных адметнай даце, якую мы сёлета будзем адзначаць, – 70-годдзю вызвалення Беларусі. Разам з аддзелам ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама да яе далучыліся раённая арганізацыя грамадскага аб’яднання «Белая Русь», раённая ветэранская арганізацыя.

Сярод «баявых сябровак», у дамы  якіх завітаў напярэдадні 8 Сакавіка святочны «дэсант», – Любоў Давыдаўна Ткачова, Тамара Ігнацьеўна Булах, Праскоўя Васільеўна Маісеева, Ганна Канстанцінаўна Піліева, Ганна Андрэеўна Клімаш, Лідзія Фёдараўна Цвірко, Зінаіда Сяргееўна Бондар, Валянціна Міхайлаўна Зубкова. Жанчынам –  памятныя сувеніры, кветкі, якія ўручыў па-мужчынску прыгожа дырэктар Стаўбцоўскай школы мастацтваў Дзмітрый Слесарчык. Для кожнай з іх музычны падарунак зрабіў дуэт Сяргея і Фадзея Крамко.

– Усе жанчыны ва ўзросце – ім ужо 80 і больш, але – малайцы, за жыццё трымаюцца, сустракаюць гасцей з усмешкай, – падзялілася ўражаннямі ад святочнай акцыі галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Настасся Віслаўская.– Потым былі на іх вачах і слёзы радасці. А Ганна Канстанцінаўна Піліева, якая жыве ў сваім доме адна,  нават станцавала нам у такт песні…

Вось такія нашы стаўбцоўскія «баявыя сяброўкі» – прыгажуні, інтэлігенткі, гаспадыні. Дай Бог ім здароўя на доўгія гады!

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

НА ЗДЫМКУ: віншаванне ветэрана вайны Ганны Піліевай.

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *