На рапсавых палетках шчыруе моладзь

Нумары Сельская гаспадарка Ураджай

51-а

У гаспадарках раёна выспеў азімы рапс, і работнікі раслінаводчай галіны прыступілі да ўборкі гэтай тэхнічнай культуры. У ААТ «Вялікі Двор» на дзень наведвання на рапсавым полі за Новай Вёскай працавалі два камбайны. Да абмалоту масланасення тут прыступілі ў мінулы аўторак і штодзень убіраюць рапс на плошчы каля 40 гектараў.

– На даным полі ў нас песеяны два гібрыды нямецкай фірмы «Рапуль» – ранняспелы «рохан» і сярэдняпозні «інспірацыон», – расказвае намеснік дырэктара па раслінаводстве Генадзій Бязушка. – Гэта адзін з нюансаў тэхналогіі вырошчвання данай культуры, якой мы прытрымліваемся – пакуль убіраем ранні гібрыд, то позні акурат даспявае. Даны ўчастак пацярпеў больш за іншыя, таму атрымліваем тут з кожнага гектара па 27 цэнтнераў масланасення. А ўвогуле пасевы рапсу неблагія, хоць спачатку і былі праблемы, бо з зімоўкі расліны выйшлі аслабленымі. Аднак кропка росту захавалася. Вельмі многае залежыць менавіта ад насення.

Шчыруе на рапсавых палетках моладзь – экіпаж камбайнераў у складзе Аляксандра Тарабэша і Міхаіла Лагаева, якія працуюць на айчынным «КЗС-1218», на «Лексіоне-560» рупіцца камбайнер Юрый Кірыкеш. На адвозцы ўраджаю заняты вадзіцель Ігар Магільніцкі, у распараджэнні якога вялікагрузны «МАЗ». У пары з ім завіхаецца на «ГАЗ-53» Аляксандр Еўтух. На дапрацоўку масланасенне дастаўляецца на збожжасушыльны комплекс «КЗС-30», дзе аператарамі працуюць Ігар Бранцаў, Сяргей Афанасьеў і Ігар Мядзведзь.

Варта адзначыць, што пасевы рапсу папярэдне належным чынам падрыхтавалі да абмалоту.

– Як пайшлі дажджы, то прыйшлося апрацаваць рапс, падсушыць яго гліфасатамі, – дадае Генадзій Генадзьевіч. – Даны аграпрыём вельмі важны і абавязковы для таго, каб якасна правесці ўборку. З-за засушлівага надвор’я недабяром запланаваны ўраджай. Шкада, бо ўнеслі пад патрэбнасць мінеральныя ўгнаенні, апрацавалі айчыннымі інсектыцыдамі ад шкоднікаў, абаранілі ад хвароб і разлічвалі атрымаць звыш 40 цэнтнераў масланасення на круг.

Азімы рапс займае ў гаспадарцы плошчу 150 гектараў. Пры спрыяльным надвор’і справіцца з яго ўборкай разлічваюць у аптымальныя тэрміны, за пяць дзён.

На чарзе – збожжавыя культуры. Сёлета яны размясціліся ў таварыстве на 1150 гектарах. На ўборцы будуць задзейнічаны сем збожжаўборачных камбайнаў. Усе машыны належным чынам падрыхтаваны да жніва.

– На вялікі жаль ураджайнасць збожжавых будзе на 30 працэнтаў ніжэйшая за мінулагоднюю, – гаворыць Генадзь Бязушка. – Аднак калектыў настроены аптымістычна, увесь вырашчаны ўраджай абмалоцім спаўна.

Для занятых на жніве арганізавана гарачае харчаванне. Як і ў мінулыя гады, хлебаробы сілкуюцца ў мясцовай сталовай.

Надзея БАТАЛКА

На здымках: (уверсе злева направа) эпіпаж камбайнераў у складзе Аляксандра Тарабэша і Міхаіла Лагаева, намеснік дырэктара па раслінаводстве Генадзій Бязушка; вадзіцель Ігар Магільніцкі.

Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *